Скандалы

«Заказны артыкул з мэтай дыскрэдытацыі». Герой расследавання пра пашпарт Новай Беларусі расказвае сваю версію падзей

Днямі беларускі інтэрнэт ускалыхнуўся пасля публікацыі расследавання пра пашпарт Новай Беларусі.

Пад пільнай увагай Беларускага расследавальніцкага цэнтра апынулася літоўскае прадпрыемства, якое працуе над праектам. Адным з асноўных герояў артыкула стаў Мікіта Забуга, у далёкім мінулым інспектар ДАІ, а сёння — кіраўнік арганізацыі, адказнай за дызайн будучага дакумента.

Ён і параіў літоўскага падрадчыка Аб’яднанаму пераходнаму кабінету. У матэрыяле робяцца відавочныя намёкі на сувязь Забугі з беларускімі сілавікамі — сярод прэтэнзій і тое, што ён працягвае весці бізнэс у Беларусі пасля 2020 года, і тое, што дзесяць гадоў таму ён ехаў на адной машыне з былым аднакурснікам па Акадэміі МУС.

Але як сам Забуга каментуе прэтэнзіі з боку расследавальнікаў? Наша Ніва пагутарыла з ім.

Мікіта Забуга

«Гэта заказны артыкул з мэтай дыскрэдытацыі»

Як праходзяць вашы дні пасля выхаду расследавання з фігураваннем там вашай асобы?

— Як сказала мая жонка: даведалася, што муж — майстар спорту палкоўнік Чынгачгук.

Я ніколі не быў публічным чалавекам, ціха рабіў сваю працу, а тут столькі ўвагі…

Больш за ўсё цяпер галава баліць, канечне, за праект пашпарта, таму што наша каманда ахвяравала столькі часу на яго.

Але такім чынам вырваныя факты з маёй біяграфіі — гэта таксама напружвае. Нехта зрабіў сваю працу па дыскрэдытацыі… Не ведаю, ці гэта злосць людская, ці непрафесійнасць. Пакуль не магу зразумець.

Лічыце, што гэта нейкая адмысловая дыскрэдытацыя?

— Мне падаецца, што гэта заказны артыкул з мэтай дыскрэдытацыі, каб падарваць давер канкрэтна да пашпарта Новай Беларусі. Цяпер якраз павінны былі выйсці першыя ўзоры пашпартоў, мусіў распачацца праект рэальнага прызнання — і тут нараджаецца гэты артыкул, які спыніць усё на няпэўны час.

Я пакіну пры сабе здагадкі пра тое, каму гэта можа быць выгадна. Час усё пакажа. Але мне падаецца, што калі ёсць нейкае напружанне па маёй персоне, трэба высвятляць гэта, а не накідваць класічныя маніпуляцыі, нейкія аднабаковыя абвінавачванні, выціснутыя факты і эмацыйныя афарбоўкі.

Трэба разглядаць чалавека па справах. Я за свае гады маю іх дастаткова, каб паказаць, хто я ёсць. Таму дзіўлюся, калі тыкаюць: «вось ён скончыў Акадэмію МУС» — і гэта як абвінавачванне.

Дык у 1998 годзе, каб паступіць у Акадэмію, трэба было пастарацца, конкурс быў сем чалавек на месца! Я б не паступіў, калі б не скончыў беларускі ліцэй з медалём, а да гэтага не скончыў беларускамоўную школку.

І калі я быў курсантам у акадэміі, нашы выкладчыкі тады яшчэ хадзілі з бел-чырвона-белымі сцяжкамі і Пагонямі на шаўронах. І чаму б не сказаць, што, акрамя Акадэміі МУС, я скончыў Літоўскі ўніверсітэт права і магістратуру ў Оксфардскім універсітэце? І працягваю вучыцца ў Оксфардзе на іншай праграме.

Мікіта Забуга ў Оксфардскім універсітэце

Адна з галоўных прэтэнзій да Забугі ў расследаванні — тое, што ў сярэдзіне 2010-х некалькі яго юрыдычных асобаў нібыта былі зарэгістраваныя ў будынку астравецкай міліцыі.

