Общество

Затрыманы гісторык і выкладчык курсаў «Мова Нанова» Андрэй Колас

27 верасня да яго прыйшлі сямёра сілавікоў са шчытамі і зброяй. Фармальная нагода для візіту — праверка паляўнічай зброі.

Пра гэта Еўрарадыё паведамілі яго сябры. Хлопца затрымалі і пасля суда пасадзілі на 10 сутак.

— Прынялі ў РУУС, дзе ўжо была загатоўка — бяскрыўдны кліп, які Андрэй размясціў у сваіх сацсетках у 2018 годзе з маленькімі лагатыпам сайта, які прызналі экстрэмісцкім у 2021-м! — абураюцца сябры гісторыка.

Суразмоўнікі Еўрарадыё кажуць, што ў Ваўкавыску Андрэя Коласа ведаюць як «чалавека, які выпусціў з педкаледжа сотні юных патрыётаў». Ён выкладаў ім гісторыю і культуру Беларусі на роднай мове. Таксама гісторык шмат гадоў прапрацаваў дырэктарам турыстычнай кампаніі, якая стварыла музей беларускай шляхты.

— Ціск на выкладчыкаў курсаў «Мова Нанова» працягваецца. Многія з каманды былі вымушаныя выехаць за мяжу. Тыя, што засталіся ў Беларусі, пакуль не працуюць. Дзень настаўніка, які сёлета адзначаецца 3 кастрычніка, наш выдатны педагог і сябар сустрэне за кратамі. Мы вельмі чакаем яго на волі, — каментуюць сітуацыю калегі Андрэя Коласа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(15)