Политика

Юрконіс: Наконт поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю ў ЕС ёсць дзве крайнія пазіцыі

Літоўскі палітолаг — пра тое, ці можна гаварыць пра пачатак адлігі паміж Мінскам і ЕС.

Віціс Юрконіс, фота Delfi

— Па рэакцыі беларускага рэжыму мы бачылі, што магчымае закрыццё межаў — гэта вельмі адчувальная для іх тэма. Беларусь з'яўляецца транзітнай брамай для абыходу санкцый. Літва са свайго боку робіць многае, мы закрылі сваю мяжу для тавараў падвойнага прызначэння. Літва нясе пэўныя фінансавыя страты, але мы гатовыя трываць, — кажа літоўскі палітолаг, дырэктар Freedom House Vilnius у інтэрв’ю Нашай Ніве.

Юрконіс называе пытанне поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю пытаннем цярпення як з боку простых беларусаў, дэмакратычных сіл і сумленнага беларускага бізнэсу, так і з боку Польшчы, Літвы, Латвіі і шэрагу іншых краін, якія маюць бізнэс, звязаны з Беларуссю і Расіяй.

— Наконт гэтага ў ЕС ёсць дзве крайнія пазіцыі. Адна з іх гучыць так, што межы павінны быць наглуха зачыненыя і ўсе павінны пацярпець. Гэта будзе прамой дапамогай Украіне, паколькі ўсе тавары падвойнага прызначэння ў выніку трапляюць на фронт. А профіт з іншых — у касу рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна.

Пры гэтым палітолаг не адмаўляе, што будуць складанасці і страты, як у беларускага бізнэсу і грамадзянскай супольнасці, так і ў бізнэсу еўрапейскага.

— Тут узнікае пытанне, ці гатовыя мы ахвяраваць? Гаворачы пра беларуска-літоўскія адносіны, Літва ўжо не раз паказвала, што мы гатовыя да гэтага, нават калі ў кароткатэрміновай перспектыве гэта будзе балючым.

Але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта будзе мець свой профіт. Бо ўсе зацікаўленыя, каб гэтых аўтарытарных рэжымаў не стала.

Але ёсць, па словах палітолага, у Еўропе і цалкам супрацьлеглая пазіцыя.

— Частка лічыць, што трэба пераварочваць старонку, вяртацца да business as usual, ісці на дыялог, падзяляць палітыку ад эканамічнага супрацоўніцтва і г.д.

Гэта тая тэма, якую калісьці прасоўваў Макей, што праз бізнэс мы будзем прасоўваць еўрапейскія стандарты. Гэта ні разу не спрацавала. Некаторы ўплыў на еўрапеізацыю грамадства назіраўся, але гэтага не адбывалася з рэжымам.

У такога падыходу дарэчы былі прыхільнікі і сярод некаторых беларускіх экспертаў. Але гэта так не працуе, паколькі аўтарытарны рэжым заўсёды падмане, — адзначае Юрконіс.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(13)