Галіна Абакунчык, ”Радыё Свабода”
Юрыя Сівакова чакаюць у судзе за спасылку да досьвед Гітлера

Сёньня ў судзе Фрунзенскага раёну Менску мае пачацца папярэдняе слуханьне ў справе паводле пазову грамадзкай актывісткі Валянціны Сьвяцкай да экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова і часопіса “Журнал специального назначения”. Праз суд Спадарыня Сьвяцкая дамагаецца абароны гонару і годнасьці ў зьвязку з публікацыяй у часопісе артыкула “О чести”, аўтарам якога зьяўляецца генэрал Юры Сівакоў.

Падставай для звароту ў суд стала тое, што разважаючы пра гонар афіцэра, аўтар артыкулу — былы міністар унутраных справаў і спорту, генэрал Юры Сівакоў — спасылаўся на прыклад вядомых палкаводцаў, у тым ліку Гітлера, кажа спадарыня Сьвяцкая.

Сьвяцкая: “Браць Адольфа Гітлера і прапаноўваць ягоныя вытрымкі ў якасьці ўзору для афіцэраў унутраных войскаў Рэспублікі Беларусь, я лічу, што гэта ганьбіць гонар і годнасьць ня толькі афіцэраў, але і кожнага грамадзяніна Беларусі. Бо тое, што перажыла Беларусь падчас другой усясьветнай вайны,— мала краін знойдзецца, якія так страшэнна пакутавалі. Нельга сёньня жыць у Беларусі і пляваць у твар гэтай самай краіне”.

Часопіс з артыкулам “О чести” выйшаў з друку ў жніўні мінулага году. З пазовам у суд Валянціна Сьвяцкая зьвярнулася неўзабаве пасьля гэтага, але ў Фрунзенскім раённым судзе прымаць пазоў адмаўляліся да тае пары, пакуль заяўніца не паскардзілася ў вышэйшую інстанцыю — Менскі гарадзкі суд.

Намесьнік рэдактара часопіса Андрэй Корсак ня бачыць у той публікацыі чагосьці крыўднага для беларусаў.

Корсак: “Вайскоўцы мяркуюць па-свойму і заклікаюць, найперш, да дысцыпліны. Тут не было ніякага закліку да перайманьня. Быў прыведзены прыклад, як увогуле гэта ёсьць у сьвеце. Гэта гістарычны прыклад. Ад гісторыі мы не ўцячэм”.

У дзяржаўных структурах ніяк не адрэагавалі на згаданы артыкул. У грамадзтве ж меркаваньні аўтара і выдаўцоў не падзяляюць многія людзі, у тым ліку прафэсійны вайсковец, былы міністар абароны Павал Казлоўскі.

Казлоўскі: “Паважаючы сябе, афіцэр, генэрал ня мае права падаваць прыклад ці спасылацца на Гітлера ня важна ў якім кантэксьце. Я лічу, што гэта вельмі нізка для асобы, якая носіць афіцэрскае званьне. Потым, той, які ў свой час сам не зьяўляўся прыкладам, ня мае права разважаць пра гонар і годнасьць генэрала і афіцэра”.

Спадарыня Сьвяцкая не спадзяецца, што здолее выйграць судовы працэс, а мэту свайго пазову патлумачыла гэтак:

Сьвяцкая: “Спадар Сівакоў павінны ведаць, што колькі б гэты рэжым не існаваў, ён панам у ім ня будзе. І ён павінны адказваць за тое, што ён зрабіў”.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)