З галавою ў мінулым

На Антыкамуністычным форуме, што сабраўся 3 лістапада ў Менску, — форумам, праўда, гэты сход у вузкім коле, арыентаваны не навонкі, а ўнутар, на саміх сябе, на ўжо навернутых, можна назваць зь вялікай нацяжкай — адзін з удзельнікаў высьцеліў дарогу ў залю сьвежымі нумарамі газэты «Товарищ».

Ён прынёс ня «Фолькішэр Бэабахтэр» і ня «Праўду» 1937 году. Нават не партыйны орган — гэта незалежная левая плюралістычная газэта, якую калегі нашаніўцаў выдаюць на свой страх і рызыку, друкуючы за мяжою і перавозячы ў Беларусь. Не знайшлося сярод удзельнікаў форуму разважлівага чалавека, які б спыніў гэтую абразу незалежнай прэсы, які б паставіў сабе пытаньне, чым «мы» лепшыя ад «іх»?

«Наша Ніва» прапануе Беларускай асацыяцыі журналістаў даць маральную ацэнку пэрформансу 3 лістапада.

* * *

У выступах праводзіліся паралелі між камуністычным форумам, што адбываўся ў той самы дзень у гатэлі «Беларусь», і сходам сяброў РСДРП, што адбыўся ў Менску на пачатку стагодзьдзя. Але марксізм мае такое ж дачыненьне да сталінізму, як нацыяналізм — да нацызму.

Удзельнікі Антыкамуністычнага форуму, што сабраўся ў Менску 3 лістапада, атаесамляюць сталінізм з камунізмам. Гэта з навуковага пункту гледжаньня памылкова.

* * *

Самасьцьвярджацца праз таптаньне газэтаў могуць толькі маргінальныя палітыкі, якія ня маюць шанцаў узьняцца над групавымі, партыйнымі граніцамі і стаць сапраўды агульнанацыянальнымі лідэрамі.

* * *

Ідэя пакаяньня камуністаў, папулярная ў пачатку 90-х, сёньня гучыць настолькі ж анахранічна, як і папулярная ў пэўных колах думка, што Пазьняк служыў паліцаем, раз выкарыстоўвае той самы бел-чырвона-белы сьцяг. Няясна, за што перад спадаром Р., каторы высьцеліў падлогу «Товарищам», мусіць каяцца камуніст Сяргей Вазьняк, які штотыдзень, на свой страх і рызыку, возіць сваю газэту з-за мяжы і распаўсюджвае ў Беларусі.

* * *

Падобныя форумы ня маюць навуковай, маральнай і палітычнай вартасьці сёньня. Камфортнае змаганьне «між сваімі» не набліжае Беларусі да незалежнасьці і дэмакратыі. Арганізацыя такога форуму была б гераізмам у 1977 годзе і справядлівасьцю ў 1987 годзе, але ў 2007-м ад усяго гэтага патыхала проста піярам. Змаганьне за «голас Мін’юсту» для дэмакратычных палітыкаў, якія прэтэндуюць на праўдзівае лідэрства, недапушчальнае.

* * * * * * * * *

Сталінізм памірае марудна

Камуністы уваходзяць сёньня ва ўрадавыя кааліцыі ў такіх вялікіх дэмакратычных краінах, як Італія, Індыя, Паўднёвая Афрыка.

Небагатая Малдова, паводле ўсіх крытэраў, застаецца адной з самых свабодных краінаў СНД. Усе спробы Крамля скінуць камуністычны ўрад Вароніна не далі плёну, і ён працягвае адаптваць краіну да эўрасаюзаўскіх стандартаў.

Камуністы былі ўдзельнікамі шырокай дэмакратычнай кааліцыі, якая адолела Мэчыяра і вярнула Славаччыну на праэўрапейскую дарогу, спыніўшы яе спаўзаньне ў саюзьнікі Расеі.

Камуністы разам з сацыялістамі і хрысьціянскімі дэмакратамі, зьяднаўшыся, перамаглі Піначэта ў Чылі.

Камуністы на роўных удзельнічаюць у палітычным жыцьці Скандынавіі, Чэхіі, Францыі, Гішпаніі.

У той жа час камуністы працягваюць недэмакратычна кіраваць Кітаем, Віетнамам і Кубай.

А ў Карэі камуністы трымаюць тыранію. Праўда, партыя ня мае слова “камуністычная” ў назьве, яна называецца Працоўнай.

А ў Нэпале камуністы працягваюць узброеную барацьбу супраць манархіі.

Камуністычныя партыі ёсьць розных колераў і адценьняў. “Камуністычная” форма можа мець розны зьмест. На Філіпінах, дзе таксама працягваецца партызанка, гэтае слова азначае “мааісцкая”, а ў Партугаліі, бадай, “антыклерыкальная”. А ў Калюмбіі — “наркаанархічная”.

У той жа час Карымаў ва Ўзбэкістане, той, каторы, паводле сьведчаньня былога пасла Вялікай Брытаніі сэра Мурэя, тапіў палітычных праціўнікаў у бочках з кіслатой, узначальвае зусім не Камуністычную, а Народна-Дэмакратычную партыю (пасла, дарэчы, пасьпяшаліся зьняць з пасады, бо ён занадта ўцягнуўся ў праваабарончыя пытаньні ў той момант калі Ташкент яшчэ быў важным партнэрам антытэрарыстычнай кааліцыі, што несла свабоду народу Аўганістану, задоўга да Андыжанскіх падзеяў, пасьля якіх трымаць шыла ў мяху стала немагчыма).

Тыранія сёньня бывае ня толькі камуністычнай, а камуністы бываюць ня толькі тыранамі... Так было

Але той самы Іслам — то бок, мір і цярпімасьць — Карымаў сапраўды быў кіраўніком Камуністычнай партыі да 1991 году.

Але кіраўніком нацыянальнай камуністычнай партыі да 1991 году былі і пазьнейшы прэзыдэнты Эстоніі Арнольд Руйтэль, Літвы Альгірдас Бразаўскас.

У Польшчы камуністычнай партыі няма, а вось у Чэхіі камуністы застаюцца адной з асноўных палітычных сілаў, прычым асабліва не мяняючы ідэалёгіі.

Камуністамі былі масон Тарашкевіч і партызан Машэраў, бонза Шамякін і падпольшчык Максім Танк; да марксістаў адносяць сябе Антон Луцкевіч, Лешак Калакоўскі, Тэадор Адорна, Славай Жыжак...

Антыкамуністычны форум 3 лістапада прымусіў нас задумацца над пытаньнямі, на якія няма простых адказаў. Ці быў сталінізм і мааізм непазьбежным вынікам марксізму? А ленінізму? Наколькі камунізм ідэнтычны з марксізмам? Ці ёсьць сталінізм марксізмам? Ці камунізм гэта антыгуманная ідэалёгія? Ці заслугоўвае камунізм Нюрнбэрскага працэсу, ці ягоныя злачынствы былі такімі ж абэрацыямі, як франкізм быў захапленьнем каталіцызму? Ці нясуць усе камуністы адказнасьць за генацыд 30-х ці крывавае вар’яцтва Пал Пота? Якую будучыню маюць камуністычныя партыі і ў чым сэнс левага руху сёньня? Якая візія гісторыі Беларусі можа кансалідаваць нацыю, урэшце?..

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)