З аншлагам пачаўся новы сезон курсаў беларускай мовы
«Усё адно не ўлезеце ўжо ў залю, хадзеце лепш да нас!» — з усмешкай заклікаў у кнігарню Павал Касцюкевіч людзей, што спрабавалі прашчыміцца ў залю галерэі «Ў».
Хоць за спінамі ў зімовых палітонах, прыцярушаных першым снегам, можна было хіба што пачуць вядоўцаў, але нічога не пабачыць. 13 студзеня стартаваў новы сезон бясплатных курсаў беларускай мовы, што сталіся сапраўднай падзеяй мінулага году.
Ініцытыва Кацярыны Кібальчыч "Мова ці кава" стартавала з Масквы і хутка распаўсюдзілася на Менск, збіраючы аншлагі – штотыдня цікавы фармат, харызматычныя вядучыя і вядомыя госці збіралі ў Менску болей за сотню людзей. Аднак з новага году курсы беларускай мовы яшчэ болей заінтрыгавалі беларускі культурніцкі асяродак паведамленнямі і чуткамі пра "змену фармату", "новы назоў" і нават "раскол". Па факце, сёння ў Менску ў адзін і той жа час, але ў розных месцах курсы беларускай мовы, зладжаныя рознымі камандамі, якія раней працавалі разам, сабралі аншлагі. Generation.by паспеў наведаць абодва заняткі, каб паглядзець, як і каму цікава вывучаць мову нанова.
На ўваходзе ў галерэю "Ў", дзе 13 студзеня стартаваў новы курс "Мова нанова", было ня ўбіцца. Натоўп падпіраў ужо з вуліцы. Болей за дзве сотні дык дакладна здолелі прашчыміцца ў залю. Тут і моладзь, і людзі сталага веку. Самыя хітрыя ўтварылі чаргу і з боку калідору, які яднае кнігарню "Логвінаў", галерэю "Ў" і краму дызайнерскіх рэчаў. Горача сёння было і ў кнігарні – Наталка Харытанюк і Ігар Бабкоў акурат ладзілі падвойную прэзентацыю, абодва выпусцілі кнігі.
Курсы, якія ладзяцца ў галерэі "Ў", завуцца цяпер "Мова нанова" і маюць пастаянных вядучых – Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская, якія добра вядомыя менскай публіцы, бо вялі "Мовуцікаву" ў Менску ў мінулым годзе. Цяпер жа вядоўцы вырашылі ладзіць свае курсы, з падобным фарматам, з запрашэннем адметных гасцей, аднак з новым назовам — "Мова нанова".
Глеб, заціснуты на пятачку паміж экранам і публікай, весела распавядае пра навагоднія прыгоды, калі стваралі сайт для новых курсаў літаральна пад святочнай ёлкай. На экране — відэа з Рыгорам Барадуліным, які адмыслова напісаў да старту новых курсаў верш. А наперадзе чакаецца запрашэнне адметных гасцей у залю праз Інтэрнэт. Такім чынам незамяняльны для беларускай культуры Стэфан Эрыксан здолее зноўку наведаць галерэю "Ў" і без перасячэння мяжы. Як бы ні было займальна (а наперадзе яшчэ чакаў майстар-клас з самым сапраўдным пекарам!) аднак інтрыга цягне нас завітаць у "ЦЭХ".
Каманда пад кіраўніцтвам Кацярыны Кібальчыч працягнула курсы "Мова ці кава", аднак з новым фарматам – новае месца, розныя вядучыя, анансаваныя вострыя дыскусіі і моладзевы фармат.
Падыход да кластэру "ЦЭХ" традыцыйна інтрыгуе цёмнымі завулкамі з аўтасервісамі, у глыбіні якіх навісае шэры змрочны будынак, які па-моладзеваму ўспрымаецца хутчэй як модны сквот. Не заблукаць дапамагаюць указальнікі, а ўрачыстага настрою дадае чаканы першы снег у гэтым годзе.
Тут свабадней, вялізны будынак з высачэзнымі столямі для такіх натоўпаў дакладна больш выйгрышны. Людзей таксама безліч, пераважна моладзь, знаёмыя-незнаёмыя. Адразу ў залі кавярня, дзе можна ўзяць кавы-гарбаты-капучына, чым многія і карыстаюцца. Тут вядоўцамі сёння Алесь Залеўскі, які таксама "засвяціўся" на менскай "Мова ці кава" да Новага году, і Васіль Дранько-Майсюк. Тут жа і сама Кацярына Кібальчыч, і вядучыя наступнага занятку Валярына Кустава і Франак Вячорка. Агульная атмасфера найперш гэтым і розніцца – у імпрэзе, бо заняткам назваць неяк вузка, удзельнічаюць усе. Жарсці накаляюць дэбаты з удзелам беларускіх рэстаратараў. Што рабіць, каб афіцыянты не крывілі твар пры замове ў іх "кубачка гарбаты і рахунка"? І што рабіць рэстаратарам, для якіх мову дыктуе кліент, які рускамоўны? Наступным разам стваральнікі інтрыгуюць дыскусіяй "Рускія ў горадзе" пра гасцей сталіцы.
Па першых занятках усяго не прадкажаш, ды й каманды не раскрываюць усіх сакрэтаў. Аднак пакуль такі падзел выглядае на карысць. Абодва заняткі нават паасобку сабралі болей людзей, чым у мінулым сезоне, які і так славіўся папулярнасцю. І без таго цікавыя курсы сталі яшчэ больш цікавымі, і ў наведнікаў з’явіўся выбар.
"Мова ці кава": "ЦЭХ", вялікая індустрыяльная заля, альтэрнатыўна, каманда розных вядучых, актуальныя тэмы ў дыскусіях і дэбатах, кавярня наўпрост на месцы, моладзевая публіка, а для студэнтаў БДУІР, БНТУ і іншых літаральна праз дарогу, можна прыбягаць, не паспеўшы зашпіліць зімовую вопратку.
"Мова нанова": галерэя "Ў", цэнтар горада, побач метро, харызматычныя і пастаянныя вядучыя. Калі раптам не хопіць месца, можна працягнуць вывучэнне беларускай мовы, прыкупіўшы сучаснай літаратуры ў кнігарні, што месціцца праз сценку, ці працягнуць практыку за філіжанкай кавы ў кавярні.
Пакуль што абодва курсы ладзяцца штопанядзелак а 19.00. Дзе сустрэнемся?
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное