Культурны працэс

Паўліна Бярозавік

«Ёсць дзве стратэгіі: «мы сыходзім і не ўдзельнічаем у гэтым усім» і «мы застаёмся і захоўваем, што можна». Зараз у беларускім тэатры адбываецца тое ж самае»

Вялікая размова з тэатральным крытыкам Дзянісам Марціновічам пра страты, творчую эміграцыю, праблемы і перспектывы беларускага тэатра (спойлер: не ўсё дрэнна).

У сумесным спецпраекце «Салідарнасці» і Беларускай Рады культуры працягваем абмяркоўваць з экспертамі сферы культуры сучасны стан беларускага мастацтва, галоўныяцяжкасці і магчымыя шляхі іх пераадолення, праблемы і пазітыў (які таксама ёсць), а таксама перспектывы.

І сённяшні суразмоўца — Дзяніс Марціновіч, тэатральны крытык і гісторык, кандыдат гістарычных навук, з якім мы разам умоўна «ідзём у тэатр» і спрабуем разабрацца, куды глядзець.

«Тое, што было ў 2010-я, цалкам знікла, і мы засталіся на папялішчы»

Пасля жніўня 2020-гаўсяго за пару сезонаў беларускі тэатр змяніўся непазнавальна. Сёння ўжо складана прыгадаць усе хвалі «чыстак», закрыцці творчых пляцовак, перапрызначэнні лаяльных дырэктараў, выцісканне няўгодных з прафесіі… Што беларускія тэатралы і ўсе мы страцілі за чатыры гады?

Дзяніс Марціновіч. Фота: Настасся Панкратава.

— Для гэтага трэба вярнуцца крыху назад, — зазначае эксперт. — Цягам дзясятых гадоў склалася дастаткова добрая сістэма незалежнага тэатра. Прычым гэта былі не адзінкавыя праявы, а сапраўды сістэма.

Акрамя цэнтра візуальных мастацтваў АртКарпарэйшн, была, напрыклад, «Тэрыторыя мюзікла»— прыватны тэатр, адзіны буйны незалежны калектыў, які ставіў мюзіклы, у тым ліку ў яго была брадвейская ліцэнзійная пастаноўка «Недалёка ад нормы». Была асобная пляцоўка ОК16, якая давала магчымасць эксперыментаваць розным калектывам.

І 2020 год, у прынцыпе, цалкам знішчыў гэтую сістэму. У Мінску зараз юрыдычна існуе два незалежных тэатра: «ТрыТ Фармат» спадарыні Паляковай-Макей (але фактычна яны аб’ядналіся з ТЮГам, якім якраз Палякова-Макей і кіруе), і Камерны тэатр Наталлі Башавай (але праблема ў тым, што Наталля Башава цяпер — дэкан тэатральнага факультэта Акадэміі мастацтваў, то бок, гэта таксама не незалежны тэатр).

Уласна, гэта і ўсё. Атрымліваецца, канстатуе Дзяніс Марціновіч, што ў Беларусі сёння незалежных тэатраў няма ў прыродзе, хіба некалькі аматарскіх і напаўаматарскіх калектываў, як сямейны інклюзіў-тэатр «І» (разам з аматарамі на сцэну выходзяць і прафесіяналы), альбо «Со:временник», сабраны з выпускнікоў акцёрскіх курсаў. І гэта лёгка тлумачыцца: ніхто не дасць «сумнеўным» калектывам гастрольнае пасведчанне, не вылучыць сцэнічную пляцоўку, і г.д.

Акурат гэтую сітуацыю наш суразмоўца «Салідарнасці» называе «самым моцным ударам»: у дзяржаўных тэатраў цяпер няма канкурэнтаў, а значыць, і стымулаў развівацца, каб завабліваць гледача.

— Таксама вялікім ударам сталі звальненні, зыход у эміграцыю велізарнай колькасці акцёраў, рэжысёраў — кадравыя страты. Калі згадаць найбольш цікавых рэжысёраў, якія ставілі ў 2010-я гады, то высветліцца, што ўсе яны зараз у Мінску не ставяць.

