Политика

Завэрбаваны КДБ У.Міхайлаў напярэдадні Дня Волі выступіў на БТ

22 сакавіка Агенцтва тэлевізійных навінаў Беларускага тэлебачаньня паказала інтэрвію з Уладзіславам Міхайлавым, адным з удзельнікаў праграмы Кастуся Каліноўскага.

У інтэрвію БТ Міхайлаў распавёў пра жахлівыя ўмовы, у якіх нібыта жывуць студэнты, якія паехалі ў Польшчу па праграме Каліноўскага пасьля адлічэньня з ВНУ за ўдзел у леташніх сакавіцкіх пратэстах. Паводле Міхайлава, студэнты вымушаныя адпрацоўваць свае стыпэндыі ўдзелам у «антыбеларускіх акцыях» у Польшчы.

Міхайлаў таксама ўзгадаў і былога амбасадара Польшчы Марыўша Машкевіча.

“Мариуш Машкевич сказал, что из-за меня уже вся Варшава стоит на ногах и если я вернусь на Беларусь, то мне придется лечиться”, — адзначыў ён у інтэрв’ю БТ.

Нагадаем, што пры канцы студзеня ў інтэрвію Радыё Свабода Уладзіслаў Міхайлаў прызнаўся ў тым, што яго завэрбаваў КДБ. Ён распавёў пра тое, на каго ад яго патрабавалі даносіць.

Прапануем вашай увазе інтэрвію Уладзіслава Міхайлава Радыё Свабода.

Карэспандэнт: Гісторыя вярбоўкі Уладзіслава Міхайлава, сябра АГП, цяпер 20-ці гадовага студэнта Варшаўскай політэхнічнай акадэміі, а раней у Беларусі — Гомельскага ўнівэрсытэту, даволі даўгая. Яго, агента “Вэктар” (вэктар — бо ў школе быў добрым матэматыкам, браў удзел ў агульнанацыянальных алімпіядах), “вялі” па чарзе трое супрацоўнікаў КДБ.

Міхайлаў: “Апошні, які мяне “вёў”, гэта Сяргей Волкаў з Гомеля, яны ўсе гомельскія былі. Перад ім быў Аляксандар, ня ведаю прозьвішча — гэта было б нахабствам пытаць у яго прозьвішча. А першы быў Аляксей — ён, як мне падалося, быў крыху псыхічна хворы і мяне давёў да такога ж стану. Калі ён вэрбаваў мяне, у яго мімаволі дрыгаліся ногі, рукі, жахлівыя пагрозы выкрыкваў. Я яго вельмі баяўся, насамрэч. Гэта быў хворы чалавек. Потым даведаўся, што ён ужо не працуе. Зрабілі зомбі з чалавека, ён сам гэта разумее і паволі вар’яцее”.

Уладзіславу Міхайлаву пагражалі выключэньнем з унівэрсытэту, звальненьнем з працы бацькоў, крымінальнай справай, але ці нельга было ўсё ж сказаць “не”?

Міхайлаў: “Мяне папярэдзілі, што іх не падманеш. Сказалі — ты напішы на аркушы паперы, па якіх накірунках вядзецца “падрыўная дзейнасьць”, хто кіруе, якія фонды ведаеш і гэтак далей. Напішы і прынясі на наступную сустрэчу — а калі ўжо пайшоў на такое супрацоўніцтва, дарогі назад няма, складана”.

"Пераважна іх цікавіла дзейнасьць АГП"

А якія яшчэ былі заданьні?

Міхайлаў: “Заданьні? Заданьняў ніякіх не было, акрамя выпадку калі прыехала нейкая амэрыканская місія — хацелі ведаць, зь кім і пра што гаварылі. Пераважна іх цікавіла дзейнасьць АГП — хто і што на сходах гаворыць, асабліва, хто супраць выступае, хто за. Я ня мог усяго запомніць ды і не цікава гэта мне было. Усім цікавіліся. Нават маім асабістым жыцьцём, зразумела, цікавіліся, як я там, што”.

Ці плацілі за гэта грошы?

