З чым дзяржпрапаганда ідзе на выбары — тэзісы з дакумента для ідэалогаў
У распараджэнні Нашай Нівы аказаўся дакумент, падрыхтаваны ў чэрвені Акадэміяй кіравання — «Рэспубліка Беларусь: упэўненай хадой па шляху незалежнасці».
Тэкст на 24 старонках падаецца як «матэрыял для інфармацыйна-прапагандысцкіх груп» і, імаверна, будзе даведзены да ведама ідэолагаў з наступным пераказваннем тэзісаў у працоўных калектывах.
Натуральна, што дакумент прасякнуты цытатамі Аляксандра Лукашэнкі і яго можна лічыць агітацыйным.
Вось некаторыя рэчы, якія, на думку складальнікаў, павінны выклікаць давер да дзяржаўнай сістэмы кіравання і жаданне застацца з ёй далей.
Адразу трэба сказаць, што ўвест тэкст цалкам рэтраспектыўны: у вялізным дакуменце не знайшлося месца хаця б туманнаму вобразу будучыні, замест гэтага першыя годы постсавецкай турбулентнасці супрацьпастаўляюцца адносна заможнаму цяперашняму часу.
«У 2019 годзе ў параўнанні з 1994 намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата, а таксама сярэдні памер пенсій павялічыліся ў 25 разоў! Так, у 1994 заробак быў $21,1, у 2019 — ужо $532», — вось па такой формуле пабудаваная пераканаўчая частка тэкста, часам да яе дадаецца і параўнанне з іншымі краінамі.
Укладальнікі знайшлі фон, на якім Беларусь выглядае выгадна. Лічбы і аб'ёмы найчасцей параўноўваюцца не з блізкімі нам славянскімі лакаматывамі кшталту Славеніі, Чэхіі ці Польшчы, а з адсталымі эканомікамі краін СНД: Малдова, Кыргызстан, Таджыкістан, Арменія.
Ва ўводнай частцы, пасля апісання эканамічных жахаў першых год незалежнасці кшталту роста цэн, падзення ВУП і агульнага шоку робіцца выснова: «дзякуючы дакладным дзеяння кіраўніка дзяржавы атрымалася стабілізаваць абстаноўку і спыніць негатыўныя тэндэнцыі».
Асноўны раздзел тэкста: «Нам ёсць чым ганарыцца». Нечакана, але першай тэмай там значыцца транспланталогія. Як доказ прыводзіцца геаграфія пацыентаў, якія прыязджаюць па дапамогу, а таксама сем абзацаў з лічбамі перасадак.
Другі пункт гонару — жыллё. «Усім катэгорыям грамадзян дзяржава прадастаўляе магчымасці для паляпшэння жыллёвых умоваў». Падкрэсліваецца льготная падтрымка, называецца цана квадратнага метра з ёй — 926 рублёў.
Адарванай ад рэальнасці (на фоне спынення крэдытавання банкамі — Рэд.) выглядае канстатацыя шырокай палітры фінансавых механізмаў для будаўніцтва жылля на камерцыйнай аснове. Такія неадпаведнасці жыццю будуць там-сям сустракацца і далей па тэкце.
Трэцім пунктам гонару ідзе харчовая бяспека: прыводзяцца лічбы валавых збораў, экспарту.
Аўтары перабольшваюць, дзе могуць: «Беларусь уваходзіць у топ-10 эспарцёраў курынага мяса, займае 4 радок», — пішуць яны.
Але гэта паўпраўда: у топ-10, са сваімі $178 мільёнамі экспарту курыцы, мы сапраўды ўваходзім, але нашы суседзі палякі, напрыклад, экспартуюць на $1,3 мільярда.
Аўтарытэтныя крыніцы ставяць Беларусь не на 4, а на 8 месца ў свеце за 2019 год. Падобныя несупадзенні і з многімі іншымі рэйтынгамі.