Пра тое, што я нібыта рэгістраваў бізнэс па адрасе Астравецкага РУУС увогуле каментаваць не хачу. Я дасылаў журналістам фотаздымак, дзе відаць, што РАУС па Ленінскай, 73 і побач там — будынак з такім жа нумарам. Але гэта ўжо іншы будынак! Так было і на момант рэгістрацыі больш за 10 год таму.

Хто мае мінімальна крытычны розум, здагадаецца, што зарэгістраваць кампанію ў РАУС нерэальна.

Фота будынкаў, дасланае суразмоўцам, якія тут суседнічаюць з Астравецкім РУУС па адным адрасе — Ленінская, 73

Яшчэ адна прэтэнзія да Забугі — у тым, што ў яго застаецца некалькі дробных бізнэсаў у Беларусі. Прычым адзін з іх быў створаны ў канцы 2020 года.

Чаму я раней часта ездзіў у Беларусь? Таму што ў мяне там сваякі і бацькоўская хата. Там пахаваныя мае продкі. На сёння я амаль чатыры гады не быў у Беларусі — з моманту, калі пачалася наша рэвалюцыя гонару.

Ад самага пачатку выбараў я быў адным з арганізатараў назірання на ўчастку ў Вільні, і пасля гэтага на радзіму ўжо не ездзіў. Нават не паехаў на пахаванне свайго таты, каб вы разумелі. І цяпер абвінавачваць мяне ў тым, што я вяду нейкі бізнэс у Беларусі… Растлумачце мне, як яго можна весці, не будучы на месцы самога бізнэсу столькі год?

Акцыі «РасцісКэпітал» і «Россэмсервіс» арыштаваныя па дэкрэце Лукашэнкі пра бізнэс «несяброўскіх краін» — і прадаць іх немагчыма. Але гэта ўжо нікому нецікава. Проста накідай лабірынт са словаў, дадай Акадэмію МУС — і ўсё, гатовы агент КДБ.

Можна перакруціць што заўгодна, як, напрыклад, што праз «Россэмсэрвіс» я быў датычны да будаўніцтва атамнай станцыі.

Хаця мэта была адваротная — выкупіць акцыі гэтага прадпрыемства і захаваць на маёй малой радзіме знакамітую сядзібу Мінейкаў, не дапусціць яе разбурэння. Род Мінейкаў — гэта гонар Астравецкага раёна, а Зігмунд Мінейка — наш беларускі граф Монтэ-Крыста.

На сёння сядзіба ў руках гэтай кампаніі, дзе мая доля 5%. Як разумею, рэжым яе забраў, а сама кампанія — у працэсе ліквідацыі, на які без асабістай прысутнасці паўплываць не магу.

Фотаздымак сядзібы Мінейкаў

У Літве я атрымаў статус уцекача. 29 мая мяне зноў выклікалі ў міграцыйную службу, праводзілі новае інтэрв’ю. Гэта ўсё вельмі непрыемна: я ў Літве жыву больш за 20 год, мае трое дзяцей — грамадзяне Літвы. І вось тут зноў ускрываюць «схаваныя ячэйкі».

Вы сцвярджаеце, што дзелавой актыўнасці ў вас на гэты момант на радзіме няма, але як агулам атрымлівалася мець у Беларусі бізнэс пасля 2020-га?

— Цяжка назваць гэта бізнэсам, калі ты не можаш ні прадаць акцыі, ні нават перавесці грошы з Беларусі ў Літву.

Мне прыпісвалі, што я займаўся рэкламай у аэрапорце «Мінск-2» — а я з кампаніяй «Ферата» быў звязаны толькі як інвестар з доляй 25%. Я ніколі не прымаў ўдзелу у яе дзейнасці. Як вайна пачалася, я пазбавіўся тых акцый за нейкі намінальны кошт.