Міхайлаў: “Па сутнасьці я шмат грошай выдаваў на размовы зь імі па мабільным тэлефоне. Ну можа ня вельмі шмат, але ўсё ж выдаваў. Дык яны запрапанавалі грошы на самым пачатку. Я адмовіўся, а потым некалькі разоў давалі ў якасьці аплаты за тэлефон. Па 20 тысячаў рублёў як бы за аплату размоваў, але гэта крыху болей было. Пазьней больш прапаноўвалі, перад маім ад’ездам у Польшчу. Яны ведалі, што мяне пазбавілі стыпэндыі ізноў, бо ціснулі на мяне з двух бакоў — у дэканаце і ў КДБ. Калі даведаўся пра праграму Каліноўскага, дык вырашыў уцякаць. Ня думаў, выходзіць з КДБ ці не, проста хацеў уцячы куды-небудзь. Было часам вельмі непрыемна, калі трэба было распавядаць ім пра сходы, называць прозьвішчы. Часам я спрабаваў супакоіць сябе, апраўдаць. Маўляў, сапраўды, ёсьць жа умяшаньне замежных спэцслужбаў у беларускую палітыку”.

Супрацоўнікі КДБ цікавіліся і журналістамі беларускай службы Радыё Свабода.

Міхайлаў: “Як пазьней стала вядома, я “засьвяціўся” на акцыі 9 траўня, бо даў там інтэрвію журналісту радыё “Свабода” у Гомелі. Тады ў КДБ мяне пыталіся, якія маю зь ім сувязі. Мне сказалі, што калі ты даеш інтэрвію журналісту “Свабоды”, гэта значыць, што ты агент амэрыканскіх спэцслужбаў, не завэрбаваны, але несьвядомы, так бы мовіць. Увогуле, любую інфармацыю можна павярнуць па-рознаму, падаць, каб было выгодна сабе. Праўды нідзе няма”.

"Я, канешне, зламаўся маральна"

Уладзіславу Міхайлаву перад выездам у Польшчу далі заданьне зьбіраць інфармацыю пра студэнтаў-каліноўцаў, у тым ліку пра сына Аляксандра Мілінкевіча, увайсьці ў кантакт з Паўлам Казанэцкім з Усходнеэўрапейскага дэмакратычнага цэнтру. Міхайлаў, аднак, прыняў рашэньне не рабіць гэтага і спыніць супрацоўніцтва з КДБ. Чаму?

Міхайлаў: "Чаму прыняў такое рашэньне? Перадусім таму, што я не хацеў псаваць лёс іншым людзям. Хопіць, што мой лёс так павярнуўся, а іншых падстаўляць не хачу. У Гомелі ў мяне была магчымасьць прывесьці яшчэ людзей у апазыцыю, але я баяўся, што іх таксама завярбуюць. Не хацеў рабіць падарункаў КДБшнікам. Я, канешне, зламаўся маральна. Я быў толькі прадуктам нейкім, вось і ўсё. Няма сыстэмы абароны ад гэтага ўсяго. Нажаль, праўда такая, што я шмат рабіў для апазыцыі, грошай ніякіх за гэта не атрымліваў, можа капейкі нейкія. А чым далей, тым больш заганяў сябе ў тупік. Вось і ўсё, што яшчэ казаць...”

А як да інфармацыі аб вярбоўцы паставіліся блізкія, сябры. Ці яны ведалі пра гэта?

Міхайлаў: “Для мяне было складана зразумець, чаму я ім патрэбны, што я такога ведаю, што яны хочуць нават крымінальную справу распачаць. Я спачатку сказаў “не”, бо сумняваўся, што супраць мяне могуць пачаць крымінальную справу, але потым зразумеў, што ў нашай краіне ўсё магчыма. Сябры... Я амаль усю ноч пасьля гэтага ня спаў, думаў што рабіць. Я разумеў, што мяне даб’юць. Можа сустрэчаў з супрацоўнікамі КДБ больш ня будзе, але даб’юць маральна. Калі прыйшоў ва ўнівэрсытэт, сказаў свайму сябру. Але як ён можа мне дапамагчы? Ніхто не дапаможа, усе баяцца. Калі нехта падтрымае мяне, дык і яго запішуць разам са мной, яму дрэнна зраблю. Калі шчыра, то я ні аб чым не шкадую”.

