Скандалы
Яўген Васьковіч, «Радыё Свабода»

За падпал КДБ далі па сем гадоў

У судзе Бабруйску і Бабруйскага раёну скончыўся разгляд крымінальнай справы па факце падпалу мясцовага будынка КДБ. Вінаватымі прызнаныя Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павал Сырамалотаў. Паводле выраку судзьдзі Паўла Карцініна кожны зь іх атрымаў па сем гадоў зьняволеньня ў папраўчых калёніях узмоцненага рэжыму.

Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Павал Сырамалотаў прызнаныя вінаватымі па двух артыкулах крымінальнага кодэксу: "Злоснае хуліганства" і "Наўмыснае нанясеньне шкоды ў асабліва буйных памерах".

Прысуд хлопцам мала чым адрозьніваўся ад таго, што прапаноўваў бок абвінавачваньня. Пракурор Тоўсьцік прасіла суд асудзіць іх на тэрміны ад сямі з паловай да васьмі гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле абвінаваўцы, віна пасудных была цалкам даказаная папярэднім сьледзтвам. Яна даводзіла, што дзеяньні падсудных маглі прывесьці да зьнішчэньня ўсяго будынка КДБ. Страты маглі скласьці блізу двух мільярдаў рублёў. Напад на КДБ, паводле яе, быў відавочным выклікам грамадзтву з дэманстрацыяй сваёй бяскарнасьці.

Адвакаты з пазыцыяй абвінаваўцы не пагаджаліся. Яны прасілі суд улічыць, што паказаньні абвінавачаныя давалі пад ціскам. Акрамя таго, яны ня мелі на мэце спаліць будынак КДБ, як настойвае абвінаваўца, а толькі яго пашкодзіць. Довады абвінаваўцы, пераконвалі адвакаты суд, сфармуляваныя на падставе таго, што толькі магло б адбыцца. Рэальныя ж страты ад нападу склалі 253 тысячы рублёў, і гэтыя грошы ўжо выплацілі.

Казалі адвакаты й пра прапагандысцкі фільм Беларускага тэлебачаньня пра напад падсудных на будынак КДБ. У фільме выкарыстаныя запісы з папярэдняга сьледзтва. Іх падабаронных паказалі там як людзей, у якіх няма ўласных жыцьцёвых перакананьняў, якія гатовыя ўсё нішчыць на сваім шляху. Адвакат Васьковіча зьвярнуў увагу суду на тое, што яго падабаронны тлумачыў свой учынак як адказ на непрапарцыянальныя дзеяньні праваахоўных органаў Беларусі ў адносінах да той моладзі, якая выступае з патрабаваньнямі свабоды й дэмакратыі. Адвакаты прасілі суд пакараць хлопцаў, не пазбаўляючы іх волі.

Сырамалотаў і Пракапенка ў сваіх апошніх словах казалі пра раскаяньне і прасілі ў суду палёгкі ў пакараньні. Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб учыненым. Ён назваў сябе ліцьвінам і дадаў, што яго сьвяты абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасьці. За іх я ўмерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а радзіма вечная, казаў хлопец. Яго не спалохаюць цяжкасьці, і ён з годнасьцю іх пройдзе. Скончыў свой кароткі выступ Васьковіч воклічам: "Жыве Беларусь!".

Па сканчэньні працэсу адвакаты паведамілі, што будуць абскарджваць вырак Бабруйскага суду ў Магілёўскім абласным.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)