Общество
Руслан Гарбачоў

«Зараз больш ідыятызму, чым было ў савецкі час»

21 кастрычніка Іосіфу Адамавічу Навумчыку, які 13 год прапрацаваў сакратаром Віцебскага абкама партыі па ідэалогіі, але пры гэтым выхаваў сына-актывіста БНФ, спаўняецца 75 год. У інтэрв’ю «Салідарнасці» ён расказаў пра зменлівасці лёсу.

Размова праходзіла акурат пасля прэзентацыі новай кнігі яго сына « Дзевяноста першы. Год Незалежнасьці вачыма ўдзельніка» ў кватэры яго сябра, Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна. Прыводзім некаторыя фрагменты нашай гутаркі.

Іосіф Навумчык з Генадзем Бураўкіным

Спрэчка з Пазьняком

У пытаннях нацыянальнай культуры і мовы ў мяне не было прынцыповых разыходжанняў з БНФ. А вось заўзятыя антыкамуністычныя выступы, калі Пазьняк казаў, што кампартыя – злачынная арганізацыя, я не мог прыняць. Такое абагульненне лічыў несправядлівым, а тактычна ўвогуле няправільным.

Неяк Сяргей прыехаў у Віцебск з групай дэпутатаў-сябраў БНФ на чале з Зянонам Пазьняком для сустрэч з гараджанамі. Заехалі да нас дадому павячэраць. Так атрымалася, што мы селі з Пазьняком насупраць і гадзіны дзве-тры размаўлялі з ім. Я казаў: многае з вашых поглядаў падзяляю, але ж камуністаў у краіне 600 тысяч чалавек, гэта ж розныя людзі, нельга іх так адпіхваць ад усяго.

Праўда, Сяргей напісаў у адказ на гэты папрок, што Пазьняк заклікаў іх уступіць у Фронт, разам будаваць незалежную Беларусь. Але многае, што гаварылася тады і Сяргеем нашым, і астатнімі – так рэзала вуха гэтых людзей, настолькі псіхалагічна не прымалася! Яны добрасумленнна працавалі ў рамках той сістэмы, і Беларусь мела значныя дасягеннні, асабліва ў эканамічнай сферы. Людзі не бачылі за сабой таго, у чым іх абвінавачвалі.

З жонкай і сынам, 1962 год

Адцэнзуравалі Хрушчова

У 1962 годзе, як першы сакратар Паўстаўскага райкома камсамола, быў у Маскве дэлегатам 14-га з’езда ВЛКСМ. Памятаю выступ Хрушчова. 7 хвілін яго апладысментамі віталі. Ён адразу чытаў па паперцы, а пасля пачаў ад сябе казаць. Даволі сумбурная і малапісьменная прамова атрымалася. Назаўтра атрымоўваем «Камсамольскую праўду», чытаем выступ Хрушчова – а там усё не так…

Падарунак ад Гагарына

Жылі мы ў гасцініцы «Масква», сядзелі там з таварышам у рэстаране. Заходзіць Гагарын! Сядае за суседні столік і заказвае піва.

А ў адной з нашых дэлегатак назаўтра быў дзень народзінаў. Мы набраліся смеласці, папрасілі ў Гагарына прабачэння і спыталі: можа ён прыйдзе на наша святкаванне? Ён: а можа і прыду, мне гэта афіцыйнае ўжо надакучыла.

Ну вы разумеце якая сітуацыя? Мы заказалі асобны зал у рэстаране, мікрафон паставілі, усё падрыхтавалі. Назаўтра ён быў на з’ездзе, мы бачылі яго у прэзідыуме. А пасля абеду глядзім – няма Гагарына. Дзесьці яму з замежнай дэлегацыяй трэба было быць.

Аднак ён перадаў падарунак для гэтай дэлегаткі, яна і зараз яго захоўвае. Калье. А ў скрыначцы была запіска: «Тамары Ішчанка ад Юрыя Гагарына ў дзень народзінаў 19 красавіка 1962 года».

На наступным з’едзе ВЛКСМ мы ужо віталіся. Неяк я спазніўся на працяг пленума і сустрэў Гагарына. Нязручна ўжо ў залю было заходзіць. Ён кажа: пайшлі, за прэзідыумам ёсць пакойчык, там усё чутно, можна і кавы выпіць, і па чарачцы каньячка. Можа 30-40 хвілін там пагаварылі. Ён сказаў, што не выключае, што яго родныя маглі быць з Беларусі. У гаворцы яго нешта падобнае на нашую было.

Іосіф Навумчык быў знаёмы не толькі з Гагарыным, але і з іншымі касманаўтамі з ліку першых. Разам з Валянцінай Церашковай у Віцебску

Знаёмствы з пісьменнікамі

Як працаваў сакратаром гаркама і абкама партыі па ідэалогіі, пасябраваў з творчай інтэлігенцыяй. Фармаваў бібліятэку беларускай літаратуры, Сяргей усё чытаў гэта.

Для станаўлення маёй нацыянальнай свядомасці (ды і Сяргея), разумення праблем творчай інтэлігенцыі вельмі важнымі былі гутаркі з такімі творцамі, як Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Пятрусь Броўка, Іван Шамякін, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, з якім мы найбольш кантактавалі. Сустрэчы з імі ў працоўных калектывах і студэнцкіх аўдыторыях пабуджалі мяне больш клапаціцца пра развіццё нацыянальнай культуры, вывучаць нашую багатую спадчыну.

З Васілём Быкавым. Сяргеем Законьнікавым і Генадзем Бураўкіным у часе Дзён беларускай літаратуры на Віцебшчыне, 1984 год

Раздрукоўкі з «Радыё Свабода»

Калі з 1972 да 1974 года ішла падрыхтоўка да 1000-годдзя Віцебска, мы, гараджане, задаваліся пытаннем: а хто мы такія? Мабыць упершыню віцебляне масава і ўсур’ёз заняліся вывучэннем гісторыі горада.

Я хоць і скончыў гістфак БДУ, але сапраўднай гісторыі Беларусі не ведаў. Не ведаў гісторыі ВКЛ, БНР, нацыянальнай сімволікі. Даведаўся пра гэта толькі ў канцы 70-х, калі стаў сакратаром абкама партыі па ідэалогіі. Камітэт па тэлебачанні і радыёвяшчанні дасылаў мне агляды перадач «Радыё Свабода». Каб валодаў інфармацыяй у выпадку нейкіх пытанняў людзей.

Сам займеў прыёмнічак і пачаў слухаць. Было цікава, але прызнаюся, напачатку нейтральна ставіўся да іх інфармацыі.

З Пятром Машэравым на дэманстрацыі. 1974 год

Фантазёр Мікалай Чаргінец

Паўтары гады я прабыў у Афганістане. Падчас вайны партыйных работнікаў пасылалі туды дарадцамі, дапамагаць умацоўваць народную уладу. Я быў дарадцам пры ЦК Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана па ваенна-адміністрацыйнай зоне Кабул-цэнтр, у якую уваходзіў сам горад і шэсць абласцей. За гэтую працу быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Працавалі разам з Мікалаем Чаргінцом. Калі я быў дарадцам па партыі, то ён у гэтай жа зоне – дарадцам па міліцыі. У нас былі рабочыя, таварыскія адносіны. Мікалай Іванавіч працаваў актыўна, канкрэтна, яго паважалі як афганскія кіраўнікі, так і савецкія прадстаўнікі. Ён быў узнагароджаны савецкім ордэнам, атрымаў афганскія узнагароды. Але як творчая асоба ў некаторых выпадках адыходзіў ад аб’ектыўнасці ў ацэнках вынікаў нашай дарадчай працы, перабольшваў зробленае. Можна сказаць, фантазіраваў як пісьменнік.

Калі нядаўна прачытаў грунтоўную біяграфічную кнігу пра Мікалая Чаргінца, у тым ліку расказ пра яго працу ў Афганістане, быў здзіўлены. Даў пачытаць яе знаёмаму палкоўніку, афіцэру віцебскай дэсантнай дэвізіі, з якім пазнаёміліся ў Афганістане.

Праз 2-3 дні ён тэлефануе: давай абмяркуем. Пры сустрэчы кажа мне: «Іосіф Адамавіч, прачытаў гэта ўсё і не магу зразумець – нашто мы трымалі ў Афганістане 100-тысячную армію? Аказваецца ўсё па абароне Кабула і не толькі яго арганізаваў Чаргінец».

