«Юрыдычна няма механізму, як вярнуць чалавека з самалёта, які ўжо над зямлёй»

Адвакаткі — пра абарону Андрэя Гнёта, «рускую рулетку» сербскіх судоў і чаму ўсё адно імкнуцца зламаць сістэму.

Андрэй Гнёт

Еўрапейскі суд па правах чалавека ў трэці раз адмовіў рэжысёру Андрэю Гнёту ў абароне ад экстрадыцыі. 27 жніўня адбудзецца апеляцыйны суд у Сербіі, які мусіць прыняць канчатковае рашэнне.

Што далей? Ці рэальная пагроза высылкі беларуса фактычна ў турму, альбо ўсё ж шанец яе пазбегчы, і чаму еўрапейскі суд так доўга адмаўляе ў абароне, распавялі прэзідэнтка Беларускай асацыяцыі правоў чалавека Марыя Колесава-Гудзіліна і сузаснавальніца дабрачыннай ініцыятывы «Партызанка», юрыстка Ганна Маціеўская.

Марыя Колесава-Гудзіліна

— Мы кажам пра «неадкладныя меры», якія мусіць прымаць ЕСПЧ, але ў дадзеным выпадку няма нормы закона, якая была б парушаная, — тлумачыць Марыя Колесава-Гудзіліна ў эфіры Еўрарадыё. — Першы раз мы пісалі зварот, калі Андрэй быў у турме — адказалі, што зарана.

Другі раз звярнуліся, калі атрымалі рашэнне аб экстрадыцыі, бо практыка ЕСПЧ неаднародная, ёсць выпадкі, калі разглядалі заявы і без апеляцыі. І трэці захад быў, калі даведаліся, што Андрэй выключаны з «чырвонага» спісу Інтэрполу і стала вядомая дата апеляцыі.

Пры тым ЕСПЧ — суд, які дзейнічае ў межах Рады Еўропы (куды таксама ўваходзіць Сербія), і сербскія суддзі там таксама ёсць. Я магу толькі здагадвацца, чаму прынялі адмову, бо адказ вельмі кароткі, у стылі «ctrl+c - ctrl+v» з ранейшых. Але практыка такая, што ўсе ранейшыя прыклады ў Сербіі былі дрэнныя — шмат хто прыгадаў пра грамадзяніна Турэччыны, якога дэпартавалі і які атрымаў «неадкладныя меры», калі самалёт з ім ужо быў у Стамбуле.

У мяне такое ўражанне, што перш за ўсё глядзяць на практыку, а не на чалавека. А ў нас сітуацыя больш незвычайная, і па шчырасці, беларускія пытанні, беларускія рэпрэсіі ўпершыню будуць разглядацца ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека, і гэта з улікам, што Беларусь не ўваходзіць у Раду Еўропы.

Ганна Маціеўская

— У выпадку ЕСПЧ трэба браць пад увагу, што кожная краіна мае сваё заканадаўства, якое тычыцца экстрадыцыі, — дадае ў эфіры Еўрарадыё юрыстка Ганна Маціеўская. — І калі б мы казалі пра краіны з вышэйшай ступенню дэмакратыі ў судовай сістэме — напрыклад, скандынаўскія, — вядома, там верагоднасць, што будзе прынята хуткае рашэнне пра экстрадыцыю чалавека, мінімальнае.

Але ў выпадку Сербіі ЕСПЧ карыстаецца стандартным сцэнарам працы, але, на маю думку, не ўлічвае індывідуальныя сербскія абставіны і асаблівасці, і тое, што папярэднія тры кейсы былі негатыўнымі. Мы стараемся зламаць сістэму і ідзём па ўсіх шляхах, якія могуць больш забяспечыць жыццё і здароўе Андрэя.

Калі 27 жніўня сербскі суд не зменіць рашэння аб экстрадыцыі, ці магчыма, што высылка адбудзецца вельмі тэрмінова, і еўрапейская забарона проста не паспее дайсці, альбо юрыдычна гэта можна спыніць?

— Над рашэннем суда другой інстанцыі ёсць яшчэ адзін міні-этап — фінальнае рашэнне міністаркі юстыцыі, — зазначае Ганна Маціеўская. — І яна можа як пагадзіцца, так і не пагадзіцца з пастановай суда — гэта «руская рулетка».

Але з палітычнага пункту гледжання магчымую нязгоду міністаркі я ўсё ж лічыла б меншым шансам. А што вырашыць сербскі суд — вельмі складана сказаць, выпадак надзвычайны і тэорыі верагоднасці тут недарэчы. Рызыка экстрадыцыі ёсць, гэта так. І я як юрыстка больш веру ў тое, што актывісты змогуць заблакаваць аэрапорт, чым у адвагу міністаркі юстыцыі Сербіі.

Сербскі юрыст менавіта па пытаннях экстрадыцыі кажа, што ёсць такая адметнасць:  рашэнне да міністаркі і да Андрэя ідзе рознымі поштамі, і даведацца пра абодва іх можна адначасова. Гэта самы страшны сцэнар, якога мы не хочам дапусціць. І юрыдычна няма механізму, калі «неадкладныя меры» ЕСПЧ спозняцца, як вярнуць чалавека з самалёта, які ўжо над зямлёй.

Да таго ж і няма гарантыі, што Сербія будзе прыслухоўвацца да гэтага  — ёсць выпадкі еўрапейскіх краін, якія не выконваюць рашэння ЕСПЧ, хоць гэта ў будучыні можа выклікаць да іх пэўныя пытанні. Таму палітычны аспект таксама мае значэнне, можа нават большае, чым юрыдычны.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што абедзве беларускія адвакаткі не могуць асабіста паехаць на судовае паседжанне ў Сербію, бо знаходзяцца ў беларускім вышуку і рызыкуюць таксама трапіць пад арышт. Таму каманда адвакатаў з розных краін працуе ў звязцы, каб хутка адрэагаваць на любы паварот сітуацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(5)