БНР
Анастасія Зелянкова

Заяўнікам акцыі паабяцалі, што 25 сакавіка ўсе яны будуць на Акрэсціна

Заяўнікам акцыі з нагоды святкавання Дня Волі не дазволі сабрацца ў азначаным месцы, адправіўшы іх па традыцыі на Бангалор. Да таго ж у Мінгарвыканкаме папярэдзілі, што ў выпадку непадпарадкавання арганізатары мерапрыемства акажуцца ў спецразмеркавальніку на Акрэсціна.

Як расказаў “Салідарнасці” лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, у Мінгарвыканкаме прапанавалі наступны маршрут: сабрацца на Акакдэміі Навук і праследаваць да плошчы Бангалор, дзе і правесці мерапрыемства.

— Гэта нас цалкам не задавальняе, — адзначыў Анатоль Лябедзька. — Тое, што нам прапанавалі, не адпавядае нашым планам. Мы збіраліся наведаць помнікі і мясціны, выльмі важныя для нашай гісторыі. І мы не адступімся ад сваёй першапачатковай задумы.

Лідэр АГП таксама паведаміў, што чыноўнікі Мінгарвыканкама прыгразілі арганізатарам адпаведнымі мерамі ў выніку непадпарадкавання.

— Намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Найдзенка сказаў дакладна наступнае: “Я вам обещаю, нет, я вам гарантирую, что все вы будете на Окрестина”. Лічу гэта сапраўднай правакацыяй. У сувязі з гэтым мы адразу ж у Мінгарвыканкаме заявілі, што адгэтуль з 14.40 не з’яўляемся заяўнікамі дадзенага мерапрыемства. Відавочна, улады спрабуюць сапсаваць нам настрой на свята. Але адчування свята нас не пазбавяць нават на Акрэсціна.

Плануецца, што ўдзельнікі святкавання 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі сабяруцца 25 сакавіка а 18-й гадзіне на плошчы Якуба Коласа, каб адтуль прайсці па вуліцах горада (у тым ліку і па праспекце Незалежнасці), ускладаючы кветкі да помнікаў і будынкаў, звязаных з гісторыяй БНР.