Прыгажуня дня
Марына ЗАГОРСКАЯ, фота Уладзiмiра Багданава

За Саветы без спірту!

Многiя аматары моцных напояў не на жарты пакрыўджаныя на Дзмітрыя Мендзялеева — маўляў, гэта ён вынайшаў саракаградусную гарэлку, хаця мог бы “нахімічыць” і нешта мацнейшае. Але навуковая дзейнасць стваральніка табліцы хімічных элементаў не мела прамога дачынення да піцейных эксперыментаў.

Проста тады, калі ў Расіі ўвялі дзяржаўную вінную манаполію, Мендзялееў узначальваў якраз палату, якая выпрацоў-вала дзяржаўныя стандарты і сачыла за якасцю такой стратэгічнай прадукцыі, як золата, срэбра і, зразумела, моцныя напоі.

Ніхто ўжо не памятае, ці зрабілася прыведзеная да агульных паказчыкаў якасці гарэлка смачнейшай за былую безакцызную, але стандарт у 40 градусаў перажыў большасць вінакурняў. Хоць быў час, калі вытворчасцю спірту займаўся амаль кожны ўладальнік сядзібы. І, дарэчы, толькі ў Беларусі была наладжаная вытворчасць кашэрнай гарэлкі — “піясахоўкі”.

Лічыцца, што вінакурні распладзіліся на тэрыторыі Беларусі ў другой палове XIX ст.
— Але ў статыстычным пераліку “Фабрычна-заводскія прадпрыемствы Расійскай імперыі”, што быў выдадзены ў Петраградзе ў 1914-м, узгадваецца, што Пуслоўскія наладзілі вытворчасць спірту яшчэ ў 1813 годзе. Звестак пра існаванне больш старых прадпрыемстваў такога кшталту я не знайшоў, — гаворыць даследчык беларускага прадпрымальніцтва Вадзім Сяховіч. — Дарэчы, на беларускіх вінакурнях атрымлівалі такі якасны спірт, што да ўвядзення дзяржаўнай піцейнай манаполіі ў Ра-сійскай імперыі яго лічылі за лепшае выкарыстоўваць на заводах Пятра Смірнова — пастаўшчыка двара Яго Імператарскай Вялікасці.

А пры манаполіі пабудавалі дзяржаўныя акцызныя склады, куды навакольныя вінакурні здавалі на перагонку ўсю сваю прадукцыю. Каб гаспадары не маглі ўтаіць ні кроплі спірту, паўюдна ўстанаўліваліся адмысловыя лічыльнікі. І ўсё ж менавіта акцызны перыяд паспрыяў развіццю вінакурняў.

— Бо дзяржава стала гарантаваным спажыўцом прадукцыі, на якую існаваў трывалы попыт на шырокіх імперскіх абшарах, — аналі-зуе сітуацыю на тагачасным рынку гісторык Андрэй Кіштымаў. — У Беларусі былі адпаведныя гатункі зернавых і бульба — прадукт, які трэба абавязкова скарыстаць за пэўны час. З іх і гналі спірт. Пад бокам знаходзіліся энергарэсурсы — дровы. Дзяржава ж дзякуючы манаполіі нядрэнна зарабляла. У крамах губернскіх гарадоў гандлявалі гарэлкай з 7 гадзін раніцы да 10 вечара. Літр яе каштаваў 17 капеек, а чорнарабочы атрымліваў за тыдзень 5 рублёў.

Дазвол Мінскага губернскага праўлення на будаўніцтва вінакурні ў Савейках уладальнік маёнтка Тэафіл Навіцкі атрымаў у 1901 годзе. Пэўна, гэты крок ён лічыў не меншым дасягненнем, чымсьці перамогу ў доўгатэрміновай цяжбе з панамі Рдутулоцкімі за права валодаць сядзібай. На фасадзе былога прадпрыемства і сёння добра відаць ініцыялы ўладальніка — “ТN”.

— На заводзе меліся чатыры вытворчыя блокі. Даўжыня будынка па фасадзе — 44 метры, шырыня — 18 метраў. Побач стаяў двухпавярховы прыёмнік спірту — у ім цяпер жывуць людзі, — распавядае знаўца старасвецкіх сядзіб Анатоль Федарук.

У першую сусветную вайну ў Расійскай iмперыi быў уведзены сухі закон. Але вінакурня ў Свейках працягвала працаваць.

— Хутчэй за ўсё, спіртовая вытворчасць спынілася тут, як і ў суседняй Грушаўцы, 17 верасня 1939 года, калі стала вядома, што ў бліжэйшае мястэчка Сіняўка прыйшла Чырвоная Армія, — лічыць мясцовы краязнаўца Георгі Беразоўскі.

Па словах відавочцаў, у той дзень з цыстэрнаў, якія не паспелі вывезці Навіцкія, спірт ліўся ў сажалку ручаямі. Людзі чэрпалі яго кубак за кубкам. Таму і сустрэлі чырвоных п’яныя і шчаслівыя. А Саветы ўзялі ды і зачынілі вінакурню.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)