Ну і нібыта пра маральны аспект — маўляў, як адкрываць бізнэс у снежні 2020-га ўжо пасля выбараў? Я яго адкрываў дыстанцыйна. І на той момант марыў, як і ўсе беларусы, вярнуцца дахаты. Была надзея на перамогу.

Яшчэ ж былі дваровыя маршы, у сакавіку 2021 яшчэ людзі выходзілі… І неяк дзіўна гучыць, што грамадзянін Беларусі не мае права весці бізнэс у Беларусі.

«Уся гісторыя пачалася з таго, што ў мяне ў самога сканчаліся старонкі ў пашпарце»

Валер Кавалеўскі сказаў, што кампанію Garsų pasaulis для друку пашпартоў Новай Беларусі параілі менавіта вы. Як гэта адбывалася?

— Уся гісторыя пачалася з таго, што ў мяне ў самога сканчаліся старонкі ў пашпарце, ён увесь заштампаваны. Мяне ж ужо раскрылі, што я — кіраўнік Геральдычнай рады «Пагоня».

Так што цяпер можна казаць адкрыта, што ўсе ўзнагароды, якія пасля 2020 года ўручаў Аб’яднаны пераходны кабінет, а таксама ўзнагароды, якія атрымлівалі нашы ваяры ад Рады БНР, ствараліся, распрацоўваліся або дапрацоўваліся намі.

Геральдычная рада «Пагоня» — гэта некамерцыйная грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае найлепшых беларускіх геральдыстаў і профільных гісторыкаў, вядомых грамадскіх дзеячаў.

Карацей, мой пашпарт сканчаўся. І я сваім калегам на чарговым паседжанні прапанаваў зрабіць нацыянальны пашпарт — так скажам, на перспектыву.

Дарэчы, у гісторыі Літвы быў досвед атрымання пашпартоў кіраўніцтвам у выгнанні — калі яны былі пад акупацыяй, у той перыяд сваім грамадзянам выдавалі пашпарты. Мы фактычна таксама знаходзімся пад гібрыднай акупацыяй. Таму вырашылі прапанаваць зрабіць свой дакумент.

Справа была для нас новая, мы перагледзелі больш за сто пашпартоў розных краін, і лічу, што ў выніку зрабілі адзін з самых прыгожых пашпартоў у свеце, з усялякімі нацыянальнымі фічамі, якія дагэтуль не раскрываем.

Агулам працэс быў досыць натуральным: наша прэзідэнтка-элект знаходзіцца ў Вільні, тут ёсць падтрымка.

Але звярталіся і да іншых друкарскіх дамоў, якія выпускаюць пашпарты — скажам так, яны не праявілі зацікаўленасці. Некаторыя спасылаліся на палітычныя рызыкі, некаторыя на занятасць. Кампаній, якія друкуюць пашпарты, у прынцыпе няшмат. І часцей за ўсё яны дзяржаўныя, таму дамовіцца з імі з улікам бюракратыі складаней, чым з бізнэсмэнамі.

Garsų pasaulis таксама прыйшлося доўга тлумачыць нашу агульную тысячагадовую гісторыю, даводзіць, што мы ўсе разам — грамадзяне ВКЛ, што трэба дапамагаць адно аднаму ў цяжкі час. Гадзінамі распавядалі пра неабходнасць гэтага дакумента, і яны падключыліся.

Па шчырасці, я вельмі ім удзячны. За паўтара года сумеснай працы яны не ўзялі ніводнага цэнта — на наш дызайн наклалі ўсе авіяцыйныя і іншыя неабходныя для пашпарту стандарты, дапамаглі ўзгадніць іх з Еўракамісіяй. Паверце, гэта вялікі кавалак працы.

Дзіўна выглядаюць высновы, што яны выдадуць даныя беларусаў. У Garsų pasaulis ёсць строгія пратаколы бяспекі: калі ў друк прыходзяць нейкія даныя, яны іх друкуюць і адразу выдаляюць.

