Политика

Затрыманым у Дзень салідарнасці актывістам даюць ад 10 да 15 сутак

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска праходзяць суды над затрыманымі ў Дзень салідарнасьці 16 студзеня. Моладзевым актывістам даюць ад 10 да 15 сутак.

Як паведамляе ”Радыё Свабода”, Франака Вячорку, Касю Краснову і Касю Галіцкую суд прыгаварыў да 15 сутак, Максім Вянярскі і Антон Каліноўскі асуджаны на 10 сутак. Сваіх прыгавораў яшчэ чакаюць Юрась Станкевіч, Уладзімір Сяргееў. Людміла Атакулава, Павел Кур’яновіч і Вольга Кулякевіч.

Іх прыйшлі падтрымаць палітыкі, грамадскія дзеячы і сябры моладзевых арганізацый. За судом назіраюць праваабаронцы, прадстаўнікі АБСЭ і амбасады ЗША ў Беларусі

Сведкамі па справах выступаюць выключна супрацоўнікі міліцыі. У справе Франака Вячоркі суддзя адмовіла ў хадайніцтве адвакату заслухаць у якасці сведкі старшыню Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага, які спецыяльна прыехаў для гэтага.

Удзень у будынку суда адбыўся інцыдэнт з удзелам намесніка кіраўніка аддзелу грамадскай бяспекі РУУС Цэнтральнага раёна і фотакарэспандэнткі “Нашай Нівы” Юлі Дарашкевіч. Ахоўнік правапарадку спрабаваў выштурхнуць дзяўчыну з будынку суда. Момант, калі ён наступіў ёй на нагу і штурхнуў у плечы, зняў на камеру мабільнага тэлефону адзін з хлопцаў, за што і быў схоплены міліцыянтамі. Аднак малады чалавек паспеў перадаць свой тэлефон паплечнікам. Юлія Дарашкевіч заявіла, што накіруе скаргу на дзеянні міліцыянтаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)