Забойства ў цёмным завулку – гэта наша гісторыя
Гляджу на маладых людзей, якія адкрываюць помнік Леніну, – што гэта для іх? Адказ будзе завучаны: «Гэта наша гісторыя».
Яны ніколі не жылі ў «саўку». А тады, між іншым, пра гісторыю казалі па-іншаму: Узяць з гісторыі агонь, а ня попел.
То бок, ня ўсё трэба браць з гісторыі.
Бываюць там, у гісторыі, эпізоды, за якія няёмка ці нават сорамна. Ну вось забіў ты чалавека ў цёмным завулку, цябе не знайшлі, і цяпер ты ўсё жыцьцё з гонарам распавядаеш пра гэта ўнукам. Вы разам наведваеце цёмны завулак, ты паказваеш, як было, і вы ўсе аж напінаецеся ад гонару за тое, што «гэта наша гісторыя». Наш дзядуля забіў чалавека ў цёмным завулку! Яго не знайшлі!
У прынцыпе, папярэдні абзац – гэта і ёсьць уся гісторыя савецкага камунізму. Гэта – наша гісторыя?
Калі не пераконвае, тады проста чытайце Леніна. У яго шмат выказваньняў пра гэта. Павесіць 1000 кулакоў, расстраляць 100 папоў, зьнішчыць...
Між іншым, нямецкія расстрэльныя ямы 2-й сусьветнай вайны для вясковых габрэяў па ўсёй беларускай зямлі таксама мелі гэты стандарт – 1000.
Гэта – ваша гісторыя? Вы настолькі гордыя ёю, што ставіце ёй помнікі? Можа, усё ж варта падумаць сваёй галавой і сьпісаць гэта ў катэгорыю «попел»?
Читайте еще
Избранное