Гэта карпарацыя, для якой рэпутацыя — найперш. Інакш яны не друкавалі б літоўскія пашпарты і пашпарты іншых краін, якіх набярэцца з дзясятак. Калі да гэтай кампаніі не было — і няма! — пытанняў у Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы, то якія пытанні маглі быць у замоўцаў?

«Наша праца як геральдычнай рады скончылася на фармаванні дызайну»

У каго ўсё ж павінны былі захоўвацца асабістыя даныя беларусаў у гэтым ланцужку?

— Да гэтага пытання мы не дайшлі, насамрэч. Мог бы займацца персаналізацыяй Garsų pasaulis, магла б умоўная беларуская незалежная міграцыйная служба. Гэта яшчэ трэба вырашаць. Ясна, што ў нашай сітуацыі гэтая служба павінна быць максімальна прафесійнай і здольнай гарантаваць бяспеку захаванне персанальных даных у адпаведнасці з заканадаўствам Еўрасаюза.

Я жыву на тэрыторыі Еўрасаюза больш за 20 гадоў, тут зусім іншыя стандарты, тут вельмі строгі закон па GDPR. Ідэя і была першапачаткова зрабіць усё на аўтсорсе з максімальным даверам да арганізацый, якія працавалі ў рамках еўрапейскага заканадаўства.

Варта дадаць, што наша праца як Геральдычнай рады скончылася на фармаванні дызайну.

Эскіз пашпарта. Ілюстрацыя: АПК

Але пытанні з’явіліся не столькі да тэхнічнага працэсу, колькі да канкрэтных персон, да якіх ёсць недавер. Паставім сябе на месца беларуса, які чакае пашпарт: ён даведваецца, што кампанія, якая ў тым ліку працуе над праектам, звязаная з «кашальком Лукашэнкі» — Віктарам Шаўцовым.

Ці вы ведалі ўвогуле пра гэтыя сувязі? Здаецца, каб рэкамендаваць штосьці, трэба быць упэўненым у бездакорнасці рэпутацыі.

— Пра Віктара Шаўцова я даведаўся толькі тады, калі мне пачалі званіць ужо па гэтым расследаванні. А так ён мне сто год не быў цікавы, як і іншыя лукашаняты.

Канечне, я не ведаю дакладнай статыстыкі, але скажу так: у Літве вельмі шмат хто працаваў з Беларуссю да вайны. А нехта яшчэ і пасля.

Калі людзі бачаць, што ёсць персоны, звязаныя з Лукашэнкам, з МУС, яны баяцца падставы і зліваў, якія ўжо мелі месца ў іншых кейсах.

— Не хачу выступаць адвакатам Garsų pasaulis, але сітуацыя вельмі простая: мясцовая служба бяспекі ўсё праверыць.

Калі яны скажуць, што «ай-яй-яй», то тады ім забароняць выпускаць і літоўскія пашпарты, і ўсё астатняе, бо яны звязаныя з беларусамі. Вы ж разумееце, што яны праходзілі праверку не толькі ў Літве, але і ў іншых краінах.

Яны ж не для адной краіны выпускаюць пашпарты. І тыя накіды з расследавання пра Зімбабвэ ці Кыргызстан толькі сведчаць, што ў іх з рэпутацыяй усё нармальна, бо ў выніку яны выйгравалі суды.

У расследаванні БРЦ згадваюцца тры падазроныя гісторыі, звязаныя з Garsų pasaulis. Блок называецца «Цень карупцыі». Калі пераказваць сцісла, то ў Кыргызстане літоўская кампанія выйграла тэндар на выраб біяметрычных пашпартоў. Мясцовых чыноўнікаў пакаралі за парушэнні пры правядзенні тэндара, але ўрэшце Міжнародны арбітражны суд Стакгольма абавязаў Кыргызстан сплаціць Garsų pasaulis тры мільёны еўра кампенсацыі. У Зімбабвэ, як адзначаецца, праект па вытворчасці электронных пашпартоў крытыкавала мясцовая прэса. А ў Конга былі прэтэнзіі да былога саўладальніка Garsų pasaulis, бельгійскай кампаніі Semlex Europe.

А наконт страху. Гэта ўсё і разлічана на тое, каб мы з вамі баяліся. Стварыць асацыятыўныя сувязі, спыніць праект, пасеяць сумневы.

«Жонка даўно піліла: супакойся ты і атрымай літоўскае грамадзянства»

Вы сказалі, што ў вас статус уцекача, але за 20 год у Літве вы маглі б і атрымаць грамадзянства гэтай краіны.

— У мяне была такая магчымасць даўно, але ўсё сваё жыццё я працую на Беларусь, таму адмовіцца ад беларускага грамадзянства не магу. Я кавалер медаля ордэна «Пагоні», адной з найвышэйшых узнагарод Беларусі, якую ўручае Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, і ганаруся ацэнкай дзейнасці на карысць роднай краіны.

Я — патрыёт сваёй краіны. І статус абавязвае і надалей працаваць на Беларусь. Хаця жонка перажывае і даўно «піліла», маўляў, супакойся ты ўжо і атрымай літоўскае грамадзянства. Але як тут супакоіцца? У свае 43 гады я ясна зразумеў, што ад беларускага ніколі не адмоўлюся.

Насамрэч, я шчаслівы чалавек, бо ў мяне дзве Радзімы. Вырас на мяжы з Літвой. Я мог адну ранішнюю каву выпіваць у Літве, а наступную ўжо — у бацькоўскай сядзібе. Па шчырасці, я сябе лічу грамадзянінам ВКЛ.

Мікіта Забуга са Станіславам Шушкевічам. Фота з архіва суразмоўцы.

У расследаванні Забугу закідаюць, што ён падтрымліваў кантакт з былым аднакурснікам па Акадэміі МУС: «Хоць афіцыйна Забуга звольніўся з міліцыі ў званні старшага лейтэнанта яшчэ ў 2003 годзе, сувязь з адным з супрацоўнікаў сілавых структур ён падтрымліваў і праз дзесяць гадоў пасля заканчэння службы. У 2007 і 2013-м Забуга ездзіў у Літву на легкавым аўто з Вадзімам Грыцам».

Наколькі ў вас блізкія стасункі з Вадзімам Грыцам, следчым па тэракце ў мінскім метро і «плюшавым дэсанце»?

— Мы пасябравалі ў час навучання ў Акадэміі МУС. Я лічу, ён адэкватны афіцэр. Калі б самалёт незаконна заляцеў хоць і з «плюшавым дэсантам» на тэрыторыі Літвы ці Польшчы, то і там кагосьці прызначылі расследаваць гэты выпадак. Гэта яўнае парушэнне, тут і юрыстам не трэба быць.

У расследаванні БРЦ, хутчэй, пытанні да вашых сумесных паездак за мяжу.

— Гэта было 11 і больш гадоў таму, я ўжо не памятаю падрабязнасці паездкі. Я даўно абмежаваў кантакты з тымі, хто застаўся на службе, бо, найперш, сам не хачу іх падстаўляць, ствараць для іх праблемы. Яны знаходзяцца ў ГУЛАГу, і трэба разумець яго спецыфіку. А ўскрываць артыкуламі імёны людзей, рабіць ім праблемы — гэта як мінімум ганебна.

Паўтаруся: у 1990-х, калі я вучыўся ў Акадэміі МУС, мы вучыліся па бел-чырвона-белых кніжках, мы ўхапілі гэты кароткі час нацыянальнага адраджэння. І нават у самой акадэміі былі вельмі годныя афіцэры, і яны яшчэ захаваліся.

Людзі розныя, нельга ўсіх пад адзін грабянец! Тыя, хто ўдзельнічаў у злачынствах, мусяць панесці пакаранне. Але ў большасці сваёй людзі адэкватныя, у тым ліку міліцыянеры.

