Общество
Аліна Таранік

Запрашаем у Краіну цмокаў! (фота)

Грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!» правяла эксклюзіўны «Цмок-тур». Трапіць у Краіну цмокаў, дзе спявалі Руся і Андрусь Такінданг, маглі выключна ўладальнікі адмысловых візаў. Калі сур’ёзна, арганізатары мерапрыемства лічаць: цмок мае ўсе шанцы стаць турыстычным сімвалам Беларусі.

На ўваходзе ў арт-галерэю «Ў» чакаў сюрпрыз у выглядзе пашпартнага кантролю. Гэтым вечарам міфічныя істоты акупавалі памяшканне і трапіць усярэдзіну можна было толькі ўладальнікам візаў. Праўда, яе можна было аформіць у сімпатычных мытніц адразу на месцы.

Грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!» пачала «хварэць» на цмокаў у кастрычніку 2011 года. Спачатку цмока шукалі на Палессі, потым пра яго пачалі пісаць самыя розныя выданні і, нарэшце, цмок з’явіўся на паштоўцы з віншаваннем на Раство і Новы год.

Такая цікаўнасць недарэмная – ёсць вялікая верагоднасць, што цмокі сапраўды жылі на нашай тэрыторыі, асабліва на Палессі, а таму паўміфічная істота магла б стаць сапраўдным турыстычным сімвалам Беларусі.

Каардынатар кампаніі Алена Макоўская кажа, што падобная камунікацыя існуе ў Літве, дзе замест зорак на аграсядзібах малююць свой сімвал – буслоў. Чым буслоў болей, тым аграсядзіба лічыцца лепш. А ў адным з рэгіёнаў Расіі, па словах суразмоўцы, турыстаў возяць на пошукі снежнага чалавека.

– Павінен быць сімвал, які грунтуецца на легендах, а ў нас вельмі багатая гісторыя. Нават калі цмокі і не знойдуць практычнага прымянення, наша мэта будзе дасягнута, бо перадусім мы хацелі паказаць людзям, колькі яшчэ ёсць нераспрацаваных, нязведаных вобразаў ёсць ў Беларусi , – распавяла каардынатар грамадскай кампаніі.

Па яе словах пакуль няма дастаткова раскрытага вобраза краіны: ёсць штампы, кшталту «Беларусь сінявокая», але за імі нічога не стаіць, няма разумення, пра што iдзе гаворка. Камунікацыйная кампанія новага вобраза толькі пачынаецца, а распрацоўшчыкі цмока-сімвала будуць прапаноўваць яго выкарыстанне прадстаўнікам турыстычнага бізнэсу.

Адной з цэнтральных падзеяў вечара стала прэзентацыя відэа-благбастэра пра цмокаў:

“Краіна Цмокаў. Малюем разам” from Capitalist73 on Vimeo.

«У дзяцінстве нас палохалі цмокам, які дыхае агнём і забірае з сабой тых, хто не слухаецца, парушае правілы, робіць па-свойму»

Грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!» будзе працягваць «Цмок-туры». Для кіраўнікоў турфірмаў, уладальнікаў аграсядзібаў, прадстаўнікоў культурніцкіх установаў запланаваная адмысловая праграма.

– Спецыялісты сведчаць, што айчынным вытворцам-экспарцёрам сёння востра не хапае яскравых беларускіх назваў для сваёй прадукцыі, каб вылучыцца з агульнай масы і падкрэсліць якасць маркі «зроблена ў Беларусі», – адзначыла яшчэ адзін момант Алена Макоўская.

Падчас першага тура для «турыстаў» у Краіне цмокаў выступалі Руся з праектам Shuma, а разагрэў публіку Андрусь Такінданг і гурт Рэха

Марыя Кавальчук прэзентуе дзіцячыя малюнкі цмокаў

Конкурсы па цмоказнаўстве ад «Будзьмы»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)