«З уладай як з дранікамі — наеўся і ізноў хочацца»

На Радыё Свабода абмеркавалі палітычныя пляны Аляксандра Лукашэнкі, згадаўшы шматлікія заявы кіраўніка Беларусі пра тое, што ён «наеўся улады». Падчас нядаўняй «Вялікай размовы» прэзідэнт нават заявіў, што пасьля выбараў Канстытуцыю давядзецца мяняць. Сяргей Навумчык лічыць, што гэта «бомба пад грамадзтва».

Аглядальнік Свабоды Віталь Цыганкоў так пракаментаваў гэтую сытуацыю:

— Наконт таго, што наеўся ўлады... Бывае, што наеўся чалавек чагосьці смачнага, дранікаў, напрыклад, і здаецца, што ніколі больш ня хочацца гэтых дранікаў есьці. Прайшло два-тры дні, усё забылася і зноў можна дзьве талеркі гэтых дранікаў зьесьці.

Так і з той уладай. Сёньня ён кажа і, магчыма, шчыра кажа (уявім такое, што Лукашэнка можа шчыра казаць), што наеўся ўлады і больш ня хочацца. А раптам праз пяць гадоў, калі будзе заканчвацца наступны тэрмін, ён зноў падумае, што няма каму аддаваць, сытуацыя цяжкая. Беларусь без мяне куды падзенецца. І ізноў будзе працягваць.

Я б так і ўспрымаў, што гэта — заявы на сёньняшні дзень і гэта нічога не гарантуе. Гэта нічога канкрэтнага нам ня кажа пра палітычную будучыню Беларусі.

Дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ скліканьня, журналіст ​Сяргей Навумчык ацэньвае становішча інакш:

— Я мяркую, што Лукашэнка нікому перадаваць уладу ня будзе. Ён будзе заставацца на пасадзе кіраўніка краіны да канца. Наколькі ён зможа заставацца, столькі і будзе. Што выклікае трывогу.

Калі 25 гадоў таму Канстытуцыя прымалася (дарэчы, Лукашэнка быў членам канстытуцыйнай камісіі), былі сотні старонак стэнаграмаў дыскусій, сотні публікацый у газэтах. Гэта сапраўды было ўсенароднае абмеркаваньне, як тады казалі. Хто быў зацікаўлены, выказваўся. Два ці тры гады ішлі дэбаты і наконт прэзыдэнцтва, і наконт падзелу ўладаў.

Зараз грамадзтву прапануецца кот у меху. Ненармальная сытуацыя, што мы сядзім тут і прагназуем, што меў на ўвазе Лукашэнка. У нармальнай краіне гэта павінна ісьці ад грамадзтва. Грамадзтва павінна прапаноўваць, а не адзін чалавек.

Калі 25 гадоў таму прымалі Канстытуцыю, я казаў, што гэтае прэзыдэнцтва — бомба пад дзяржаву. Сёньня я скажу, што такая форма прыманьня Канстытуцыі — сапраўды бомба, і бомба пад грамадзтва…

Цалкам размову слухайце і чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(39)