Да таго ж, вы ж самі бачыце, колькі годных афіцэраў, выпускнікоў Акадэміі МУС, у тым жа «Белполе», колькі карысці яны прыносяць нашай бацькаўшчыне і Украіне, выкрываючы схемы рэжыму.

На раскопках рэштак Каліноўскага

«Можа, мяне зліваюць, таму што я прасоўваю гэты праект?»

— Уявім, што вы б не працавалі над дызайнам пашпарта. Вы — той самы беларус, якому ён быў аб'ектыўна патрэбны. Ваша рэакцыя на тое, што адбываецца?

— Я б паглядзеў, як сябе будуць паводзіць людзі, якія заяўляюць, што яны галоўныя ў гэтым праекце.

Пашпарт Новай Беларусі — гэта дзіця Геральдычнай рады, мы б вельмі хацелі, каб яно пабачыла свет як, напрыклад, распрацаваны Крыж добрасуседства, ці адзнака палка Каліноўскага, зробленая з металу расійскага танка Т-72, ці медаль Францыска Скарыны для дзеячаў культуры. Нам вельмі прыемна, што гэтыя і іншыя ўзнагароды ўжо знаходзяць сваіх герояў.

Гэтак жа мы хочам з пашпартам. Агулам існуе шмат прыкладаў на ўзбраенне — пашпарт Косава той жа — там няма міжнароднага прызнанага коду, але яго прызнаюць як трэвэл-дакумент, і з можна падарожнічаць.

Той жа пашпарт Тайваня без прызнанага кода ААН, тым не менш замацаваўся ў топе наймацнейшых пашпартоў свету. Ці зноў жа — літоўцы выпускалі свае нацыянальныя пашпарты ў Ватыкане падчас савецкай акупацыі. Менавіта гэты прыклад мяне і натхняў, чым мы горшыя? Або тыя ж пашпарты Ічкерыі, якія прызнаюцца міждзяржаўнымі дамовамі.

Ніхто не кажа што будзе лёгка, але «дарогу здужае ідучы». У нас вялікая дыяспары, свае народныя амбасады, дый увогуле прыклад 2020 года паказаў, што мы здольныя аб’яднацца на агульнанацыянальныя справы. У пашпарце не напісана, што яго выдала Святлана Ціханоўская ці Павел Латушка, там напісана «Беларусь». Таму і справа гэта агульная.

Якія працэсы ўнутры каманды распрацоўкі пашпарта адбываюцца цяпер?

— Пакуль накінуты туман на мяне. Калі ёсць палітычная воля, туман праляціць хутка. Калі ёсць жаданне працягваць праект, то ці будзе там удзельнічаць Мікіта, ці не будзе, — гэта нічога не значыць.

Але як беларусу мне важна, каб беларусы атрымалі нашы нацыянальныя пашпарты. Каб праца геральдыстаў, гісторыкаў, дызайнераў, пісьменнікаў і розных светлых беларусаў, якія ўклалі ў гэта душу — двухгадовая валанцёрская праца, — дайшла да людзей.

Нават калі гэты пашпарт прызнае хаця б адна краіна, гэта ўжо будзе пашпарт. У мяне няма сумневу, што гэта магчыма. Таму рэжым і шалее: друкуе фэйкавыя пашпарты, наганяе страх, недавер, дыскрэдытуе. Дыктатура разумее, што губляе кантроль над свабоднымі людзьмі.

Пакуль жа я чую, што мы з праектам пашпарта кагосьці там яшчэ чакаем, нешта шукаем… Можа, мяне за тое і зліваюць, што я якраз прасоўваю гэты праект?

І хопіць ганьбаваць адно аднаго: гэта ж выгадна рэжыму, ён на гэта працуе: сёння мы застанемся на нейкі дадатковы час без пашпартоў, бо на працу ўжо кінуты цень сумневу.

А мне вельмі хочацца, каб хаця б адзін агульнанацыянальны праект атрымаўся і зарадзіў нас пазітывам на далейшыя дзеянні і перамогі. Мы маем права звацца нацыяй, а пашпарт — гэта атрыбут нацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(29)