Заслужаны артыст Беларусі: «Стаўленьне лекараў да каранавірусных было вельмі грэблівае»

Генадзь Забара, які перахварэў на цяжкую пнэўманію і COVID-19, пабачыў і лекараў-супэрпрафэсіяналаў, і мэдыкаў, якія ставяцца да каранавірусных грэбліва, піша Радыё Свабода.

На яго думку, шмат людзей заражаюцца каранавірусам менавіта ў шпіталях: у адну палату кладуць і інфікаваных, і пацыентаў зь іншымі дыягназамі.

Заслужаны артыст Беларусі, клярнэтыст Генадзь Забара паўтара месяца правёў у шпіталях — спачатку трапіў у кардыялёгію 2-й лякарні і там падхапіў каранавірус. Потым лячыўся ў 6-й лякарні — ад двухбаковай пнэўманіі і COVID-19. Днямі Генадзя Іванавіча выпісалі. На ўсялякі выпадак пакуль ён ізаляваўся ад сям’і — паехаў на лецішча і працягвае «карантыніць з сабачкам».

«У прыёмным пакоі мяне афармлялі шэсьць гадзін»

На пачатку красавіка Генадзь Забара зьвярнуўся ў паліклініку да тэрапэўта з сардэчнымі праблемамі: арытміяй, задышкай, вельмі нізкім гемаглябінам. Там яго абсьледавалі і ўжо ня выпусьцілі — адразу накіравалі ў аддзяленьне кардыялёгіі 2-й лякарні.

— Прыёмны пакой 2-й лякарні — гэта асобная гісторыя. Мяне афармлялі цягам 6 гадзін. Усе бегаюць, мітусяцца: «Як? Вам яшчэ не зрабілі аналізы?» А абсьледаваньні быў стандартныя: кардыяграма, аналіз крыві і кампутарная тамаграфія. Гэтыя 6 гадзін мне давялося знаходзіцца ў атачэньні бамжоў, алькаголікаў, ну і нармальныя людзі былі, — прыгадвае залужаны артыст.

Паклалі яго ў кардыялёгію. Спачатку аднаго ў палату. Потым падсялілі яшчэ двух пажылых мужчын з пнэўманіяй. У пятніцу ва ўсіх узялі тэсты на каранавірус і пакінулі разам на выходныя. У аўторак прыйшлі вынікі: у дваіх тэсты станоўчыя, у Генадзя Забары — адмоўны.

«Ланцуговая рэакцыя: спачатку заразілі мяне, потым, магчыма, некага і я»

Як «кантакт першага ўзроўню» клярнэтыста тэрмінова выпісалі з кардыялёгіі і накіравалі дадому на самаізаляцыю — спадар Забара зьехаў на лецішча, як мага далей ад сям’і, жонкі, дзяцей і ўнукаў, якія засталіся ў гарадзкой кватэры. Праз пару дзён тэмпэратура паднялася да 39,2. Былі выходныя, ён дачакаўся панядзелка і сам паехаў «здавацца» ў 2-ю лякарню.

— Спачатку мяне пасялілі ў палату асобна, узялі тэст. А на наступны дзень падсялілі яшчэ трох чалавек. Праз пару дзён мне тэлефануюць зь лябараторыі і паведамляюць, што маю станоўчы тэст на каранавірус. Астатнія пацыенты ўсё гэта чуюць. Атрымліваецца, я мог яшчэ трох заразіць. Вось такая ланцуговая рэакцыя атрымалася: спачатку заразілі мяне, потым, магчыма, я.

Калі я ляжаў у 2-й лякарні, вокны палаты выходзілі на прыёмнае аддзяленьне: я бачыў вялізную чаргу з машын «хуткай дапамогі», — успамінае Генадзь Іванавіч.

Прыкладна ў тыя ж дні ў 2-ю лякарню трапіў і старэйшы брат Генадзя, зь якім ён у апошні час ня бачыўся. Брата паклалі з двухбаковай пнэўманіяй, першы тэст на каранавірус быў адмоўны. Але ў шпіталі брат таксама падчапіў каранавірус — у палаце былі інфікаваныя каранавірусам. У яго хвароба праходзіла крыху лягчэй, днямі брата таксама выпісалі.

