З калёніі вызваліўся Андрэй Дзьмітрыеў. «Апошнім часам зьбіраў зэдлікі»
20 красавіка з папраўчай калёніі № 3 пад Віцебскам выйшаў на волю былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Андрэй Дзьмітрыеў. Пра вызваленьне Дзьмітрыева Свабодзе паведаміў ягоны сябар, які цяпер знаходзіцца за мяжой.
Паводле сябра, які прасіў не называць ягонае імя з прычынаў бясьпекі, Андрэй Дзьмітрыеў вельмі задаволены, што скончыўся ягоны тэрмін зьняволеньня, адчувае сябе нармальна і «перадае прывітаньне ўсім сябрам і знаёмым людзям, якія за яго перажывалі».
Ад камэнтароў Андрэй Дзьмітрыеў пакуль адмаўляецца, паведаміў суразмоўца Свабоды. Ён толькі сказаў, што «пакуль ня верыць ў тое, што ўжо на волі».
– Тыдзень дакладна ні з кім размаўляць ня будзе, хоча прыйсьці ў сябе. Пра апошнія месяцы ў калёніі распавядаў, што зьмяніў прафэсію, замест ачысткі дратоў зьбіраў зэдлікі ды іншую простую мэблю. У вольны час чытаў, наведваў спартовую пляцоўку, пры магчымасьці хадзіў у храм. Ні на што ня скардзіўся, — распавёў сябар Дзьмітрыева.
Палітык цалкам адбыў прызначаны яму тэрмін зьняволеньня.
Читайте еще
Избранное