Аўтарытэт Кабзона

З Кабзонам пазнаёміўся ў тым жа Афганістане. Пасля ён прыязджаў у Віцебск з канцэртам. У другім аддзяленні кажа: а зараз я выканаю песню ў гонар майго сябра, з якім мы пазнаёміліся ў Афганістане. І называе маё імя.

Скончыўся канцэрт, я падымаюся – перада мной расступаюцца. Пасля яшчэ тыдні два з другога боку вуліцы са мной віталіся.

Чаму Барыс Пуга скончыў жыццё самагубствам

Мне здаецца, Барыс Пуга, міністр унутраных спраў СССР, выпадкова трапіў у кампанію членаў ГКЧП. І як прыстойны чалавек, які не мог перанесці ўсю гэтую сітуацыю, ён скончыў жыццё самагубствам, і жонка яго гэта зрабіла.

З Барысам мы былі знаёмы яшчэ з камсамола. А ў верасні 1987 года я быў уключаны ў склад брыгады ЦК КПСС па вывучэнні грамадска-палітычнай сітуацыі ў Латвіі, дзе ўжо пачаліся выступленні за незалежнасць.

Пуга, першы сакратар ЦК кампартыі Латвіі, быў у камандзіроўцы ў Італіі і вярнуўся ў апошнія дні нашага візіту. Заўважыў мяне ў сталоўцы ЦК партыі, дзе таксама абедаў, падышоў і прапанаваў зайсці да яго.

Пуга быў незадаволены тым, як крамлёўскае кіраўніцтва вырашае кадравыя пытанні ў прыбалтыйскіх рэспубліках. На пасаду другога сакратара кампартыі Латвіі прысылалі рускіх з Расіі. Пуга казаў: у нас жа ёсць свае рускія, а тыя людзі не ведаюць ні гісторыі, ні латышскай мовы, ні мясцовых людзей. Казаў, што ў Крамлі ніяк не магуць зразумець, што трэба даць элементарную самастойнасць саюзным рэспублікам, у тым ліку ў вырашэнні эканамічных пытанняў. Скардзіўся: я трошкі ўтрырую, але калькуляцыю торта трэба узгадняць у Маскве. Адзначыў, што калі справа будзе ісці так далей, то Савецкі Саюз будзе распадацца, і што цяга да самастойнасці ў Латвіі вельмі вялікая.

Таму тое, што ён трапіў у склад членаў ГКЧП, лічу выпадковасцю.

Перабудова і беларуская мова

З пачаткам парабудовы, калі з’явілася больш інфармацыі, мае погляды сталі мяняцца. Зразумеў, што мы сур’ёзна недапрацоўваем у пытаннях мовы. Моладзь і творчая інтэлігенцыя рэдка карысталіся беларускай мовай. З 1987-1988 года я нярэдка выступаў па-беларуску.

Быў адным з ініцыятараў стварэння Таварыства беларускай мовы, прымаў удзел ва ўстаноўчым з’ездзе ў 1989 годзе. Пасля прыняцця ў студзені 1990 года закона аб дзяржаўнасці беларускай мовы, у абкаме партыі былі распрацаваны канкрэтныя мерапрыемствы па выкананню гэтай праграмы.

Фота Радые Свабода

Крытыка за сына

Як Сяргей пачаў журналістам бузіць, стаў адчуваць на сабе ціск. Сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Пячэннікаў неяк гаворыць мне: «Іосіф Адамовіч, ты чытаў яго інтэрв’ю з Дударавым у «Чырвонай змене?» Перагавары са сваім сынам».

Рэзкія выступы Сяргея на сесіях у Вярхоўным Савеце бывала даводзілі мяне да непрыемных сітуацый. Я перажываў многа ў той час, непроста гэта было, калі табе задавалі пытанні пра антыкамуністычныя прамовы сына.

На партыйнай абласной канфэрэнцыі дэлегатам раздавалі лістоўкі аб маёй ледзь не прыналежнасці да БНФ. Хаця многае, што БНФ рабіў у сферы культуры і мовы, я ўспрымаў і як мог падтрымліваў. Не чураўся хадзіць на сустрэчы з нефармальнымі аб’яднаннямі, выслохоўваць іх заўвагі і крытыку. З тым жа Сокалавым-Воюшам памятую працяглую гутарку адзін на адзін, сустрэчы з Уладзімірам Арловым і іншымі людзьмі.

