«Захаваньне РФ у «пуцінскім» варыянце азначае для беларусаў яшчэ большы маштаб зьнішчэньня ідэнтычнасьці, новых палітвязьняў»

Публіцыст, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Cяргей Навумчык – пра трывожны знак з ЗША.

– На дэбатах кандыдатаў у віцэ-прэзыдэнты ЗША Ўкраіну не ўзгадалі. Зусім, – піша Навумчык. – Канешне, амэрыканскія выбары — гэта, найперш, пра ўнутраныя праблемы. Вядома, віцэ-прэзыдэнт не вызначае міжнародную палітыку ЗША.

І ўсё ж, тое, што пра Ўкраіну не было ні слова — трывожны знак.

Знак, які можна расцаніць як індыкатар істотнага дрэйфу амэрыканскіх палітыкаў (прычым абедзьвюх партый) у бок пачатку мірных перамоваў паміж Кіевам і Масквой — у час, калі Расея знаходзіцца ў значна больш выйгрышнай тактычнай пазыцыі.

Сяргей Навумчык

Стратэгічна, магчыма, і не (Расея адстане на дзесяцігодзьдзі), але ў сэнсе становішча на фронце, мілітарызацыі вытворчасьці (больш як 40% бюджэту заплянавана на вайну), невычэрпнага людзкога рэсурсу (Пуцін кладзе мужыкоў на фронце дзясяткамі тысяч, а можа мільёнамі — і народ змаўчыць, «бабы новых нарожают»), попыту на расейскія энэрганосьбіты — па ўсім гэтым Крэмль у выйгрышным становішчы.

Плюс зьнешні фактар: падтрымка Кітаю і абвастрэньне канфліктаў у іншых кропках планеты.

Усё магло б быць інакш, калі б у 2022 Захад закрыў ва Ўкраіне неба, а ў 2024 дазволіў біць ракетамі ўглыб расейскай тэрыторыі. Але гэтага не было і няма.

А ёсьць пачатак «прымусу Ўкраіны да міру», а значыць, Расея паразу ў вайне не пацерпіць.

Мне горка гэта пісаць, я хацеў бы яе поўнага разгрому і, як вынік, яе распаду, вызваленьня народаў, якія цяпер у складзе «фэдэрацыі» — але трэба цьвяроза глядзець на рэчы.

Што азначае захаваньне Расеі ў «пуцінскім» варыянце для беларусаў? Яшчэ мацнейшы ціск імпэрыі, яшчэ большы маштаб зьнішчэньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, новых палітвязьняў і новых эмігрантаў.

Што да Лукашэнкі, то ён ізноў апынаецца ў стыхіі, у якой адчувае сябе як драпежная рыба ў мутнай вадзе: у працэсе геапалітычнпга гандлію паміж Масквой і Захадам (а рэальна – Вашынгтонам), можна сьцібрыць нешта і для сябе.

У такой сытуацыі галоўнай тэмай, якая будзе найбольш хваляваць Лукашэнку, робіцца тэма мэдыцыны. Не для народа, зразумела — для сябе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(47)