«Ёсць і смех скрозь слёзы, і спробы даць людзям натхненне, зматываваць іх — у гэтым наша місія»

Сяброўка згуртавання беларусаў «Разам» Іна Валіцкая — пра тое, як прасоўваць беларускую культуру ў Нямеччыне.

Наколькі складана прасоўваць беларускую культуру за межамі краіны, каму яна цікавая і як змянілася беларуская дыяспара пасля 2020 года, распавяла ў гутарцы з DW беларуска Іна Валіцкая, якая шмат год жыве ў Мюнхене.

— Я раблю розныя рэчы пра Беларусь па-за межамі сваёй працы ў амерыканскай кампаніі, якая дзейнічае ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, — гаворыць беларуска. — Напрыклад, я суарганізатарка фестывалю Minsk x Minga, ён адбываецца штогод у нас у Баварыі.

— Гэта праца, я б сказала, вельмі ўдзячная, яна шмат вяртае пазітыву — на нашы імпрэзы заўсёды прыходзяць людзі і дзякуюць.

Грошы атрымалася знайсці даволі нечакана, бо шукалі падтрымку для зусім іншых рэчаў — хацелася, напрыклад, аказваць інстытуцыйную падтрымку для людзей, якія вымушаныя былі пакінуць краіну. Але ў баварскіх інстытуцыях нам тлумачылі, што гэта пытанне федэральнага ўзроўню. Але затое ў канцылярыі адгукнуліся і дапамаглі нам зладзіць фестывальныя імпрэзы.

Першы канцэрт Іна згадвае з асаблівае цеплынёй:

— Гэта быў выступ Маргарыты Ляўчук, якія адбыўся ў самым прыгожым і важным месцы Мюнхена, — у рэзідэнцыі, дзе жылі, вянчаліся, прымалі гасцёў баварскія каралі.

Хто прыходзіць? Перадусім наша дыяспара, якая даведваецца пра ўсе прамоцыі з сацыяльных сетак. Шмат украінскіх сяброў, якія добра нас разумеюць і любяць беларускую мову. І немцы — сябры, сябры сяброў, бо мы ўжо абраслі кантактамі, бо ў арганізацыі «Разам» шмат сустрэч і знаёмстваў.

Ёсць тыя, хто раней быў звязаны з Беларуссю па розных праграмах, накшталт сяброўства гарадоў — цяпер людзі баяцца ехаць у Беларусь, а жаданне падтрымаць, мець нейкае дачыненне да беларусаў засталося.

Вельмі шмат людзей спачуваюць. Мы сустракаліся на пачатку гэтага году з нямецкай міністаркай культуры Клаўдыяй Рот: яна вельмі ўважліва слухала, і калі размова зайшла пра палітзняволеных, асабліва пра жанчын — моцна перажывала. Мне падаецца, тут ніхто не можа застацца абыякавым.

Да 2020 года пра Беларусь мала хто ўвогуле ведаў, гэта была нейкая буферная зона паміж Польшчай і Расіяй. На жаль, і цяпер праз актуальны стан рэчаў часам не ўспрымаецца Беларусь як асобная дзяржава. Але ў сувязі з вайной ва Украіне бачанне Беларусі пэўным чынам змянілася.

Мы паставілі сабе мэту, каб Беларусь была больш бачнай і не знікала з павесткі. У нас ёсць шмат, што прапанаваць нямецкай публіцы, і ў нас вельмі цяжкая сітуацыя ў краіне — нельга, каб еўрапейцы пра гэта забываліся.

Афіцыйны дзень народзінаў суполкі «Разам» у Нямеччыне — 9 жніўня 2020 года. А да таго часу, напрыклад, у Берліне ладзіліся проста сустрэчы эмігрантаў, расказвае Іна Валіцкая: па прынцыпу «я прыехаў з Беларусі, хачу знайсці землякоў».

— У мяне ёсць вельмі цікавая, нават анекдатычная гісторыя пра тое, як я ладзіла такі «стол заўсёднікаў» у Баварыі, — усміхаецца беларуска. — Гэта быў недзе 2011 і 2012 год, я па сваіх каналах дала абвестку, маўляў, беларусы і беларускі, давайце збірацца.

І паколькі было лета, падумала, што было б добра сустрэцца ў Англійскім парку, спалучыць, так бы мовіць, баварскае піва і беларускі вайб. Але туды прыйшлі амаль што адны толькі нямецкія мужчыны, якія хацелі пазнаёміцца з дзяўчатамі…

— Што матывуе працягваць працу сёння? Па-першае, гэта страшна цікава — ты знаёмішся і размаўляеш з людзьмі, з якімі інакш ніколі не сустрэўся б. А другі момант хутчэй сумны: я, напрыклад, не магу прыняць статус-кво, тое, што адбываецца ў Беларусі, колькасць палітзняволеных.

Я лічу, мы мусім пра гэта калі не крычаць, то гаварыць — і на мове культуры, рознымі сродкамі карыстацца. Хоць нам таксама кажуць, маўляў, ці не маглі б вы ўжо нешта больш жыццесцвярджальнае, больш вясёлае рабіць. Але немагчыма абраць іншы тон — прынамсі, у гэты момант. У нас ёсць і смех скрозь слёзы, і спробы даць людзям натхненне, зматываваць іх на нейкія свае справы — у гэтым, можна сказаць, наша місія.

У чэрвені-2024, расказвае Іна, ужо ў чацвёрты раз адбыўся беларускі летнік «Мюнхеншчына» — лес, намёты і тры дні для беларусаў і беларусаў з дзецьмі, каб «перазагрузіць галаву» і надыхацца паветрам волі і творчасці. А ўжо ўвосень, 11-13 кастрычніка, беларуска, хоць і не раскрывае імёны хедлайнераў, запрашае ўсіх ахвотных на фэст Minsk x Minga.

У нас ёсць мара — правесці гэты фестываль у Беларусі. Спадзяёмся, што калісьці гэта атрымаецца.