Комментарии
Андрэй Дынько, ”Наша нiва”

З нагоды канфіскацыі дзесяці асобнікаў часопісу ARCHE мытніцай Нядбаевай

24 кастрычніка ў Берасьці на мытні сканфіскавалі на экспэртызу дзесяць асобнікаў апошняга нумару часопісу ARCHE. Іх вёз у сваім чамадане грамадзянін Беларусі Аляксандар П.

Мытніца Нядбаева Рэната Юр’еўна западозрыла, што «зьвесткі, надрукаваныя ў часопісе, могуць шкодзіць нацыянальным інтарэсам РБ». Быў складзены пратакол — часопіс апублікуе яго ў наступным нумары.

10 сканфіскаваных экзэмпляраў таўшчэзнага (1082 старонкі вялікага фармату, кожны вагою па-над кіляграм) выпуску прызначаліся польскім аўтарам выданьня (у тым нумары надрукаваная 300-старонкавая кніга маладога гісторыка Конрада Бабятынскага «Ад Смаленску да Вільні. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654—1655)» і праца Рафала Ўнука пра беларускі антыкамуністычны супраціў пасьля Другой сусьветнай вайны), а таксама групе польскіх прафэсараў гісторыі — Закшэўскаму, Нагельскаму, Рахубу, — якія спэцыялізуюцца на тэмах, што абгаворваюцца ў гэтым нумары. Рэшта мела трапіць у бібліятэкі шэрагу ўнівэрсытэтаў.

Цяпер сядзяць экспэрты, чытаюць ARCHE. Ну-ну.

Такія выпадкі здараліся і ў мінулыя гады — часам часопіс у выніку прызнавалі законным, бо ён такі і ёсьць, і прапаноўвалі прыехаць забраць на мытню, а часам паасобнікі зьнікалі ў лябірынтах сыстэмы. Гэтым разам адбылася рэкордная, прынамсі па вазе, канфіскацыя.

Аўтар гэтых радкоў адчувае агіду і гнеў кожны раз, калі ў мытнай дэклярацыі адказвае на пытаньне, ці вязе ён «інфармацыйныя матэрыялы» побач з зброяй і радыеактыўнымі матэрыяламі.

Беларусь, разам з Карэяй, Бірмай і саюзным Узбэкістанам застаецца сярод апошніх краінаў сьвету, дзе на мяжы палююць на выданьні кшталту ARCHE. Прыпускаю, што нават у Зімбабвэ, Кітаі, Расеі і Віетнаме такой параноі ўжо няма. Гэта толькі адзін з прыкладаў, які паказвае, дзе мы апынуліся. Ані Бэл лорд, ані Бэл чорт, ніхто імідж такой сыстэме не паправіць.

У выніку карпатлівае, сыстэмнае індактрынацыі мільёны людзей у краіне, дзе захоўваецца «внутренний мир и общественное равновесие», жывуць у атмасфэры недаверу і пільнасьці, пошуку ворагаў, выкрыцьця дэструктыўных элемэнтаў, якія рыхтуюць правакацыі.

Гэта таксама вынік паранаідальнае русіфікацыі. Мільёны людзей у краіне, што называецца Беларусьсю, гадамі не сутыкаюцца ні зь якімі выданьнямі ані СМІ на беларускай мове, акрамя школьных падручнікаў (зрэшты, як і на ўсіх астатніх мовах, акрамя тае, на якой зьясьняецца кіраўнік дзяржавы) — усё закрыта, усё забаронена ці прыбаронена, загнана ў цесныя офісы, і кантакт з выданьнем па-бел выклікае шок і падазрэньні.

Чаго яны там пішуць пра парлямэнцкія выбары? Нечага пра гэта пісаць. Прагаласавалі — і няма чаго ваду муціць. А пра XVIІ стагодзьдзе? А эта што — пра какую-та эвалюцыю палітычнага народу ў ВКЛ? Хутчэй на экспэртызу! А раптам гэта шыфроўкі латвійскай разьведкі?

Прашу — вазіце! Сябры, туды і сюды вазіце ўсё, што піша пра Беларусь, на ўсіх носьбітах інфармацыі. У інтэлектуальна ўбогай, оруэлскай рэальнасьці лукашэнкаўскай Беларусі ані вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй, ані беларускага антыкамуністычнага супраціву ніколі не існавала, ніякай эвалюцыі палітычнага народу ў ВКЛ не адбывалася. Кожная публікацыя ці то на гістарычную, ці то на палітычную тэматыку на вагу золата ў нас.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)