Перад выездам у Польшчу супрацоўнікі КДБ папярэдзілі Уладзіслава Міхайлава аб тым, што яго там паспрабуюць завэрбаваць польскія ці амэрыканскія спэцслужбы. Такіх спробаў, паводле спадара Міхайлава, не было. У польскай прэсе з’явіліся меркаваньні, што прызнаньне беларускага студэнта ў супрацоўніцтве з КДБ можа мець на мэце адцягнуць увагу ад іншых, больш важных і каштоўных агентаў, якія працуюць сярод студэнтаў праграмы Каліноўскага. Што пра гэта думе сам Уладзіслаў Міхайлаў?

Міхайлаў: "Думаю, што чалавек, які так сказаў, канешне прафэсіянал, але для яго не зразумелае маё рашэньне. Можа гэты шум і адцягне ад некага ўвагу, але гэта ня значыць, што я надалей з’яўляюся агентам КДБ. Вось і ўсё, што я магу сказаць”.

Пасьля таго, як у мэдыях пачалі з’яўляцца матар’ялы тым, што Ўладзіслаў Міхайлаў супрацоўнічаў з КДБ, а потым адмовіўся ад гэтага, ці выходзілі на яго супрацоўнікі КДБ, пагражалі?

Міхайлаў: "Я не хачу пра гэта гаварыць. Скажу толькі, што магчыма былі такія спробы, але ў мяне няма дакладных доказаў. Лепш пра гэта ўвогуле не гаварыць. Пакуль. Бо сытуацыя такая, што...”

Зьявілася інфармацыя аб тым, што Уладзіслава Міхайлава цяпер апякаюць польскія спэцслужбы. Ці гэта так?

Міхайлаў: “Кантактаў з польскімі спэцслужбамі ў мяне не было, але ў такой сытуацыі, асабліва ў першыя дні гэтага скандалу, была пагроза майму жыцьцю, была пагроза правакацыяў. Нават каліноўцы пачалі зьбіраць нейкія групы, спрабавалі мяне знайсьці. Я чакаў такой рэакцыі, але ня ведаю, ці гэта было выклікана іхнымі ўласнымі перакананьнямі, ці нечым іншым. Я іх не абвінавачваю ні ў чым. Мне ўсё роўна. Былі і людзі, якія падтрымалі мяне, даволі шмат такіх, якія спачатку не зразумелі майго ўчынку, але потым сказалі: хутчэй за ўсё правільна ты зрабіў. Я думаю, што шмат хто з тых, хто больш за ўсіх крычаць, ніколі ня мелі кантакту з КДБ Беларусі”.

А што з блізкімі, якія засталіся ў Беларусі? Ці ім пагражалі?

Міхайлаў: “Усё нармальна. Я выходзіў зь імі на кантакт. Папярэдзіў, што магчымыя правакацыі. Усё спакойна пакуль. На маю думку, перасьлед маіх бацькоў яшчэ большы шум зрабіў бы, а гэта не на карысьць КДБ. Я хачу спакою цяпер перадусім. Я сышоў з гэтай арганізацыі і гэта самае галоўнае”.

"Называць мяне агэнтам, па-мойму, несур'ёзна"

Пасьля інтэрвію для тэлебачаньня, Уладзіслава Міхайлава пазнаюць, што, паводле ягоных словаў, “непрыемна і робіць яго нэрвовым”. Міхайлаў, аднак, спадзяецца, што ўсё гэта з часам забудзецца і ён зможа спакойна жыць далей — як гэта здарылася ў Польшчы з тымі, хто пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму прызнаўся ў супрацоўніцтве са спэцслужбамі.

Міхайлаў: “Канешне, на мне будзе вісець этыкетка “былы агент КДБ”. Хаця называць мяне агентам, па-мойму, не сур’ёзна. Я быў хутчэй інфарматарам. Агент для мяне гэта больш сур’ёзны чалавек, чым я (сьмяецца)”.

А ці ёсьць такія “сапраўдныя” агенты сярод студэнтаў праграмы Каліноўскага?

Міхайлаў: “Не магу адказаць на гэтае пытаньне, ці ёсьць агенты, але інфарматары напэўна ёсьць — гэта відавочна”.

Крок Уладзіслава Міхайлава практычна закрыў яму шлях у Беларусь. Што ён думае пра гэта?

Міхайлаў: "Што я думаю? Думаю, жыцьцё не канчаецца на гэтым. Цяжка, канешне. Я ўжо зрабіў сам сабе шмат непрыемнасьцяў, зрабіў адзін раз вялікую памылку з пайшоў на супрацоўніцтва, лепш бы адразу выгналі з унівэрсытэту. Спакойна стаўлюся да ўсяго — Польшча ёсьць, Украіна, Расея, хаця Расея гэта ўжо так бы мовіць “варожы элемэнт”.

Некаторыя ўдзельнікі інтэрнэт-форумаў выказваюць меркаваньне, што Уладзіслаў Міхайлаў зрабіў такі крок дзеля таго, каб застацца ў Польшчы пасьля сканчэньня навучаньня...

Міхайлаў: "У мяне падвойны камэнтар. Па-першае, калі б я так хацеў застацца ў Польшчы, дык і так бы гэта зрабіў, змог бы атрымаць від на жыхарства. Гуляць у такія гульні з КДБ дзеля таго, каб атрымаць тут нейкі статус, гэта несур’ёзна. Па-другое, мяне гэта не зьдзіўляе, бо мысьленьне людзей у гэтак званым “рынкавым сацыялізьме” менавіта такое: кожны думае, што іншы робіць нешта абавязкова для грошай, нейкай карысьці ўласнай. Людзі не разумеюць, што ёсьць і маральныя глыбокія пытаньні, клопат пра будучыню. Калісьці архівы КДБ будуць адкрытыя і тады мне было б вельмі сорамна глядзець у вочы людзям, якіх я ўсё гэтыя гады падманваў... Ніякага прытулку я прасіць не зьбіраюся. Я студэнт, хачу спакойна вучыцца, можа рабіць нешта ў будучыні, але пакуль гэта мяне не цікавіць”.

Што Уладзіслаў Міхайлаў параіў бы тым актывістам апазыцыі, якіх будуць спрабаваць завэрбаваць беларускія спэцслужбы?

Міхайлаў: “Першае — гэта паспрабаваць як мага гучней пра гэта расказаць праз мэдыі. Як паказвае досьвед мой і іншых, трэба быць гатовым ісьці да канца. Магчыма, што ад чалавека адчэпяцца, калі ён скажа “не”. Але ў выпадку, калі чалавек і надалей будзе весьці актыўную дзейнасьць, як атрымалася са мной... Мой дэкан нават ператварыўся ў агента КДБ. Ад імя гэтай службы ён праводзіў размовы са мной у дэканаце. Што параіць? Не баяцца перадусім і загадзя вырашыць, наколькі далёка вы гатовыя пайсьці. Гэта цяжка, канешне, але факт ёсьць факт”.

Напрыканцы нашай размовы, Уладзіслаў Міхайлаў прызнаўся, што меў дылему — супрацоўнічаць са спэцслужбамі ці не, бо спэцслужбы мае кожная краіна і гэта можа быць абавязкам — дапамагчы ім.

Міхайлаў: “Безумоўна, кожная краіна мае ўласныя спэцслужбы, яны супрацьстаяць паміж сабой. І тут цяжкі выбар для кожнага чалавека, супрацоўнічаць, ці не. Ёсьць жа і пачуцьцё патрыятызму, ёсьць Радзіма. Але ці можна супрацоўнічаць са спэцслужбамі дыктатарскай краіны, якая ніяк не шануе правы асобы. Я для сябе зрабіў выснову, што нельга”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)