Скандалы

Улад Швядовіч, Наша Ніва

Забойства брэсцкага дэманстранта Генадзя Шутава: 10 пытанняў, на якія няма адказаў

19 жніўня ў вайсковым шпіталі Мінска памёр 44-гадовы берасцеец Генадзь Шутаў.

У яго стралялі сілавікі падчас пратэстаў 11 жніўня. Мужчына атрымаў цяжкае раненне галавы, выратаваць яго не змаглі.

Ужо з’явілася афіцыйная версія падзей: нібыта Шутаў з сябрам узброіліся ці то трубамі, ці то арматурай і кінуліся на сілавікоў. Але ж гэтая гісторыя выглядае дзіўнавата і выклікае шэраг пытанняў, адказаў на якіх — прынамсі пакуль што — няма.

Чаму ў афіцыйных версіях СК і міліцыі разыходжанні?

У Шутава стралялі 11 жніўня. На наступны дзень міліцыя каментавала падзеі мінулых сутак.

«У Брэсце на супрацоўнікаў міліцыі напала група агрэсіўна настроеных грамадзян з арматурай у руках. Папераджальныя стрэлы ўверх іх не спынілі. Для абароны жыцця і здароўя супрацоўнікаў зброя была выкарыстана на паражэнне. Адзін з нападнікаў паранены», — паведаміла МУС.

У першым варыянце паведамлення міліцыі было напісана, што выкарыстоўвалі «табельную зброю», потым паведамленне было змененае — і слова «табельную» прапала.

Пазней каментар канкрэтна наконт справы Шутава даў Следчы камітэт:

«Папярэдне вызначана, што праваахоўнікі ўжылі фізічную сілу, перапыняючы супрацьпраўныя дзеянні нападнікаў. Адзін з праавахоўнікаў, успрымаючы дзеянні падазраваных як рэальную пагрозу жыццю і здароўю і перапыняючы спробы завалодаць табельнай зброяй, выкарыстаў у дачыненні нападніка зброю, стрэліўшы ў напрамку пляча. Аднак з прычыны актыўнага супраціву мужчыны, ненаўмысна параніў яго ў вобласць галавы».

У гэтай версіі ўжо з’явілася спроба адабраць зброю (зноў табельную) і знікла інфармацыя пра папераджальныя стрэлы ўверх.

Ёсць, канечне, верагоднасць, што паведамленне міліцыі тычыцца іншага выпадку. Але ж атрымаць адказ на гэтае пытанне ад сілавікоў не атрымалася. Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава адправіла па падрабязнасці да работнікаў брэсцкай міліцыі. Начальніца аддзялення інфармацыі УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук параіла звярнуцца па каментар у Следчы камітэт. А СК паведаміў, што ўся магчымая інфармацыя апублікаваная.

Вось толькі гэтая інфармацыя пакідае незразумелымі наступныя пытанні.

Навошта было нападаць на сілавікоў?

Двое дарослых мужчын (Шутаву — 44 гады, Кардзюкову — 40) знайшлі трубу і раптам вырашылі кінуцца на сілавікоў, каб адабраць зброю? Выглядае сумнеўна. Шутава ўсе яго знаёмыя характарызуюць як надзвычай спакойнага чалавека.

Ды і яны адышлі ў двор дома, каб што? Чакаць у засадзе з трубой сілавікоў? Паспрабаваць адабраць пісталет?

«Гэта нейкі абсурд: ведаючы, што ў горадзе куча сілавікоў, спецназа, раптам адчуць сябе героем і з кавалкам жалеза нападаць на міліцыю? Не вельмі верыцца ў гэта», — кажуць сваякі Шутава.

Як Шутава паранілі ў патыліцу, калі ён нібыта нападаў?

Сваякі загінулага кажуць, што Шутава паранілі менавіта ў патыліцу. Выйшла куля — калі выйшла — праз лабавую частку твару. Прынамсі, лабавая частка была моцна параненая.

Па афіцыйнай версіі, Шутаў нібыта спрабаваў адабраць табельную зброю. Каб пазбегнуць гэтага, сілавік вырашыў страляць яму ў плячо (што таксама, дарэчы, дзіўна) і прамахнуўся. Як тады куля трапіла ў патыліцу?

З якой зброі стралялі?

З паведамлення Следчага камітэта можна зрабіць выснову, што ўсё ж стрэл быў з табельнага пісталета. Але канкрэтнага адказу так і няма. Сваякі Шутава таксама не маюць адказу.

«У прычынах смерці запісана траўма галаўнога мозгу, пра агнявы стрэл там увогуле нічога няма», — кажуць сваякі.

Ці быў усё ж папераджальны стрэл?

У паведамленні міліцыі была інфармацыя, што група людзей не рэагавала на папераджальныя стрэлы ўверх. У каментары СК пра гэтыя стрэлы нічога не сказана.

«Паводле нашай інфармацыі, стрэл у Генадзя быў менавіта першым. Дакладна можна будзе сказаць пасля вынікаў балістычнай экспертызы, калі іх агучаць», — кажуць сваякі Шутава.

Словы сведкаў і відэзапіс: барацьбы з міліцыяй не было?

