БНР
Мікалай Лагун

З актывістамі, якія павіншавалі чыноўнікаў з угодкамі БНР, разбярэцца пракуратура

Пасля таго, як грамадскія актывісты павіншавалі ў Баранавічах з 90-мі ўгодкамі БНР мясцовых чыноўнікаў, іх заяву наконт правядзення святочнага схода накіравалі «для прававой ацэнкі» ў пракуратуру.

Вячаслаў Болбат, Сяргей Гоўша, Віктар Мязяк і Віктар Сырыца прасілі мясцовыя ўлады выдзеліць ім 24 сакавіка на паўтары гадзіны памяшканне вялікай залы гарвыканкама для правядзення агульнагарадской імпрэзы, прысвечанай 90-м угодкам абвяшчэння незалежнасці БНР. У падтрымку сваёй заявы яны сабралі 307 подпісаў жыхароў Баранавіч.

20 сакавіка ініцыятары імпрэзы атрымалі адказ, дзе адзначалася, што «гарвыканкам не можа даць дазвол на правядзенне мерапрыемтсва ў сувязі з выяўленымі няпэўнымі звесткамі, прыведзенымі ў калектыўнай заяве. Для прававой ацэнкі дакументы напраўлены ў пракуратуру».

– Адказ гарвыканкама зневажае нас. Гэта ўжо другая адмова мясцовых улад: першую заяву на правядзенне святочнай імпрэзы мы падалі яшчэ месяц таму, і нам так і не выдзелілі памяшкання ні ў адным з пяці Дамоў культуры ў Баранавічах, – расказаў адзін з ініцыятараў імпрэзы старшыня Баранавіцкай філіі ТБМ Віктар Сырыца. – Я заходзіў у гарвыканкам, але мне ніхто так і не патлумачыў, што за «няпэўныя звесткі» мы прадаставілі. Між тым, ведаю, што некалькіх грамадзян, якія падпісаліся пад нашай заявай, выклікалі на размову ў гарвыканкам і да кіраўніцтва прадпрыемтсваў, дзе яны працуюць. Магчыма, іх прымусілі адмовіцца ад подпісаў.

Адзначым, што напярэдадні атрымання адказу, 19 сакавіка, жыхары Баранавіч Віктар Сырыца, Вячаслаў Болбат, Сяргей Гоўша і Карней Пятровіч павіншавалі з 90-мі ўгодкамі БНР кіраўніцтва гарвыканкама, пракуратуры, КДБ, міліцыі і суда, якім уручылі тэматычныя паштоўкі.

-- Падчас размоў з начальнікам гарадскога аддзела УКГБ Паўлам Есісам і старшынёй суда г. Баранавічы Мікалаем Кмітам мы сказалі, што матам не лаемся і калі нас будуць у гэтым абвінавачваць і за гэта арыштоўваць, то не верце, – расказаў Віктар Сырыца, які адседзеў некалькі сутак за нецэнзурную лаянку напярэдадні 25 сакавіка 2006 года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)