Лідэр «Маладога фронту»: «Завялі ў душ і пачалі зьбіваць палкай. Маёр назіраў»
Лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч расказаў Радыё Свабода пра «новыя ўмовы для палітычных» у ізалятары Жодзіна.
Дзяніс Урбановіч, фота: Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода
— Перад ахоўнікамі стаяў нейкі начальнік і літаральна роў на іх: «Колькі вас вучыць? Сказана — «стварыць умовы» — вось і дзейнічайце». Ну, і пачалося.
Гэтак лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч апісвае, як пачаліся для яго «новыя ўмовы» ў жодзінскім ізалятары, дзе ён адбываў 15-суткавы арышт.
Паводле Ўрбановіча, у СІЗА Жодзіна, дзе ён апынуўся не ўпершыню, умовы ўтрыманьня пагоршыліся. Асабліва дрэнна пачалі абыходзіцца з палітычнымі вязьнямі пасьля 1 красавіка.
Як стаць зоркай інтэрнэту
— Уварваліся ў камэру, усіх паставілі тварамі да ложкаў — такі цяпер на Жодзіна парадак. Потым пачалі выводзіць па адным у калідор. Першым С. вывелі, вярнуўся праз 10 хвілін пабіты. Потым мяне. Завялі ў душ. Стаіць ахоўнік з палкай, такі пухленькі, лагодны, нават добры на твар.
А ззаду ў дзьвярах маёр застаўся. Раптам ахоўнік пачынае біць палкай: па сьпіне, па ягадзіцах. Пытаўся потым, ці не баяцца апынуцца ў «чорным сьпісе»? У сьпісе тых, хто зьбівае, зьдзекуецца, каму потым прыйдзецца адказваць? Адзін пасьміхаецца: «А што такога? Буду зоркай інтэрнэту.
Зьбіваньне палітычных вязьняў-мужчын, паводле Дзяніса Ўрбановіча, ахоўнікі ў жодзінскім ізалятары тлумачаць «выхаваўчымі мэтамі».
Актывіст адзначае, што ня чуў, каб такія ж мэтады распаўсюджваліся на вязьняў-жанчын. А як білі мужчын, паводле яго, рэгулярна было чуваць у калідоры падчас праверак.
— Як з камэры выводзяць, дык чуваць удары, штуршкі, крыкі, мат. Б’юць палкамі, нагамі, рукамі. Мацюкаюцца. Асабліва лютуе вядомы «Міша-балаклава», пра яго шмат ужо пісалі, а яму ўсё роўна. Ён адзіны ходзіць у чорнай масцы да вачэй, рэгулярна распускае рукі. Правакуе вязьняў: «Вы ў тэлеграмах такія сьмелыя, а давайце на мяне, выходзьце», — крычыць. Проста неадэкват, я дык і не размаўляў зь ім, — згадвае Дзяніс.
Урбановіч пералічыў найбольш жорсткія зьмены ва ўмовах, якія былі ўведзеныя з 25 сакавіка па 1 красавіка.
Праз тры дні адабралі матрацы. У камэры на 10 месцаў нас было 15 чалавек, спалі па чарзе. Удзень нават не дазвалялі сядзець на ложках. Альбо на лаўцы, дзе можа сесьці толькі 6 чалавек, альбо хадзі па камэры ўвесь дзень.
Забралі ўсе кнігі, сканворды, сшыткі, асадкі, шашкі. Нават забралі ў хлопца дзёньнік, які той пачаў пісаць у камэры. Больш за тое: прачыталі ды сталі зьдзекавацца. Усім дасталася.
Па начах па некалькі разоў робяць пераклічку. Нармальна адпачываць было немагчыма. Яркае сьвятло не выключаюць і на ноч. На заўвагі адказвалі: «Дык вы ж добра жывяце. А будзе яшчэ лепш.
Забралі ўсе прадукты, якія раней перадалі нам зь перадачамі.
Цяпер звышпільна правяраюць рэчы тых, хто выходзіць на волю. За знойдзеную запіску, калі хто перадае на волю, вязьня зьбіваюць і затрымліваюць на дадатковы час.
«Яўна праслухоўвалі мой тэлефон»
Дзяніса Ўрбановіча затрымалі 21 сакавіка. Актывіст мяркуе, што трапіў пад прафіляктычны «хапун» напярэдадні Дня Волі.
— Яўна праслухоўвалі мой тэлефон. Дамовіўся пра сустрэчу зь сябрам, выйшаў на вуліцу, і там узялі. Адвялі ў бус. Я нават не ўпіраўся. Потым чуў па рацыі размову пра мяне і брата. Што аднаго ўзялі, цяпер працуйце з другім.
Урбановіча адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, і там каля варотаў ён убачыў зь дзясятак амапаўцаў з аўтаматамі. «Пытаюся, хіба вайна пачалася? Маўчаць», — згадвае пра затрыманьне актывіст.
Разам зь Ігарам Барысавым перажыў атаку «хлёркай»
Суд над Урбановічам адбыўся праз два дні. Да таго яму давялося пасядзець на Акрэсьціна ў двухмеснай камэры, у якую набілі 10 чалавек.
