«Ёсць у мяне падазрэнне, што цешча начальніка «амерыканкі» гандлявала прысвоенымі ім газетамі каля Камароўкі»

У рэдакцыю «Нашай Нівы» прыйшло ліст ад палітвязня, экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча.

“Амаль паўгода не меў магчымасці чытаць Вашую газету і сумаваў па ёй. Хаця ведаю, што ўвесь гэты час газета выпісвалася на мяне, як і на іншых "паўстанцаў".

Ёсць у мяне падазрэнне, што цешча начальніка "амерыканкі" гандлявала прысвоенымі ім газетамі каля Камароўкі. Але як даказаць?

Зараз я атрымоўваю аж дзве "Нашы Нівы" і гэта добра, бо на Вашую газету ў атрадзе ў мяне чарга. І каб атрымаць прэферэнцыі ў гэтай чарзе, калегі па бараку пачалі даводзіць мне, што іх сваякі на волі галасавалі выключна за мяне :) Веру ім.

Асобнае прывітанне Андрэю Дынько. Ягоны ліст да мяне ў "амерыканку" быў адзіным за паўгода лістом, атрыманым мной не ад сваякоў. Я адказаў яму, але, гледзячы па ўсім, мой адказ да яго не дайшоў. На жаль, яго прапанова дасылаць у Вашую газету мае ўспаміны аб падзеях пачатку 90-х, выглядае нерэалізуемай. Як мне тут шчыра сказалі, гэтыя матэрыялы адсюль не выйдуць. Так што, пачакаем лепшых часоў".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)