Незаўважна абыходзяцца бокам пытанні сабекошту вытворчасці і заробкаў у галіне, але, зрэшты, калі стаяла задача не даць аб'ектыўную карціну, а пахваліцца, то прычыны зразумелыя.
Далей беларусам прапануюць ганарыцца развітай лагістычнай сістэмай: канстатуецца рост аб'ёмаў перавозак, выгаднае геаграфічнае становішча. Дакладная роля Лукашэнкі ў гэтым не прапісаная, але можна зрабіць выснову, што калі б дзяржава не будавала дарогі, то гэтага магло б не быць.
Ну і з вялікім натхненнем аўтары пішуць пра спорт. Пералічаны усе медалі на Алімпіядах.
І цэлых сем абзацаў прысвечана Еўрапейскім гульням: «Маштабнае міжнароднае свята», «Найбуйнейшы мультыспартовы форум», «На найвышэйшым узроўні», «Практычна ўсе замежнікі адзначылі якасць», «Звярнулі ўвагу на душэўнасць».
«Беларусь — фестывальны цэнтр Еўропы»
«Сёння Беларусь з'яўляецца культурным цэнтрам Еўропы, аб чым сведчыць штогадовае правядзенне амаль 60 міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фестываляў на беларускай зямлі», — заносіць аўтараў.
Славянскі Базар», «Александрыя збірае сяброў», «Лістапад», Фестываль нацыянальных культур: гэтыя мерапрыемствы адзначаюцца як вартыя ўвагі для прапаганды.
У раздзеле «Захаванне і памнажэнне гісторыка-культурнай спадчыны» асобна падкрэсліваеццца будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі і музея ВАВ, рэканструкцыя Купалаўскага тэатра.
Натуральна, беларуская мова ва ўсім гэтым «духоўным і ідэйным умацаванні незалежнасці краіны» не згадваецца зусім і ніяк.
У раздзеле «бяспека» прыводзяцца аргументы на карысць таго, што ў Беларусі зніжаецца злачыннасць, няма тэрарыстычных пагроз і арганізаваных груповак, жорсткім дэкрэтам разгромлены наркагандаль.
Ну і шмат тэкста прысвечана ІТ. Лічбы, рост, поспехі — усё там ёсць дзякуючы «сталай падтрымцы кіраўніка дзяржавы».
Праўда, складальнікі так нахвальвалі Парк высокіх тэхналогій, што міжволі перакрэслілі ранейшыя сцверджанні аб моцнай эканоміцы.
У далейшым апісанні поспехаў у прамысловасці нічога новага: трактары, калій, рэкардсмен-БелАЗ «здольны перавозіць 450 тон».
А таксама асобна вылучаны парк «Вялікі Камень» — «які па плошчы як возера Нарач».
У перадапошнім раздзеле «Беларусь як донар стабільнасці» расказваецца аб спробах дыпламатычнага ўрэгулявання ўкраінскага канфлікта, а таксама даводзіцца думка, што «за годы існавання Беларусь не адмовілася ад сваіх нацыянальных інтарэсаў». Натуральна, пра гэтак званую «Саюзную дзяржаву» і інтэграцыйныя карты ў тэксце няма ні слова.
Ну а фінальным пунктам гонару апісваецца запуск пабудаванага ў Расіі беларускага касмічнага спадарожніка БелКА-2. Запуск адбыўся яшчэ ў 2012-м годзе, але «стаў яскравай іміджавай падзеяй для краіны, прадэманстраваў наяўнасць суперсучасных тэхналогій, навукаёмістых вытворчасцяў і аб'ектыўна ўнёс Беларусь у прэстыжны спіс касмічных дзяржаў».
Напрыканцы аўтары робяць выснову: «Безумоўна, дасягнута шмат. І яшчэ больш маем дасягнуць. Але першапачатковая задача сёння, калі свет сутыкнуўся з наступствамі цяжкай эпідэміялагічнай сітуацы, — не растраціць тое, што намі заваявана за чвэрць стагоддзя незалежнасці».
Читайте еще
Избранное