Общество
Юрась Ускоў, «Наша Ніва», фота pczaljar.livejournal.com

З Нясвіжскага палаца здымаюць «цыбуліну» (фотафакт)

Згодна з рашэннем Міністэрства культуры, вежы будзе вернуты даперабудоўны выгляд.

У Нясвіжы распачаўся дэмантаж «цыбулепадобнага купала» на дазорнай вежы Нясвіжскага палаца, якую ўсталявалі ў 2004-м годзе.

Пры яе стварэнні грунтаваліся на гравюры Тамаша Макоўскага XVII стагоддзя. Аднак гісторыкі культуры раскрытыкавалі ўстаноўку цыбуліну: яна разбурала цэльнасць ансамбля. Адмоўна паставіліся да такога эксперымента і Радзівілы, былыя ўласнікі палаца.

«Калі распачыналіся працы ў 2003 годзе, вежа была ў жахлівым стане, яе трэба было ратаваць, — тлумачыць намесніца дырэктара Нясвіжскага запаведніка Наталля Жарко. — Таму ў першую чаргу заняліся менавіта рэканструкцыяй вежы.

Такі выгляд вежы меў месца, але выклікаў шматлікія спрэчкі — нехта адразу ўхваліў праект, іншыя крытыкавалі.

Зараз, згодна з рашэннем Міністэрства культуры, вежа будзе перабудавана».

Рэшту замка аднавілі ў тым выглядзе, у якім ён існаваў у канцы XIX стагоддзя. Толькі купал вежы належаў да іншага стылю.

Зараз вежу пераствораць паводле выяваў XVIII стагоддзя. Менавіта ў такім выглядзе яна праіснавала да Другой сусветнай вайны.

На неабходнасці вярнуць вежы звыклы выгляд настойвала Альжбета Радзівіл падчас свайго візіта ў Нясвіж. Грошы на рэканструкцыю вежы маглі пераводзіць усе ахвотныя, нашчадкі Радзівілаў таксама паўдзельнічалі ў зборы.

Тэлеканал АНТ назваў замену «цыбуліны» «перамогай гістарычнай справядлівасці».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)