— На мой погляд, шпіталі ўсе перапоўненыя — інакш як магло такое адбыцца, што я зь нявызначаным дыягназам ляжаў у адной палаце з каранавіруснымі, і брат мой паступіў з пнэўманіяй і адмоўным тэстам, а празь некалькі дзён тэст стаў станоўчым? — разважае заслужаны артыст.

«Мне давалі па 25 таблетак на дзень»

На наступны дзень Генадзя Забару накіравалі ў 6-ю лякарню, цалкам пераабсталяваную пад хворых на COVID-19. І там ён апынуўся ўжо ў палаце з усімі каранавіруснымі.

Гэта таксама было кардыялягічнае аддзяленьне, перапрафіляванае пад каранавірус. У Забары дыягнаставалі двухбаковую пнэўманію і COVID-19. Спачатку ў палаце на пяць чалавек было чацьвёра хворых, потым трое.

— Шчыра кажучы, стаўленьне лекараў да нас, каранавірусных, было вельмі грэблівае. Зразумела, што мэдыкі баяліся знаходзіцца ў палаце з хворымі, асьцерагаліся заразіцца самі. Абход доўжыўся некалькі сэкундаў: калі спрабуеш задаць пытаньне, яны пачынаюць злавацца. Мне давалі па 25 таблетак на дзень! Я запытаўся: «Патлумачце, навошта?», але адказу не было, — расказвае спадар Забара.

Калі Генадзю Іванавічу стала зусім кепска, паднялася тэмпэратура, ягоны сын Павал дайшоў да галоўнага доктара лякарні, і на наступны дзень да бацькі прыйшоў цэлы кансыліюм: прафэсар, дацэнт, загадчык аддзяленьня і палатны доктар.

— Паслухалі мяне, паківалі і пайшлі. Колькасьць прэпаратаў ня зьменшылася. Я ня вытрымаў і сваёй маладой доктарцы сказаў, што нельга прызначаць больш як па чатыры прэпараты. Яна на мяне моцна пакрыўдзілася: маўляў, «кансыліюм прызначыў». Праўда, на наступны дзень раніцай ужо далі 6 таблетак замест 11. У абед — 2, увечары — 6.

Я ні на кога зла не трымаю. Так не пашанцавала сёлета мне: паўтара месяца правёў у шпіталях. Затое пабачыў розных дактароў: і прафэсійна непрыдатных, і супэрпрафэсіяналаў, — кажа спадар Забара.

«Спадзяюся, плязма дапамагла іншаму чалавеку»

Нягледзячы на цэлы «букет» захворваньняў — бранхіяльную астму, эмфізэму лёгкіх, праблемы з сэрцам — да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх справа не дайшла. Сын Павал і ягоныя сябры праз фэйсбук шукалі для Генадзя Іванавіча плязму. Аднак у бацькі моцна ўпаў гемаглябін. Хацелі пераліваць кроў. Але раптоўна зноў паднялася тэмпэратура — да 39,5.

— Пры такой высокай тэмпэратуры нельга было пераліваць ні кроў, ні плязму. А тады плязму, якая падыходзіла пад маю групу крыві, для мяне ўжо знайшлі. А калі тэмпэратура ўпала, не было ўжо плязмы для мяне. Спадзяюся, яна дапамагла іншаму чалавеку, — расказаў Генадзь Іванавіч.

Ён мяркуе, што пераадолець цяжкую пнэўманію і каранавірус дапамагла прафэсія — ён клярнэтыст, духавік. Бранхіяльную астму ў музыкі знайшлі ў 62 гады.

— Я тады абурыўся: як такое можа быць? Я ж духавік! Мне адказалі, што, калі б я ня граў на духавым інструмэнце, астму ў мяне знайшлі б гадоў на 40 раней, — згадвае музыка.

Пасьля выпіскі на ўсялякі выпадак Генадзь Іванавіч ізаляваўся ад сям’і — зьехаў на лецішча. Ніхто зь сямейнікаў больш не захварэў. Хоць усім ягоным сваякам адмовілі ў правядзеньні тэстаў на COVІD-19.

Цяпер клярнэтыст вельмі перажывае за сваіх калег-музыкаў: у некаторых калектывах Белдзяржфілярмоніі таксама выявілі заражаных каранавірусам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(40)