Юрый Чыж носіць гадзіннік даражэйшы за 400 тысяч долараў (фотафакт)
Плацінавы Ulysse Nardin мае абмежаваны выпуск — усяго 30 экземпляраў.
Супердарагі гадзіннік бізнесмен Юрый Чыж «засвяціў» у часе пасяджэння выканкама Беларускай федэрацыі футболу.
Гледзячы па ўсім, бізнесовец носіць гадзіннік Circus Minute Repeater (749-80) (фірмы Ulysse Nardin) з плацінавым корпусам, цыферблатам з чорнага оніксу і белага золата і раменьчыкам са скуры алігатара з плацінавай устаўкай. Або таннейшы на $ 30000 Circus Minute Repeater (740-88).
Розніца ў кошце тлумачыцца тым, што ў гэтай мадэлі цыферблат выраблены з сіняга авантурыну, а ў раменьчыку прысутнічае ўстаўка не з плаціны, а з белага золата.
Памер багацця Юрыя Чыжа дакладна вызначыць немагчыма. Ён належыць да нешматлікага кола багатых людзей краіны, набліжаных да Лукашэнкі.
Называць іх алігархамі некарэктна, бо яны не маюць ніякай улады і цалкам залежаць ад кіраўніка краіны.
Што ўяўляе сабой Circus Minute Repeater?
Прывядзём кароткае апісанне мадэлі з авантурынам у корпусе, размешчанае на адным з сайтаў, прысвечаных гадзіннікам. «Анімаваная кампазіцыя, якая ўяўляе сабой цыркавую арэну, ўпрыгожвае блакітны авантурынавы цыферблат гэтага эксклюзіўнага гадзінніка. Кожная з шасці фігурак ўручную філігранна выразаная з золата.
Пры запуску механізма хвіліннага рэпетыра малпачка спрабуе злавіць мячыкі, якімі жанглюе блазан, — гэтыя рухі суправаджаюць бой гадзінніка. Дрэсіроўшчык размахвае бізуном перад тыграм — адбываецца бой чвэрцяў гадзіны. Тыгр размахвае лапай у такт бою хвілін. Мядзведзь кланяецца балярыне на працягу ўсяго часу, пакуль працуе механізм бою».
Застаецца дадаць, што гадзіннікі гэтых мадэляў, а таксама версія з корпусам з ружовага золата, адносяцца да лімітаваных серый. Усяго такіх гадзіннікаў у кожнай з трох версій выраблена па 30 экземпляраў.
Па цане гадзіннік Чыжа ўваходзіць у ТОП-25 самых дарагіх гадзіннікаў свету.
Шпіёнка як твар швейцарскай кампаніі
Цікавая дэталь: тварам швейцарскай кампаніі ў Маскве ў 2010 годзе стала скандальна вядомая расійская шпіёнка Ганна Чапман. Першы буцік, размешчаны ў двух кроках ад Краснай плошчы, яна адкрывала разам з уласнікам швейцарскай кампаніі Рольфам Шнайдэрам.
Сціплыя Лукашэнкі
Раней у кадр фотарэпарцёраў трапілі гадзіннікі Аляксандра Лукашэнкі і яго старэйшага сына Віктара. Высветлілася, што кіраўнік краіны носіць швейцарскія гадзіннікі Patek Philippe. Ягоны Patek Philippe Calatrava 5120j каштуе 11 тысяч еўра, а Patek Philippe Calatrava Ref. 5119j — каля $ 14 тысяч.
У Віктара Лукашэнкі на руце заўважылі гадзіннік той жа фірмы , што і ў Чыжа — New Ulysse Nardin Dual Time. Толькі каштуе ён у дзясяткі разоў, а то і ў сотню танней — ад $ 4700 да 6800.
* * *
Юрый Чыж — адзін з самых багатых і уплывовых бізнесоўцаў Беларусі.
Ягонае ТАА «Трайпл» займаецца будаўніцтвам, а таксама перапрацоўкай і продажам нафтапрадуктаў. Чыж таксама валодае рэстаранным бізнесам і вытворчасцю газаваных напояў, вытворчасцю будматэрыялаў і футбольным клубам.
Нарадзіўся ён пад Бярозай, у сям'і з пратэстанцкімі сваякамі, і дагэтуль мае сувязь з малой радзімай. Пачынаў ён кар'еру ў сферы машынабудавання, бізнэсам стаў займацца ў 90-я.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное