Общество
Алесь Кіркевіч, Новы час

«Забытыя хваробы»: ад пранцаў да халеры

Як палова мястэчка за кароткі час магла захварэць на пранцы? Адкуль у нас узялася халера? Адкуль Люіс Кэрал узяў вобраз шалёнага Капялюшніка? Пагаворым пра «забытыя хваробы» — у Беларусі і не толькі.

Персаналізаваная халера ў выглядзе смерці

Сёння нам цяжка ўявіць стан медыцыны мінулых стагоддзяў, роўна як і стракаты калейдаскоп хваробаў, на якія пакутавалі нашы продкі. Вельмі часта фатальны ўплыў мелі месца жыхарства ды працы, прычым сам чалавек гэтыя фактары мог нават і не ўсведамляць.

Агонь, вада і свінцовыя трубы

Класічны прыклад — гісторыя са свінцовымі водаправоднымі трубамі, якімі карысталіся ў старажытным Рыме. Велізарны горад без вады не мог абысціся, таму карыстаўся крыніцамі, якія знаходзіліся за шмат кіламетраў ад самога Рыму. Як даставіць ваду ў «Вечны горад»? Праз крытыя акведукі.

Здавалася, усё было прадугледжана: адлегласць і якасць крыніцаў, крытыя акведукі, куды не трапляла дажджавая вада, і гэтак далей. На падыходах да самога гораду тунельчыкі ў акведуках былі абсталяваныя свінцовымі лістамі, сплаўленымі і закручанымі. Але свінец пры кантакце з вадой небяспечны: у малой колькасці гэта канцэраген, у вялікай — атрута…

Традыцыйна лічыцца, што гэты фактар спрычыніўся да ўпадку Вечнага горада: адбіўся на дэмаграфіі ды працягласці жыцця карэнных рымлянаў. Маўляў, Рым прайшоў праз агонь, а вось выпрабаванне вадой і «свінцовымі трубамі» не вытрымаў… Зрэшты, зараз ёсць і супрацьлеглая думка: маўляў, трубы непазбежна мусілі зарастаць глеем, таму вада ўсё ж такі не судакраналася са свінцом.

Шалёны Капялюшнік ды рак яечак у трубачыстаў

Значна менш вядомая гісторыя тычыцца сумнага лёсу вытворцаў капелюшоў у Заходняй Еўропе Новага часу. Памятаеце шалёнага Капялюшніка з «Алісы ў краіне цудаў»? Чаму менавіта Капялюшнік? Чаму шалёны?.. У часы Льюіса Кэрала ў чытачоў «Алісы…» такіх пытанняў не ўзнікала, бо падобныя гісторыі былі нормай: у сваёй працы вытворцы капелюшоў выкарыстоўвалі свінцовыя бялілы, пары ад якіх і прыводзілі да скрушных для мозга наступстваў.

Яшчэ адна прафесійная хвароба тых часоў — рак яечак у камінараў. Памочнікамі тых, хто чысціў коміны, былі дзеці і падлеткі ад 6 да 16 гадоў, якія і выконвалі ўсю брудную працу. Здаровы дзядзька, ясна, у комін не ўлезе, а дзіцё — так. За гады працы альбо ў больш сталым узросце вялізная колькасць хлопцаў памірала ад раку яечак. Спачатку з’яўлялася новаўтварэнне накшталт бародаўкі, пасля язва, пасля яна прарастала ў сярэдзіну… Далей — пакутлівая смерць.

Хлопчыкі-камінары (злева ў Стакгольме, справа ў Парыжы), ХІХ — пачатак ХХ стагоддзяў

Што ж адбывалася? Хлопцы лезлі ў коміны, збіралі мех сажы (каб пасля прадаць фарбавальнікам), мыліся добра калі раз на тыдзень, спалі ў гэтых жа счарнелых мяхах... Канцэнтраваная сажа ў кантакце з несфармаваным дзіцячым целам прыводзіла да раку. У 1788 годзе ў Брытаніі нават быў прыняты «больш гуманны» закон: маўляў, нельга браць камінарамі хлопцаў, маладзейшых за 8 гадоў.

Беларускія «дрэды» — вынік авітамінозу?

У Беларусі цяжка казаць пра прафесійныя хваробы, выкліканыя ўрбанізацыяй: да пэўнага часу львіная доля нашых продкаў жыла ў вёсках, сядзібах ды маёнтках. Тая ж воспа альбо чума збольшага абміналі нашы тэрыторыі. Прынамсі, уцямнай статыстыкі на часы Вялікага Княства па гэтым пытанні няма.

Працяг тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)