Прыгажуня дня
Марына ЗАГОРСКАЯ, фота Уладзiмiра Багданава

Замшэлая тайна шпiёнаў

- Ва ўсiм, акрамя таго, што дзейнасць яго не перапынялася і пры Саветах, гэта звычайны храм, — выносілі знаўцы прысуд элегантнаму касцёлу ў Красным.

Паэтка Алена Ліхадзіеўская-Краўчанка, пачаўшы колькі год таму пісаць паэму пра тутэйшую дастапомнасць, нават вымушаная была спыніць працу над творам. “Даўніны не хапіла”, — патлумачыла яна. І менавіта ў той час, калі Алена шукала згубленыя факты, рэдкі сведка гісторыі касцёла маўкліва палежваў сярод старых рэчаў на гарышчы аднаго з дамоў у Красным.
— Мне падказалі, што, разбіраючы хлам, новыя гаспадары дома, дзе раней жыла жанчына, з якой сябраваў былы ксёндз, выпадкова знайшлі нейкія шпіёнскія, яшчэ польскія, паперы, — распавядае мясцовы края-знаўца Аляксандр Харытон. — “Сакрэтныя” дакументы аказаліся касцёльным інвентаром, складзеным у 1938 годзе, калі пробашч Вацлаў Драбба перадаваў справы ксяндзу Ёзафу Пусілоўскаму. Побач былі прыхаваныя пад мохам некалькі тамоў ліставання Пілсудскага, а таксама шыкоўны альбом са здымкамі польскага афіцэра.
Згодна з інвентаром, касцёл з жоўтай цэглы на высокім пагорку быў асвечаны ў Красным напрыканцы 1911-га (а не ў жніўні 1912-га, як пішуць даведнікі). Грошы на храм ахвяравала ўся парафія, але большую частку выдаткаў панёс уладальнік маёнтка Мясата — пан Казімір, сын вядомага літаратуразнаўцы і заснавальніка Варшаў-скай бібліятэкі Аляксандра Тышынскага.
Адзін з бакавых алтароў — св.Казіміра — узводзілі на сродкі афіцэраў і падафіцэраў батальёна Красненскага корпуса памежнай аховы ў 1930 годзе. Грошы на другі — св.Антонія — ахвяравалі ўжо іншыя вайскоўцы і Лявон Мальхольм, уладальнік маёнтка Татаршчызна.
— Касцёл лічыўся вайсковым, а парафіяльны храм знаходзіўся на той час у Плябані, — тлумачыць цяперашні святар Пётр Пятрага.
Дык вось чаму інвентар, дзе асабліва падкрэсліваецца, што кожную нядзелю і па святах першая служба ў касцёле ідзе для вайскоўцаў, апынуўся на гарышчы побач з афіцэрскім альбомам! Дарэчы, і першыя “лямпачкі Ільіча” запалілі ў Красным польскія вайскоўцы, якія адмаўляліся кватараваць у гаспадароў, што жылі пры керасінках. Касцёл быў электрыфікаваны ў 1927 годзе.
Падчас падрабязнага пераліку ў інвентары касцёльнай маёмасці: абразоў і крыжоў, жырандолі і кандэлябраў, харугваў і ручнікоў — неаднойчы ўзгадваецца імя Казіміра Тышынскага. Ён ахвяраваў велічэзныя абразы св.Тэрэзы і Сэрца Пана Езуса ў пазалочаных “сукенках”, самы вялікі (да таго ж плюшавы) дыван і, па некаторых звестках, слынны арган на 15 галасоў, які дагэтуль захаваўся ў храме, але даўно ўжо няма каму на ім іграць. Пра ўсё гэта мясцовыя жыхары не памятаюць. Яны расказваюць, як паны размаўлялі па-беларуску і вырошчвалі памідоры — культуру, што была невядомая тутэйшаму насельніцтву і “таму ў ежу не выкарыстоўвалася”. А сам Казімір ці ведаеце, што ўтвараў? Свае выкшталцоныя касцюмы выдаваў напракат вясковым хлопцам — каб тыя ў храме прыстойна выглядалі!
...Летнюю рэзідэнцыю Тышынскіх у Мясаце знеслі пяць год таму. Пахавальня роду на былых касцёльных могілках мае непрывабны выгляд. Касцёл па-ранейшаму застаецца адным з самых дагледжаных будынкаў у Красным. Некалькі год таму адрамантавалі дах і вежу, узвялі агароджу і нават зрабілі, нібы ў сталіцы якой, падсвет. Але на службу клічуць парафіян усё тыя ж званы, што ўзгадваюцца ў інвентары: “Станіслаў —
800 кг, Людвік — 250 кг, Ганна — 180 кг”. Іх гучанне, калі прыадчыненыя акенцы званіцы, чутно ажно на 10 кіламетраў вакол. Хітруюць знаўцы — жыхарам Краснага ёсць чым ганарыцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)