«Заява, што Беларусь дэ-юрэ не з’яўляецца сувэрэннай дзяржавай – тое, што прымусіць Пуціна адкаркаваць шампанскае»

Сяргей Навумчык пакрытыкаваў апазіцыйных палітыкаў.

– У выказваньнях некаторых апазыцыйных лідэраў пачалі гучаць прапановы, якія, на маю думку, выклікаюць вялікія сумневы, – піша Навумчык. – Я маю на ўвазе словы пра тое, што трэба ня толькі заяўляць пра акупацыю, але і канстатаваць ліквідацыю Беларусі як незалежнай дзяржавы.

Прызнаць, што Рэспубліка Беларусь, незалежнасьць якой была абвешчаная 25 жніўня 1991 году, цяпер ужо як незалежная, сувэрэнная краіна не існуе. Адпаведна, у будучым новую Беларусь трэба будзе будаваць ад самага пачатку — аж з дэкляраваньня незалежнасьць найвышэйшым прадстаўнічым органам (парлямэнтам), прыняцьця Канстытуцыі, корпусу новых законаў і гэтак далей.

Так, Павал Латушка, сярод іншага, прапанаваў прыняць рашэньне «аб пазбаўленьні марыянэткавага ўраду Лукашэнкі міжнародна-прававой суб’ектнасьці і аб прыпыненьні ўдзелу Беларусі ў міжнародных арганізацыях (ААН, МВФ і інш.) — да спыненьня акупацыі і дэмакратычнага фармаваньня новага ўраду».

Уявіце, што прапанова прыпыніць сяброўства Беларусі ў ААН ажыцьцявілася.

І ўявіце вынік: Беларусь ня будзе сябрам ААН, а вось Расейская Фэдэрацыя (тая самая, якая акупавала Беларусь), будзе заставацца ў ААН, і мала таго, заставацца сябрам Рады бясьпекі ААН (няма мэханізму, які б мог яе гэтага пазбавіць).

Ну ці не абсурд?

Прыгадваецца 1996 год, калі пасьля таго, як у Менску былі падаўленыя масавыя выступы і зьявіліся першыя палітвязьні, у Радзе Эўропы вырашылі, што Беларусі пакуль ня месца ў супольнасьці цывілізаваных эўрапейскіх народаў. І ў той жа час у склад Рады Эўропы прынялі Расейскую Фэдэрацыю, чыя армія ў Чачні якраз у тыя дні рабіла роўна тое, што ў 2022-м паўторыць ва Ўкраіне; колькасьць ахвяраў сярод мірных жыхароў у першую чачэнскую вайну вагаецца 30 да 120 тысяч.

Такое рашэньне дэмакратызацыі Беларусі не паспрыяла, затое Маскве разьвязала рукі: у Крамлі вырашылі, што ім дазволена ўсё.

Тое, што прыдаецца і Канстытуцыю мяняць, і новыя законы прымаць — бясспрэчна (хаця асабіста мне падаецца найбольш аптымальным варыянтам вяртаньня Канстытуцыі-94, скасаваньня вынікаў «рэфэрэндумаў» ад 1995 па 2022 — як першага кроку на шляху аднаўленьня законнасьці).

Але заява апазыцыйнымі палітыкамі, што Беларусь страціла незалежнасьць, што яна дэ-юрэ не з’яўляецца сувэрэннай дзяржавай (аж да скасаваньня членства ў ААН) — гэта тое, што прымусіць Пуціна адкаркаваць шампанскае (калі лекары дазволяць).

Крамлю застанецца толькі зрабіць некаторыя юрыдычныя маніпуляцыі, ну а прапагандысцкая машына на ўсе сто адсоткаў адпрацуе сьцьвярджэньне, што, у адрозьненьні ад украінскіх нацыяналістаў, нацыяналісты беларускія прызналі ўсю памылковасьць утварэньня незалежнай беларускай дзяржавы і нават ініцыявалі яе выключэньне з ААН (куды БССР, як і Ўкраінская ССР, былі ўключаныя паводле настойлівай просьбы Сталіна). Слова «акупацыя», будзьце пэўныя, не прагучыць.

Справа ня ня толькі ў тым, што ўсё гэта перакрэсьлівае намаганьні пакаленьняў лепшых дачок і сыноў беларускага народа, якія марылі пра сваю незалежную дзяржаву, высілкі тых, хто ў канцы 1980-пачатіку 1990-х яе дамогся, тых, хто ў наступныя трыццаць гадоў адстойваў і адстойвае яе і на плошчах, і ў турмах.

Гісторыя вучыць, што незалежнасьць лёгка страціць, але аднавіць яе вельмі і вельмі цяжка.

Такі ўрок дае нам і наша ўласная, беларуская гісторыя.