Политика

Загадкавы візыт арабскага шэйха

ААЭ мае статус блізкага сябра, важнага партнэра Беларусі, хоць узровень эканамічнага супрацоўніцтва даволі нізкі. У чым тут загадка? — задаецца пытаннем у сваім блогу на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Мухамэд бэн Заід аль-Нахаян, ілюстрацыйнае фота

Вонкава дачыненьні Беларусі з Абʼяднанымі Арабскімі Эміратамі выглядаюць даволі дзіўнымі. Гэтая краіна мае статус блізкага сябра, важнага партнэра, хоць, на першы погляд, ніякіх відавочных падставаў для гэтага няма. ААЭ краіна багатая, дзякуючы вялікім запасам нафты, але не сказаць, каб надта ўплывовая. Ідэалягічнай блізкасьці ніякай няма.

Эканамічнае супрацоўніцтва адбываецца на даволі нізкім узроўні. У 2018 годзе ўзаемны таваразварот склаў 72,3 млн даляраў, зь якіх 58 млн прыпалі на беларускі экспарт, 14,3 млн — на імпарт. Гэта зусім няшмат. Мінулым годам у Беларусь з ААЭ паступіла 44 млн даляраў прамых замежных інвэстыцый на чыстай аснове. Тут зарэгістравана 27 арганізацый з удзелам эмірацкага капіталу. Нядрэнна, але не настолькі, каб аддаваць гэтай краіне такую надзвычайную ўвагу.

А яна сапраўды надзвычайная. Варта адзначыць, што арабскага госьця прымалі ў Беларусі на ўзроўні, на якім прымаюць кіраўнікоў дзяржаў падчас афіцыйных візытаў: з аркестрам, які выконваў нацыянальныя гімны, дывановай дарожкай, ганаровай вартай. Хоць шэйх, паводле традыцыі, павінен стаць толькі будучым прэзыдэнтам ААЭ. На перамовах насьледнага прынца з Лукашэнкам зь беларускага боку прысутнічалі міністар замежных спраў Уладзімер Макей, памочнік прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Віктар Лукашэнка, першы віцэ-прэмʼер Аляксандар Турчын. Узровень прыёму занадта высокі для статусу госьця.

Трэба зьвярнуць увагу, што, паводле інфармацыі беларускіх незалежных СМІ, менавіта гэтаму эмірацкаму дзеячу належыць фірма, якая, згодна з указам Лукашэнкі, атрымала ў валоданьне два гектары паляўнічых угодзьдзяў непадалёк ад Лагойску.

Лукашэнка шэсьць разоў наведваў ААЭ. Прычым тры апошнія ваяжы працягваліся ня менш як тыдзень. У 2014 годзе нават паведамлялася, што каманда прэзыдэнта Беларусі правяла хакейны матч з «камандай вэтэранаў хакею Эміратаў» (!). У 2017 годзе паездка Лукашэнкі доўжылася рэкордныя 12 дзён, і гэта было самае доўгае знаходжаньне беларускага лідэра па-за межамі Беларусі. І, дарэчы, ён там, як правіла, сустракаўся з тым жа Мухамэдам бэн Заідам аль-Нахаянам. То бок у іх даволі добрыя асабістыя стасункі.

Не сакрэт, што ААЭ — даўні спажывец прадукцыі ВПК Беларусі. Не выпадкова туды рэгулярна езьдзіць зь нейкімі далікатнымі місіямі памочнік прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Віктар Лукашэнка.

У мэдыях была інфармацыя, што створаная беларускім алігархам Уладзімерам Пефціевым у Абу-Дабі фірма BelTechExport FZE, якая зьяўляецца даччынай кампаніяй «Белтэхэкспарту» (экспарт зброі), у 2017 годзе заключыла кантракт з Узброенымі сіламі ААЭ на абслугоўваньне вайсковай тэхнікі на суму каля 30 млн даляраў. У Эміраты пастаўлялася аўтамабільная тэхніка, сыстэмы навядзеньня ўзбраеньня, оптыка. Беларусь аказвае ААЭ дапамогу ў вытворчасьці бесьпілётнай авіятэхнікі і лёгкай колавай бранятэхнікі.

Ёсьць падазрэньне, што гэты гандаль зброяй не адлюстроўваецца ў афіцыйнай статыстыцы. Той факт, што грошы ад гандлю зброяй ідуць не ў дзяржаўную казну, прызнаў у 2007 годзе міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут, адказваючы ў парлямэнце на пытаньні дэпутатаў. У гэтым жа быў вымушаны прызнацца і сам Лукашэнка падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2006 году, калі адзін з кандыдатаў, Аляксандар Казулін, абвінаваціў кіраўніка дзяржавы ў прысваеньні гэтых сродкаў і задаў пытаньне: «Дзе грошы, Саша?» І той быў вымушаны апраўдвацца, даводзіць, што ён гэтыя грошы накіраваў на мадэрнізацыю ўзбраеньня для беларускай арміі, а таксама для падтрымкі банкаўскай сыстэмы, будаўніцтва сацыяльных абʼектаў.

Магчыма, гэта тлумачыць супярэчнасьць паміж вельмі прыязнымі адносінамі Аляксандра Лукашэнкі з Мухамедам бэн Заідам аль-Нахаянам і сьціплымі афіцыйнымі паказьнікамі эканамічных дачыненьняў.

Кто кроме арабского шейха может сказать «спасибо» Лукашенко

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.6(114)