Заява Вячаслава

Праваабаронца Вячаслаў Сіўчык, якога міліцыянты не здолелі затрымаць, калі ён выпісваўся са шпіталю, распаўсюдзіў заяву, у якой абвяргае хлусьню дзяржаўных СМІ пра намётавае мястэчка. Падаем тэкст гэтага звароту цалкам.

"Кадры, паказаныя ўсімі дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармаціі, дзе на месцы наметавага лягеру на плошчы Кастуся Каліноўскага у Менску быццам бы знойдзены шпрыцы й бутэлькі з-пад гарэлкі — ёсьць звычайная хлусня рэжыму Лукашэнкі. У намётавам мястэчку сабраліся надзвычай самаарганізаваныя сумленныя людзі, якія самі цудоўна разумелі ступень маральнай адказнасці перад грамадзтвам, таму з гонарам і вельмі годна праводзілі акцыю грамадзянскага супраціва. У намётавым мястэчку быў жорсткі “сухі закон”.

Ніякіх спісаў удзельнікаў акцыі на тэрыторыі намётавага мястэчка не складалась. Больш за тое, існавала вусная дамова аб забароне перапісу прозвішчаў, каб не рабіць працу спецслужбаў рэжыму прасцей.

Таму уселякія “спісы”, акрамя спісаў затрыманых й рэпрэсаваных, якія рабілісь адпаведнымі праваабарончымі арганізацыямі, так сама ёсьць хлусня і дэзінфармацыя.

Выказываю салідарнасць з усімі затрыманымі і пацярпелымі, як пад час прэзідэнцкіх “выбараў”, так і пад час акцыі супраць фальсіфікацый 19-28 сакавіка г.г. й персанальна з кандыдатамі на прэзідэнта Александрам Казуліным і Аляксандрам Мілінкевічам. Маю спадзеў на адзінства ўсіх антылукашысцкіх сілаў.

Перакананы, што ў беззаконні ў краіне, фальсіфікацыях й сярэднявечна-жорсткіх рэпрэсіях супраць грамадзян Беларусі павінны ня толькі дзеячы лукашэнкаўскай хунты, але й вышэйшае кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі, якое сістэмна падтрымлівае апошняю дыктатуру ў Эўропе.

Звяртаюся да міжнароднай дэмакратычнай супольнасьці з заклікам зрабіць адпаведную ацэнку апошнім крокам да фашызму у цэнтры Эуропы й, у сувязі з гэтым, далейшага сяброўства Расейскай Федэрацыі ў G8.

30.03.2006 Менск

P.S. Гэта заява мела быць агалошана адразу пасля майго выхаду з шпіталя. Гэта не адбылося “дзякуючы” невядомым людзям у цывільным, якія адмовіліся назваць свае прозвішча і паказаць асабістыя дакументы, але спрабавалі мяне захапіць.

Вялікі дзякуй журналістам, што гэта не адбылося!

З павагай, Вячаслаў Сіўчык".

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)