На прэзентацыі кнігі сына з Лявонам Баршчэўскім

Калі Батура па-беларуску размаўляў

З 1997 года ўзначальваю ТБМ у Віцебскай вобласці. Гады тры таму быў на прыёме ў Барыса Батуры, які тады кіраваў Саветам Рэспублікі. Уражанне ад яго засталося нядрэннае. Мне здаецца, мы знайшлі з ім агульную мову наконт таго, што статус беларускай мовы у рэспубліцы трэба мяняць.

Батура сказаў, што відаць трэба было б і сесіі весці па-беларуску. Узгадаў, што калі быў у пачатку 90-х міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, то выступаў па-беларуску, хоць яму гэта і было непроста.

Якраз у гэты дзень спаўнялася 75 год Барадуліну. Я кажу: вось бачыце, народнаму паэту няма віншаванняў ад улады – ні ад прэзідэнта, ні ад Савета міністраў. А ледзь не штотыдзень Лукашэнка віншуе расійскіх дзеячоў. Батура ўсміхнуўся: ну можа пасля абеду павіншуюць. Не павіншавалі.

Ёсць чым ганарыцца

Ганаруся, што жыў чэсна. Ніхто не можа папракнуць, што залазіў у дзяржаўную кішэню ці прымаў нейкія падарункі. Калі ў 1996 годзе я сказаў у абласной газеце, што не галасаваў за Лукашэнку, у аблвыканкаме, дзе працаваў ужо загадчыкам аддзела па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры, параілі публічна не афішаваць свае погляды. Відаць, калі б у біяграфіі былі плямы, то я тут месца не знаходзіў бы.

Ганаруся дзецьмі, унукамі, сябрамі. Ганаруся тым, што зрабіў для развіцця культуры, адукацыі, вобласці. Прычыніўся да ўзнаўлення Дабравешчанскай царквы ў Віцебску, Куцеінскага манастыра у Воршы, аб’ектаў у Полацку, Паставах і іншых месцах.

Бальшавізм – памылка

Бальшавізм як плынь у камуністычным, ці дакладней сацыял-дэмакратычным руху, – быў вялікай памылкай. Дыктатура пралетарыяту і класавая барацьба прывялі пасля Кастрычніцкага перавороту да грамадзянскай вайны і пастаянных масавых рэпрэсій ў 20-40-я гады.

І вялікая памылка, калі браць наш перыяд, што кампартыя ніякім чынам не магла дапусціць іншай думкі і меркавання. Аднапартыйнасць, права партыі кіраваць усім і уся, адсутнасць плюралізма і прывялі да распаду Савецкага Саюза. Не Гарбачоў і не Захад.

Сёння я стаю на пазіцыях сацыял-дэмакратызму. Падтрымліваю незалежнасць, неабходнасць усталявання дэмакратычных асноў кіравання дзяржавай, развіцця нацыянальнай культуры і адраджэння беларускай мовы.

Пра стан краіны

За апошнія 20 гадоў ёсць зрухі ў матэрыяльным становішчы многіх людзей. Але Беларусь магла б больш інтэнсіўна развіваць усе сферы жыцця людзей, каб не заганы той сістэмы ўлады, якая ўсталявана. Асабліва турбуе сённяшні стан маральнасці, духоўнасці грамадскасці.

СМІ, школа, тэлебачанне практычна не выкарыстоўваюць у выхаванні патрыятызму, фармаванні нацыянальнай ідэнтычнасці багатую гістарычную спадчыну, магчымасці беларускай культуры, нашай роднай мовы.

Фармалізма пры арганізацыі культурна-масавай працы ў савецкія часы было таксама немала. Але зараз больш ідыятызму, чым было ў той час.

Самае пагрозлівае для Беларусі, на мой погляд, што мы поўнасцю залежым ад падтрымкі Расіі. А раптам яна скончыцца? Што мы зможам? Беларусь знаходзіцца на мяжы, зрыў можа адбыцца ў любы час.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)