Общество
Анастасія Зелянкова

За “Чарнобыльскі шлях” Валянціну Палевікову і Аляксея Янукевіча пакаралі штрафамі

Адміністрацыйнымі штрафамі за парушэнне грамадскага парадку падчас правядзення “Чарнобыльскага шляху” пакараныя заяўнікі акцыі — актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валянціна Палевікова і намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Суд Савецкага раёна Мінска прысудзіў ім па 25 і 30 базавых велічынь адпаведна.

— Гэта абсалютна незаконнае рашэнне, — пракаментавала “Салідарнасці” судовы прысуд Валянціна Палевікова. — Нас судзілі за тое, што мы нібыта парушылі закон таму што выйшли на праезджую частку, чым перашкаджалі руху транспарту. Але ж іншага шляху не было — на тратуары ішлі рамонтныя працы, стаяла тэхніка, што бачна і на відэаматэрыялах, які праглядаліся ў судзе. І вельмі крыўдна, што ў гэты час міліцыя і ДАІ замест таго, каб дапамагчы праходу людзей, перапісвала нумары машын, якія вымушаныя былі чакаць. Гэтыя спісы на дзве старонкі супрацоўнікі праваахолўных органаў і прадаставілі суду.

Да таго ж Валянціна Палевікова адзначыла, што зусім неабавязкова было выхопліваць арганізатараў мерапрыемтва з іх кватэр, каб потым даставіць у суд.

— Дастаткова было даслаць запрашэнні — мы б і самі прыйшлі, — заўважае яна.

Як вядома, сёння супрацоўнікі міліцыі затрымалі Аляксея Янукевіча пры выхадзе з уласнай кватэры. Яго завезлі ў Савецкі РУУС, дзе склалі пратакол па арт. 23.34 КаАП, пасля чаго адразу ж даставілі ў суд. Днём раней такім жа чынам у Савецкі РУУС трапіла і Валянціна Палевікова.

Суд Савецкага раёна палічыў актывістаў вінаватымі паводле арт. 23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне грамадскага парадку падчас правядзення масавых мерапрыемстваў) і прыгаварыў да штрафаў. Паводле прыгавору, Валянціна Палевікова мусіць сплаціць дзяржаве 25 базавых велічынь (750 тысяч рублёў), Аляксей Янукевіч — 30 (945 тысяч рублёў). Суд над яшчэ адным заяўнікам акцыі — актывістам Партыі БНФ Юрасём Зяньковічам адкладзены па прычыне яго хваробы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)