Общество

«Забіваць нельга нікога — нават такіх людзей, як Ярмошына»: фэміністкі патлумачылі, чаму не жадаюць ратаваць старшыню ЦВК

«Дзе наогул ваша абарона, спадарыні фэміністкі, мяне, пажылой жанчыны, ад замахаў?», — заявіла 4 чэрвеня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Беларускія фэміністкі адказалі ёй праз Радыё Свабода. Вось выбраныя цытаты.

Я лічу, што фізычна зь ёй рабіць што-небудзь нельга. На жаль, мы амаль упэўненыя, што яна падманвала грамадзтва. За гэта трэба судзіць, але трэба, каб усё было цывілізавана, каб у яе былі адвакаты, каб яе фізычна не краналі.

Натальля Кулінковіч, выкладчыца, сумадэратарка суполкі Femtalking

Калі паглядзець на Ярмошыну, то гэта чалавек, які мае ўладу, і мы бачым, што яна злоўжывае ўладай. Калі ты злоўжываеш уладай, цябе будуць за гэта крытыкаваць, жанчына ты ці мужчына.

Вольга Шпарага, філёзаф

Заклік да фэміністак — гэта дэмагогія і нічога больш. Ну, хочацца ёй нас зачапіць, вось і чапляецца. Гэта абсалютна клясычны падыход, які выкарыстоўваюць людзі, якія ненавідзяць фэмінізм.

Наста Захарэвіч, блогерка

Калі раптам Лідзію Ярмошыну паб’юць ці заб’юць, я абавязкова пра гэта напішу, як пішу пра іншых жанчын, якія цярпяць ад гендэрна абумоўленага гвалту альбо становяцца ягонымі ахвярамі. Я пастаўлюся да гэтага злачынства гэтак сама, як стаўлюся да ўсіх астатніх. Бо забіваць нельга нікога — нават такіх людзей, як Лідзія Ярмошына.

Наста Захарэвіч, блогерка

Адна з каардынатарак ініцыятыўнай групы «Маршыруй, дзетка» Марыша Корж кажа, што было б добра, каб старшыня ЦВК падтрымала жанчын, а не прасіла абароны ў іх:

— Вельмі зручна заклікаць фэміністак дапамагчы, калі табе гэта зручна, асабліва, калі табе раптам патрэбная жаночая салідарнасьць, калі хочацца кінуць кагосьці на барыкады. Але я асабіста і мае каляжанкі-актывісткі ня можам падтрымаць Лідзію Міхайлаўну проста таму, што яна жанчына. Яна не проста жанчына, яна жанчына, якая

- трансьлюе антыжаночую павестку замест пашырэньня правоў і магчымасьцяў (вары боршч, а ня лезь на выбары, да прыкладу);

- не разумее ці робіць выгляд, што не разумее, што такое гендэрная дыскрымінацыя (яна не падтрымала жанчын, калі Аляксандар Лукашэнка сказаў, што Канстытуцыя не пад жанчыну напісана);

- і наогул Лідзія Ярмошына валодае велізарным рэсурсам і падтрымлівае гвалт у дачыненьні да грамадзян (і жанчын у тым ліку).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(105)