Юры Дракахруст: Яшчэ раз пра пераварот

Цяперашняя беларуская ўлада ідэалягічна грунтуецца на спадчыне бунтароў, мяцежнікаў і змоўшчыкаў, піша палітычны аглядальнік Юры Дракахруст.

– Яшчэ раз пра пераварот. Не, не пра той, пра які трубяць афіцыйныя мэдыя, – піша Дракахруст. – Хаця ўсе перавароты нечым падобныя.

Напачатку 90-х гадоў падпалкоўнік ўзброеных сілаў Вэнэсуэлы Уга Чавэс распрацаваў плян вайсковага перавароту, які прадугледжваў захоп ключавых аб'ектаў і ўстановаў сувязі, а таксама забойства прэзыдэнта краіны (нічога не нагадвае ?).

Апэрацыя мела назву «Самора» (не «Цішыня», каб шаноўныя чытачы не пераблыталі).

У лютым 1992 году спроба перавароту была ўчыненая - пяць узброеных атрадаў пад камандаваньнем Чавеса ўступілі ў Каракас, каб захапіць ключавыя вайсковыя і камунікацыйныя пункты па ўсім горадзе, у тым ліку прэзыдэнцкі палац Мірафлорэс, міністэрства абароны і вайсковы аэрадром Ла-Карлота (Блякаваць сталіцу – недзе мы пра гэта чулі зусім нядаўна).

Прэзыдэнта Карласа Пэрэса плянавалі захапіць па вяртаньні з замежнага візыту. Аўтамабіль прэзыдэнта быў абстраляны, але ён застаўся жывым і патрапіў у палац Мірафлорэс.

Змоўшчыкі атачылі палац, забілі некалькі чалавек аховы прэзыдэнта. Пэрэс здолеў зьбегчы, пасьля чаго пераварот быў падаўлены.

Хадзілі чуткі, што за змоўшчыкамі стаялі замежныя дзяржавы (не ЗША, як шаноўныя чытачы паводле аналёгіі маглі падумаць, а Куба).

Лідэра перавароту Уга Чавэса пасадзілі ў турму, але ўжо ў 1994 годзе вызвалілі. А ў 1998 годзе ён быў абраны прэзыдэнтам Вэнэсуэлы. І потым яго яшчэ тры разы перавыбіралі прэзыдэнтам.

Падчас свайго доўгага знаходжаньня ва ўладзе гэты былы мяцежнік і лідэр вайсковага перавароту пасьпеў стаць вялікім сябрам кіраўніка далёкай Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Пасьля сьмерці Чавэса яго імем быў у Менску названы парк у раёне Каменная горка.

Чавэс – не адзіны мяцежнік, чыё імя ўганараванае ў тапаграфіі беларускай сталіцы.

Вуліцы ў Менску названыя імёнамі Івана Пуліхава (замах на менскага губэрнатара Паўла Курлова) і Сяргея Прытыцкага (забойства польскага чыноўніка). Ну а пра Ўладзімера Ульянава (Леніна), дык і размовы няма – яго помнік і вуліца яго імя ўпрыгожвае хіба ня кожны беларускі горад.

Між тым хаця наступствы захопу ўлады бальшавікамі ў 1917 годзе мо і вартыя назвы рэвалюцыі (у сэнсе кардынальных сацыяльна-эканамічных зьменаў), але самы захоп імі ўлады 7 лістапада 1917 году быў тыповым вайсковым пераваротам. 

«Слаўная» гадавіна гэтай падзеі застаецца ў Беларусі дзяржаўным сьвятам.

Гэта адно да ідэалягічнага крывадушша існай беларускай ўлады.

Вуліцы імя Курлова ў Менску няма, вуліца імя выканаўцы няўдалага замаху на яго Пуліхава ёсьць.

І калі ў кастрычніку 1905 году на менскім вакзале на загад Курлова забілі каля 100 чалавек, ён сыходзіў з унівэрсальнага прынцыпу, што бунт супраць ўлады – гэта заўсёды зло і яго заўсёды трэба падаўляць. Падыход спрэчны, але па-свойму пасьлядоўны для перакананага манархіста.

Цяперашняя ж беларуская ўлада ідэалягічна грунтуецца на спадчыне бунтароў, мяцежнікаў і змоўшчыкаў.

Главные выводы из фильма ОНТ — и вопросы, на которые пока нет ответа

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(37)