Общество
Анастасія Зелянкова

Запыт на правядзенне “Чарнобыльскага Шляху” ўлады пакінулі без адказу

Арганізатары “Чарнобыльскага шляху-2007” так і не атрымалі адказу ад гарадскіх улад на правядзенне акцыі. Затое, прыйшоўшы сёння ў Мінгарвыканкам, заяўнікі нарваліся на міліцэйскія відэакамеры і камеры дзяржаўнага тэлебачання.

-- Нас запрасілі сёння ў Мінгарвыканкам на кансультацыі па пытанні правядзення “Чарнобыльскага шляху”, -- расказал “Салідарнасці” намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. – Мы спадзяваліся, што атрымаем адказ на наш запыт. Калі ж прыйшлі, нас сустрэлі кіраўнік аддзела грамадскай бяспекі Найдзенка, кіраўнік ідэалагічнага аддзела Мінгарвыканкама і намеснік пракурора Мінска. Паўсюль былі камеры дзяржаўных каналаў і міліцэйскія відэакамеры.

Пасля таго, як прадстаўнікі аргкамітэту па правядзенні “Чарнобыльскага шляху-2007” заявілі, што не даюць сваёй згоды на відэаздымкі, прадстаўнікі ўладаў згадзіліся прыбраць камеры. Аднак памяшканне пакінулі толькі аператары дзяржаўных тэлеканалаў.

-- Міліцэйскі ж аператар застаўся, -- адзначае Аляксей Янукевіч. – Тады мы заявілі, што ў такім разе не можам размаўляць і пакінулі будынак Мінгарвыканкама. Вельмі шкада, што ўлады выбралі менавіта такія метады для вядзення дыялогу.

Па словах прадстаўнікоў аргамітэту, яны пакуль не будуць прадпрымаць ніякіх дзеянняў, а проста будуць чакаць адказу ўладаў на свой запыт. Дазволіць ці не правядзенне “Чарнобыльскага шляху” ўлады павінны вырашыць на працягу гэтага тыдня.

Нагадаем, арганізатары меркавалі правесці 26 красавіка мітынг і шэсце ад плошчы Якуба Коласа па праспекту Незалежнасці да Нацыянальнай бібліятэкі.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)