Сярод іх быў і старшыня партыі БСДП Ігар Барысаў, які па выхадзе на волю расказаў, як камэру залівалі вадой з хлёркай. Дзяніс Урбановіч гэта пацьвердзіў.
— Заходзіць ахоўнік і вылівае на падлогу вядро з вадой, у якую ўсыпаная хлёрка. Хлёркі столькі, што доўга дыхаць немагчыма. Нехта можа і апёкі атрымаць. Тлумачаць, што гэта патрэбна для дэзынфэкцыі ад каранавірусу. Там такі ахоўнік ёсьць, Вікенцьевіч, я яго ведаю. Кажу яму: «Дык дайце анучу, каб падлогу выцерці». Адказвае: «Здымі штаны і выцірай».
Суд над Урбановічам праходзіў праз скайп, хапіла некалькіх хвілін, каб прызнаць яго вінаватым у непадпарадкаваньні. Паводле пратаколу, ён нібыта садзіўся на зямлю, хапаўся за вопратку міліцыянтаў.
Актывіст прапаноўваў прагледзець відэа ягонага затрыманьня, на якім бачна, што супраціву не было. Дзяніс дакладна ведаў, што запіс вёўся. Але судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Вольга Няборская праглядаць відэа адмовілася і прысудзіла 15 сутак арышту.
«За тое, што выйшаў з дому», — падводзіць вынік Дзяніс Урбановіч. Ён плянуе абскардзіць прысуд.
Адкуль варожае стаўленьне да палітычных?
Дзяніс Урбановіч адзначае даволі варожае стаўленьне да палітычных вязьняў з боку ахоўнікаў ізалятара ў Жодзіне, чаго раней не заўважаў.
— Тыя, з кім размаўляў, чамусьці перакананыя, што пратэстоўцы плянуюць прадаць радзіму ды пачаць вайну. Пытаўся, адкуль такая думка? Пра сябе казаў, што наадварот, я за мірнае вырашэньне праблем ва ўласнай краіне. Але ахоўнікі цьвердзяць сваё, а фактаў не прыводзяць. Іх яўна накручваюць на такія думкі, неяк заводзяць іхныя начальнікі, — мяркуе Дзяніс Урбановіч.
Таксама актывіст зрабіў выснову, што цяпер адным з галоўных матываў для шараговых ахоўнікаў стала магчымасьць выслужыцца, атрымаць адзнаку за ініцыятыву.
— Некаторыя ахоўнікі самі, не на загад, здымаюць вязьняў на мабільнікі. Ведаю, што ім забаронена праносіць на працу мабільныя тэлефоны, але шмат хто праносіць і робіць фота. Заўважалі, што часьцей здымаюць вязьняў, хто нечым вызначыўся, ня першы раз сядзіць, прынцыповы. Потым з гэтымі фота, відаць, нешта робяць. Бо чулі размовы ахоўнікаў, што мараць, каб іх узялі ў АМАП, — расказаў Дзяніс Урбановіч.
За што сядзелі сукамэрнікі і як зь імі абыходзіліся?
Паводле Дзяніса Ўрбановіча, у камэры жодзінскага ізалятара, дзе ён адбыў каля 13 дзён, зь ім сядзелі ў асноўным студэнты і маладзёны, якіх затрымалі на Дзень Волі. Каго непадалёк ад плошчы Бангалор, каго ў іншым месцы. Быў толькі адзін актывіст, каго арыштавалі не ўпершыню.
Хлопца шмат разоў білі. У яго прозьвішча падобнае да «Ціханоўскага», а для ахоўнікаў гэта як чырвоная ануча для быкоў. То даставалася.
Яшчэ быў Аляксей, сярод нас адзіны, хто не палітычны. Неяк падчас «шмону» яму вырвалі пасму валасоў.
Малады мужчына зь менскага заводу, яго ўзялі з улёткамі. Казаў, на заводзе настрой такі, што вось-вось цярпеньне ў людзей закончыцца.
Яшчэ быў сярод нас хлопец — сябра БРСМ. У яго былі квіткі ад БРСМ на футбол. Ён ішоў зь дзяўчынай і ў раёне Бангалор трапіў пад хапун. Як пачаў казаць амапаўцам, што ён з БРСМ, дык не паверылі і надзелі на яго кайданкі.
Дзівіўся, канечне, усяму, што пабачыў. Казаў, раней быў па-за палітыкай. Але ня надта гаваркі. Можа, задумаецца? — кажа Дзяніс Урбановіч.
Асобна Дзяніс згадаў пра маладую дзяўчыну, якую судзілі амаль у адзін зь ім час на Акрэсьціна. Дзяўчыне далі ажно 45 сутак арышту за тое, што закідвала бел-чырвона-белыя стужачкі на дрэвы. Дзяніс згадаў, што яна была маленькая ростам, у параўнаньні зь міліцыянтамі, якія яе вадзілі па калідоры ізалятара, выглядала «зусім дзіцем, і ў вачах стаялі сьлёзы».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное