Общество
Марына Загорская

Заўтра Беларусь развітаецца з Янкам Брылём

Класік беларускай літаратуры Янка Брыль не змог перанесці цяжкай аперацыі, якую яму зрабілі каля двух месяцаў таму. “Усё сведчыла пра тое, што гэты волат ідзе на папраўку”, — гавораць тыя, хто наведваў Янку Брыля у бальніцы і ў санаторыі “Аксакаўшчына”, дзе пісьменнік знаходзіўся на рэабілітацыі. Сёння Брыль памёр. “Заўтра ён цэлы дзень будзе дома”, — сказала карэспандэнту “Салідарнасці” дачка народнага пісьменніка Наталля.

Развітанне з Янкам Брылём адбудзецца заўтра па абедзе ў цеснай кватэрцы па адрасе: праспект Машэрава, 78, кв.40 (былая вуліца Дразда). Ён сам не пажадаў, каб у апошні шлях яго выпраўлялі з казённага Дома літаратара, на які пісьменнікі больш не маюць права.

— У завяшчанні нам, дзецям, ён выказаў такое пажаданне. Яшчэ папрасіў, каб пахавалі на могілках у Калодзішчах побач з жонкай, — гаворыць дачка Наталля.

Апошнія гады жыцця Янка Брыль імкнуўся трымацца па-за публічным жыццём. “Але ўсе падзеі грамадскага і палітычнага жыцця Беларусі ён ясна і цалкам адназначна ўсведамляў, — гаворыць паэт Міхась Скобла, які два месяцы таму запісаў на Радыё Свабода апошнюю перадачу з пісьменнікам. — 4 жніўня Янку Брылю споўнілася б 89 гадоў. І ён не толькі заставаўся пры светлай памяці і ясным розуме — ён жыў творчасцю. Падчас перадачы якраз чытаў свае новыя творы. А тыдзень таму я атрымаў ад Янкі Брыля ў падарунак новую кнігу “Парастак”. У ёй — светлыя і лірычныя мініяцюры.

Пяру Брыля належаць такія класічныя творы, як «Ніжнія Байдуны», «Золак, убачаны здалёк», «Жменя сонечных промняў» ды іншыя.

— Янка Брыль жыў у слове, жыў словам і тонка адчуваў слова. Гэта абсалютна самабытная літаратурная асоба, адукаваны, шчыры і глыбокі чалавек, — лічыць народны паэт Генадзь Бураўкін. — Апошнім часам ён быў не надта актыўным у грамадскім жыцці — гады былі сур’ёзныя і здароўе падарванае, але тое, што Брыль жыў на гэтай зямлі вымушала азірацца на яго.

Янку Брыля — чалавека, які ўвасабляў у сабе ўсю беларускую літаратуру і беларускую культуру, пахаваюць у чацвер. Новыя пакаленні пазнаёмяцца з вялікім пісьменнікам ужо толькі праз ягоныя творы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)