Экономика
Наста Ігнатовіч, Еўрарадыё

За камунальныя плацяжы можна разлічыцца натурай

Звычайна ЖЭСы разбіраюцца з неплацельшчыкамі проста — адключаюць камунальныя паслугі. Але як даведалася Еўрарадыё, даўжніка могуць і працаўладкаваць у ЖЭС, дворнікам. Гэта звычайная практыка, расказала нам бухгалтарка Мінскага ЖЭС №22.

“Гэта абавязкова, мы таксама працаўладкоўваем, але гэта звычайна. Усе так робяць. Працаўнікамі па комплекснай уборцы, — дворнікамі”, — кажа бухгалтарка.

Па яе словах, неплацельшчыку прапаноўваюць ісці працаваць дворнікам. Але спярша яму трэба напісаць заяву, што ён абяцае не піць:

“Ён не працуе, так. Па гэтай прычыне не плаціць. Мы прапаноўваем ісці працаваць да нас. Толькі ён адразу піша заяву, што калі будзе піць, то мы яго адразу ж звальняем. Ну, і некалькі месяцаў трымаем, пакуль ён не пагасіць запазычанасць. Калі нармальна працуе, то так і працуе далей”.

У ЖЭСе №22 такіх даўжнікоў чатыры чалавекі. А некаторыя так і засталіся працаваць, нават пакрыўшы доўг:

“ У нас такіх тры ці чатыры чалавекі. У нас ёсць такі, хто быў неплацельшчыкамі, а цяпер засталіся і працуюць”.

Запазычанасць у такіх даўжнікоў вылічваюць з заробку. І нават пасля таго, як яны ўжо аддалі пазыку. “А што?, — кажуць у ЖЭСе, — ёй галава не баліць:

“Парахімовіч у нас ужо 5 ці 6 год працуе, яна напісала заяву і я кожны месяц з яе ўтрымліваю, а ў яе і галава не баліць”.

У астатнім ЖЭСы з неплацекльшчыкамі змагаюцца звычайна, — адключаюць ім элекрычнасць

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)