Общество
Анастасія Зелянкова

“За ўмацаванне станоўчага іміджу Украіны”

Прэзідэнт Украіны ўзнагародзіў беларускіх пісьменнікаў Ніла Гілевіча, Алеся Пашкевіча і Сяргея Законнікава ордэнамі. Нашы літаратары ўвайшлі ў лік тых замежных грамадзян, якіх Віктар Юшчанка адзначыў з нагоды 15-годдзя незалежнасці Украіны.

Паводле прэзідэнцкага ўказа, “за важкі ўнёсак у развіццё міжнароднага супрацоўніцтва, умацаванне аўтарытэта і станоўчага іміджу Украіны ў свеце, папулярызацыю яе гістраычных і сучасных дасягненняў” Ніл Гілевіч быў ушанаваны ордэнам князя Яраслава Мудрага 2-й ступені, Алесь Пашкевіч і Сяргей Законнікаў узнагароджаныя ордэнамі “За заслугі”.

Пра прысуджэнне яму ордэна Алесь Пашкевіч даведаўся ўчора ўвечары.

— Мне патэлефанавалі з амбасады і павіншавалі з узнагародай., — расказаў “Салідарнасці” Алесь Пашкевіч. — У пэўнай ступені гэта было нечаканасцю. Хаця і сюрпрызам дзяржаўную ўзнагароду не назавеш.

Алесь Пашкевіч ужо даўно і плённа супрацоўнічае з суседняй дзяржавай. Ягоныя вершы неаднаразова друкаваліся па-ўкраінску. Хутка на ўкраінскай мове павінен з’явіцца і раман “Пляц Волі”, осбныя главы з якога ўжо выходзілі ў перыёдыцы.

— Гэта якраз той раман, які Азаронак у сваім фільме “Духоўная вайна” назваў фашысцкім, — узгадвае Пашкевіч. — Шчыра кажучы, крыху ніякавата становіцца ад таго, што цябе прызнаюць недзе за межамі, а на радзіме ставяцца менавіта такім чынам.

Пра сваё ўзнагароджанне Алесь Пашкевіч гаворыць неахвотна.

— Сціплыя мае заслугі перад Украінай. Хутчэй я гэтую ўзнагароду разглядаю як аванс наперад таго, што будзе яшчэ зроблена на глебе культурнай і нацыянальнай паміж нашымі дзвюма дзяржавамі, — адзначае ён.

Ніл Гілевіч і Сяргей Законнікаў таксама досыць вядомыя пісьменнікі на Украіне. Гілевіч вельмі шмат перакладаў украінскіх аўтараў. Што ж тычыцца Законнікава, то ён аб’ездзіў Украіну ўздоўж і ўпоперак — у многіх кутках суседняй краіны яго ведаюць нават лепш, чым на Беларусі.

Калі у Беларусі апошнім часам перад нашымі літаратарамі зачынены дзверы нават у школы і навучальныя установы, то ва Украіне іх прымаюць на самым вышэйшым узроўні. Апошнія ўзнагароды — яшчэ адно таму сведчанне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)