Скандалы

Забіраюць на Акрэсціна за БЧБ-сцягі ў вокнах — ужо вядома пра тры выпадкі

Нашай Ніве стала вядома адразу пра некалькі гісторый, калі жыхароў Цэнтральнага раёна Мінска затрымлівалі за тое, што ў іх вісіць на балконе нацыянальны сцяг. Адзін мужчына ўжо нават асуджаны на суткі: за «масавае мерапрыемства — пікетаванне шляхам размяшчэння сцяга».

Іншыя чакаюць судоў.

«Мы жывём у Вяснянцы, на вуліцы Лесі Украінкі. Сцяг са жніўня вісеў на балконе: стандартнага памеру, метр сорак на семдзясят сантыметраў, — расказвае мінчанка Таццяна Котава. — А ўчора да нас прыйшлі.

Што дакладна адбылося, я не ведаю — мяне не было дома, у кватэры застаўся мой 18-гадовы сын Андрэй.

Андрэй Котаў

Ведаю толькі пераказ падзей са слоў суседзяў. Яны кажуць, што прыйшлі сілавікі, запатрабавалі зняць сцяг. Сын нібыта адмовіўся — і яго забралі».

Андрэй быў спачатку ў Цэнтральным РУУСе.

«У сына бранхіяльная астма, я аддала міліцыянтам лекі для яго, абяцалі перадаць. А сёння сын ужо на Акрэсціна. Вінавацяць па 23.34. Пакуль не ведаю, калі адбудзецца суд, — кажа Таццяна. — Сцяг так і застаўся вісець на балконе. Пакуль я здымаць яго не буду — а там паглядзім. Магчыма, павесім сушыцца бялізну».

Два падобныя выпадкі адбыліся і з жыхарамі мікрараёна Лебядзіны.

«Учора а 10-й раніцы прыкладна пачалі грукаць у дзверы. Муж адкрыў — там за дзвярыма стаяў мужчына гадоў 40, які адразу паспрабаваў прарвацца ў кватэру. Муж не даў, пачаў пытацца, хто ён такі, — расказвае Настасся, жыхарка Лебядзінага. —

Справа ў тым, што мой муж — былы следчы. Яго завуць Ілля Рокач, пра яго нярэдка пісалі. Ён звольніўся гады паўтары таму, адразу пасля Еўрапейскіх гульняў.

Ілля Рокач

Ну і муж, як былы следчы, пачаў пытацца ў нашага «госця», адкуль той. Той адказвае: з Цэнтральнага РУУСа. Муж тады кажа: дык я раней працаваў следчым у Цэнтральным раёне, пайшлі, маўляў, у калідор, усё абгаворым спакойна.

Яны выйшлі. Праз хвіліны дзве вярнуліся, муж сказаў мне, што яго забіраюць у РУУС, каб скласці пратакол. Я спыталася, за што пратакол? «Госць» сказаў, што за сімволіку на балконе.

Я пачала казаць, што няма ж пастановы ці закона, якія забараняюць гэтую сімволіку. Мужчына размаўляць не хацеў: маўляў, трэба скласці пратакол і ўсё тут.

Муж спытаўся: а калі я зараз здыму сцяг? Адказ быў: усё адно паедзем у РУУС».

Анастасія зняла, як забіраюць яе мужа

Іллю вывелі ў двор. «Пад’ехаў «бобік», мужа забралі. А мужчына, які да нас ламіўся, не сеў у машыну, а пайшоў у бок іншага дома, — згадвае Настасся. —

Муж праз дзве гадзіны пазваніў і сказаў, што ён у Цэнтральным РУУСе. Я знайшла яму адваката, але адвакат быў у адзяленні пяць гадзін — і так і не змог убачыць Іллю. Чаму — я не ведаю, адвакат таксама.

Увечары я шукала Іллю гадзінамі, званіла ў РУУС, там казалі, што яго няма, і раілі шукаць на Акрэсціна. Але на Акрэсціна адказвалі, што яго і тут няма. У выніку, калі ўбачылі імя мужа ў спісах валанцёраў, толькі тады міліцыянты ў Цэнтральным РУУСе прызналі, што ён яшчэ ў іх. Сказалі, што на мужа склалі пратакол па артыкуле 23.34.

Сёння пошукі паўтарыліся. Я змагла даведацца, што муж на Акрэсціна толькі пасля таго, як напісала заяву аб знікненні чалавека. Цяпер Ілля пад вартай, чакае суда».

Анастасія кажа, што суд над Іллём Рокачам будзе сёння, 1 снежня.

«А сцяг на балконе я пакуль пакінула вісець. Здымаць не планую», — кажа дзяўчына.

І яшчэ адна гісторыя з Лебядзінага, якая скончылася пратаколам «за масавы пікет» і 7 суткамі зняволення. Але тут да людзей прыйшлі праз сцяг, які ўжо нават не вісеў у кватэры.

«Раніцай у нядзелю мне пазванілі са схаванага нумара, кажуць: гэта міліцыя, прыйдзіце ў Цэнтральнае РУУС пісаць тлумачальную, у вас сцяг на балконе. Я адказваю: няма сцяга, не пайду. Муж забраў слухаўку, кажа ім: на якой падставе да вас ісці, я не ведаю, з кім размаўляю. Калі вам трэба — самі прыходзьце, паказвайце дакументы, што вы сапраўды міілцыя.

Ну і праз гадзіну да нас прыйшлі, — расказвае Лідзія Кабанава. — У нас звычайна дзверы адчыненыя — і проста трое зайшлі без запрашэння адразу ў кватэру. Былі ў міліцэйскай форме, але пасведчанні не паказалі. Напалохалі малодшае дзіця, яно хавалася за канапай ад іх.

І адзін з міліцыянтаў кажа: ваш муж здзейсніў злачынства! На гэта я адказваю: дык вы кожны дзень іх здзяйсняеце — і ходзіце на волі!»

Лідзія кажа, што міліцыянты паказалі фота балкона яе кватэры — маўляў, на ім вісіць сцяг.

«А мы сцяг знялі ўжо тыдзень таму — да нас прыходзіў работнік з МНС, папрасіў прыбраць. Муж сказаў: ладна, пасля назад павешу. Ну і рукі не дайшлі пакуль.

Мы кажам міліцыянту: дык сцяг не вісіць. Ён адказвае: трэба ехаць пісаць тлумачальную, самі не паедзеце, забяром прымусова, — расказвае Лідзія Кабанава. — Муж сабраўся, паехаў у Цэнтральнае РУУС з імі. Праз дзве гадзіны мне пазванілі з міліцыі, паведамілі, што муж затрыманы і яго павязуць на Акрэсціна.

Я пайшла перадаць яму рэчы і забраць яго куртку. У кішэні курткі быў кашалёк, і ў ім прыкладна 500 даляраў і 650 рублёў. Дык калі мне аддалі куртку, у гаманцы грошай ужо не было. Замест іх дзве паперкі. Першая — што на сродкі мужа наклалі арышт. Другая паперка — пратакол, што муж «зладзіў масавы пікет шляхам вывешвання сцяга на балконе».

Я прачытала — і проста рагатала з таго пратакола».

Суд над мужам Лідзіі быў 30 лістапада. Суддзя Карсюк прызнаў Дзмітрыя Кабанава вінаватым па артыкуле 23.34 — і мужчына атрымаў 7 сутак.

«Чаму прыйшлі менавіта да нас — я не ведаю. Муж не актывіст, не палітык, звычайны беларус», — кажа Лідзія Кабанава.

Начальнік Цэнтральнага РУУС Артур Шахлай, фота «Мінск-Навіны»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(31)