Юрася Губарэвіча выключаюць з Партыі БНФ

9 красавіка адбылося паседжаньне камісіі партыйнага кантролю Партыі БНФ. Першым на камісію, якая засядала ў складзе двух чалавек -- Юрася Хадыкі й Галіны Сямдзянавай, быў выкліканы намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Губарэвіч.

Камісію партыйнага кантролю цікавілі перадусім пытаньні супрацоўніцтва Юрася з рухам «За Свабоду». Рашэньне пра стварэньне падобнай камісіі было прынятае на адным з апошніх Соймаў, ужо пасьля сьнежаньскага зьезду. Яе ўзначаліў Юры Хадыка.

«Хачу сказаць, што дзейнасьць камісіі партыйнага кантролю пакуль нават не правамоцная, бо яе склад не зацьверджаны Соймам. Мне быў зададзены шэраг пытаньняў, збольшага пра супрацу з рухам «За свабоду». Згадваліся пажаданьні старшыні Партыі Лявона Баршчэўскага, каб я перастаў супрацоўнічаць зь Мілінкевічам. Я адказаў, што гэта толькі пажаданьні, бо Партыя БНФ ня мае афіцыйнай пазыцыі ні да Мілінкевіча, ні да руху «За свабоду». Рашэньне пра забарону супрацоўніцтва таксама няма. На маю думку, ад такога супрацоўніцтва БНФ можа толькі выйграць, што даказалі апошнія прэзыдэнцкія выбары. Аднак, думка часткі кіраўніцтва Партыі адрозьніваецца, ад думкі большасьці партыйцаў, якія ўсё ж выступаюць за больш шчыльнае супрацоўніцтва зь Мілінкевічам.

Па-другое, унутры Партыі працягваецца барацьба за ўладу. Тая групоўка Вінцука Вячоркі, якая прайграла на зьезьдзе, яны спрабуюць аднавіць былы ўплыў. Нічога лепшага, чым зачыстка канкурэнтаў, яны прыдумаць ня могуць. Практыка ўжо досыць старая, якая неаднаразова ў нашай Партыі выкарыстоўвалася. У бліжэйшую суботу, думаю, пытаньне аб маім выключэньні будзе выносіцца на Сойм. Спадзяваньне толькі на разуменьне іншых сяброў Партыі, якія не дапусьцяць, каб БНФ скацілася ва ўнутраныя разборкі замест эфэктыўнага дзеяньня для перамогі», — кажа Юрась Губарэвіч.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі кажа, што нічога пра паседжаньне камісіі партыйнага кантролю ня ведае.

«Калі пытаньне аб выключэньні спадара Губарэвіча будзе выстаўленае, то разгледзім. Я ведаю, што прэтэнзіі да ягонай дзейнасьці ўзьнікалі вельмі даўно», — гаворыць Баршчэўскі.

«Паглядзім, ці тое будзе выключэньне, ці вельмі сур’ёзнае і апошняе папярэджаньне. Гэты хлопец, здаецца, ня ўмее працаваць на каманду, а дзейнічае ў асабістых інтарэсах. Губарэвіч часам даходзіць да неверагодных рэчаў, калі адмаўляецца падпісваць партыйныя дакумэнты. Асабіста я выступаю за выключэньне Губарэвіча з Партыі. Што да яшчэ аднаго намесьніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча, то пытаньне аб ягоным выключэньні з БНФ не стаіць», — кажа Юрась Хадыка.

 

Матэрыялы па тэме: Хранічныя няўдачнікі супраць паспяховых лідэраў

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)