У распараджэнні «Нашай Нівы» ёсць словы чалавека, які называе сябе сведкам інцыдэнту. Мужчына сцвярджае, што быў дома, пасля пачуў гучны хлапок. Пасля, кажа, выйшаў на балкон і ўбачыў сілуэты: адзін пабег, другі за ім (меркавана, збягаў Кардзюкоў). На зямлі ў двары ляжаў чалавек.

То-бок нападнікі з трубой кідаліся на міліцыянераў у цішыні? Чаму не было чуваць гукаў барацьбы перад «хлапком»? Крыкаў?

Важны момант: пацверджанняў, што гэтыя чалавек сапраўды быў сведкам інцыдэнту, Рэдакцыя не мае.

Але ў інтэрнэце распаўсюджваецца відэа, знятае якраз з вакна дома, у двары якога стралялі ў Шутава. Дата здымкі невядомая, але відэа падаюць як знятае ноччу 11 жніўня.

На відэа падзеі не бачныя — бо цёмна. Але добра чуваць, як нейкі мужчына бяжыць і крычыць: «Ляжаць!» Адразу ж гучыць стрэл, і той жа голас крычыць: «Ляжаць мордай у падлогу, урод!»

Пасля той жа голас спыняе напарніка (?): «Жэня, стой».

Калі на запіс сапраўды трапіў стрэл у Шутава, то падобна на тое, што ён бяжаў ад чалавека са зброяй — а не кідаўся на яго. На карысць гэтай версіі кажа тое, што куля ўвайшла ў патыліцу.

Але, магчыма, страляў і крычаў сілавік, які бег за Кардзюковым? Зноў жа, даведацца пра гэта можна будзе ці калі Кардзюкова адпусцяць, ці калі ён будзе даваць паказанні на судзе.

Дарэчы, каментары людзей, якія здымалі відэа («Гэта не мент!») падказваюць, што людзі са зброяй былі ў цывільным, не ў міліцэйскай форме і не ў форме амапу. Прасцей кажучы — узброеныя ціхары.

Паводзіны Кардзюкова: спакойна чакаў затрымання?

Па словах сваякоў Аляксандра Кардзюкова, другога ўдзельніка інцыдэнту, ён пасля ўсяго вярнуўся дадому і жыў звычайным жыццём. Не хаваўся, не спрабаваў збегчы — хаця суткі таму разам з сябрам нібыта кідаўся на сілавікоў з трубой і спрабаваў адабраць зброю, а раніцай даведаўся, што сябру прастрэлілі галаву? Няўжо Кардзюкоў не ведаў, што раней ці пазней да яго прыйдуць?

Хтосьці мяркуе, што ён быў у шоку. Ёсць іншая версія: маўляў, не працаваў інтэрнэт, і Кардзюкоў не ведаў, што Шутава сур’ёзна паранілі, а думаў, што яго сябра проста затрымалі.

Версію Аляксандра Кардзюкова мы даведаемся толькі на судзе. Сёння ён у ізалятары. Кардзюкова вінавацяць у тым, што ён супраціўляўся міліцыі з прымяняненнем гвалту.

Блізкім не дазваляюць спатканне з Кардзюковым.

Чаму так доўга не аддаюць цела?

«Чаму яго не аддаюць, мы не ведаем. Усе патрэбныя маніпуляцыі з целам праведзеныя. Навошта яго трымаць? Маё меркаванне: каб не хаваць на выходных, бо на пахаванне прыйдзе шмат людзей. Можа, аддадуць у будні, калі градус спадзе, — мяркуе Наталля, сваячка Шутава. —

Іншых прычын я не бачу. Цела знаходзіцца ў моргу ў Мінску. Ведаем, што яго ўжо падрыхтавалі, пераапранулі, забальзамавалі для пахавання. Нам сказалі ў пятніцу: можа, сёння пасля ўскрыцця аддадуць. Мы чакалі, але раптоўна цела вырашылі пакінуць у моргу на нявызначаны тэрмін».

Што з тым, хто страляў?

Невядома, хто затрымліваў Шутава і Кардзюкова: міліцыя, АМАП, унутраныя войскі? МУС пра асобы сілавікоў не кажа нічога. Тое ж і Следчы камітэт: маўляў, усю магчымую інфармацыю мы агучылі.

Але ж ці заведзена крымінальная справа на тых, хто прымяніў зброю? Ці хаця б праводзіцца праверка? Яны працягваюць працаваць?

На гэтыя пытанні ніхто не адказвае.

Пытанне даверу сілавікам

Гэтае пытанне сёння — найгалоўнае. Бо сілавікі ўжо агучвалі сваю версію смерці іншага пратэстоўца — Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў 10 жніўня ў Мінску.

Тарайкоўскі нібыта хацеў кінуць у амапаўцаў выбухоўку, якая разарвалася ў яго руках, паведамляла МУС. Але сужыцелька Тарайкоўскага распавяла, што афіцыйнай прычынай смерці мужчыны была адкрытая рана грудной клеткі і страта крыві.

Пазней таксама з’явілася некалькі відэазапісаў з розных ракурсаў, на якіх бачна, што Тарайкоўскі падыходзіць да сілавікоў без зброі, раскінуўшы рукі, у якіх нічога не выбухвае. Пасля відаць стрэл з шэрагу сілавікоў — і мужчына падае, паранены ў грудзі.

Магчыма, з цягам часу з'явяцца і іншыя падрабязнасці смерці Генадзя Шутава — якія таксама могуць абвергнуць афіцыйныя заявы. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(6)