Экономика
Ягор Марціновiч, «Наша Ніва»

За месяц чыстыя замежныя актывы банкаўскай сістэмы зменшыліся ў 12 разоў

Наблізіліся да нуля, i да канца кастрычніка яны скоцяцца на адмоўны ўзровень.

Чыстыя замежныя актывы банкаўскай сістэмы лічацца адным з найважнейшых індыкатараў здароўя беларускага фінансавага рынку.

Гэта розніца паміж усімі «багаццямі» банкаў — золатам, замежнымі дэпазітамі, каштоўнымі паперамі — і абавязальніцтвамі перад замежжам.

У Беларусі апошніх гадоў праблемы ўзнікаюць, як толькі ўзровень гэтых актываў падае ніжэй за $ 2 мільярды.

Упершыню гэта здарылася ў пачатку 2009 і адлюстравалася ў 20%-най дэвальвацыі рубля. Прычым эканоміку гайдала ўвесь год.

На мяжы $ 2 мільярдаў чыстыя замежныя актывы банкаўскай сістэмы вагаліся і летам 2010, калі ў дзяржавы часам бракавала грошай нават на тое, каб расплаціцца за газ.

Крутое піке чакала эканоміку ў 2011. Актывы скаціліся за «неабходны паказчык» яшчэ за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў. У маі 2011 яны складалі катастрафічныя -$ 2,5 мільярда.

І вось цяпер індыкатар сігналізуе пра небяспеку чарговага абвалу. Праблемы пачаліся яшчэ год таму, аднак падушка бяспекі дазваляла не заўважаць іх. Апошнія месяцы актывы скарачаліся на $ 500—600 мільёнаў штомесяц.

А ў верасні падзенне дасягнула $ 850 мільёнаў!

У выніку чыстыя замежныя актывы банкаўскай сістэмы апусціліся да $ 76 мільёнаў. Калі дынаміка не зменіцца, то яны ўжо ў гэтым месяцы апынуцца на адмоўным узроўні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)