Юрый Дзівакоў — у Польшчы, Аляксандр Янушкевіч і Ігар Казакоў — у Расіі, Аляксандр Марчанка — у Літве, Аляксандр Гарцуеў таксама з’ехаў у Польшчу.

Можна доўга пералічваць імёны, але сэнс у тым, што вялікі пласт прафесіяналаў не працуе ў Беларусі. Фактычна, з той эліты застаўся хіба Яўген Карняг, які ставіць у Тэатры лялек і РТБД.

Нават калі заплюшчыць вочы на ўсё астатняе, гэта адкінула наш тэатр, як мінімум, на дзесяцігоддзе назад… Тое, што было ў 2010-я, цалкам знікла, і мы засталіся на папялішчы.

— Мабыць, адной з самых заўважных падзей 2020-га стала звальненне практычна ўсяго творчага касцяка Купалаўскага тэатра. Падаецца, што дзяржава імкнецца захаваць гэты брэнд за сабой, але не надта атрымліваецца: «новая кроў» — гэта акцёры, многія з якіх не ведаюць беларускай мовы, рэпертуар не ўражвае.

На ваш погляд, тое, што адбываецца сёння ў сценах тэатра Янкі Купалы — гэта пра ідэалогію, або і пра мастацтва таксама?

—Думаю, гэта і не пра ідэалогію, і не асабліва пра мастацтва. У мяне такое ўражанне, што гэта тэатр «для птушачкі». Таму што сыход сапраўды быў вельмі гучны, — а памяшканне ў цэнтры Мінска, з такой традыцыяй, з такой гісторыяй — не магло стаяць пустым.

Я паглядзеў: з той, старой трупы зараз засталося ў тэатры 8 чалавек, з іх пераважаюць акцёры сталага ўзросту, некалькі з якіх на сцэну амаль што не выходзяць.

Сёння гэта фактычна цалкам новая трупа — і нічога цікавага там не адбываецца, акцёры — без пераемнасці, для якіх беларуская мова — замежная, і яе вучылі ў працэсе, а галоўнае, што Купалаўскі тэатр для іх — часовая пляцоўка, з якой яны вернуцца ў Маскву.

Таму да іх, на мой погляд, адпаведнае стаўленне: агульная абыякавасць. Існуюць і існуюць.

— Вы ўжо згадалі пра кадравыя страты. Частка беларускіх акцёраў з’ехала ў Расію (калі не памыляюся, Іван Трус, Павел Харланчук працуюць там), частка падалася на Захад, у Еўропу. Які кірунак творчай эміграцыі аказаўся больш паспяховым — на сёння і на перспектыву?

— Тут ёсць адказ этычны, а ёсць прагматычны. З этычнага гледзішча, з улікам усіх падзей сама меней апошніх двух гадоў — натуральна, Захад больш лагічны накірунак развіцця кар’еры. Але калі заплюшчыць вочы на этычныя развагі і глядзець прагматычна — то Усход атрымаўся нашмат больш паспяховым.

Усё ж такі на Захадзе, будзем казаць шчыра, мы не надта патрэбныя. Там выйгралі тыя, хто ведаў мову пэўнай краіны і гатовы быў яе хутка вывучыць, хто ўжо тады быў гатовы да эксперыментаў, да эстэтыкі заходняга тэатра.

Так, актрыса і рэжысёрка Паліна Дабравольская, рэжысёры Юрый Дзівакоў, Мікіта Ільінчык вельмі актыўна працуюць у польскім тэатры.

Трэба разумець, што нават у 2010-я гады беларускі тэатр быў даволі кансерватыўным, і ад польскага моцна адставаў. І калі ты не зможаш інтэгравацца ў тую ж польскую прастору (не кажу ўжо пра літоўскую, бо гэта яшчэ больш складана нават на ўзроўні мовы) — ты непазбежна пачынаеш працаваць у эмігранцкім тэатры для куды больш вузкай аўдыторыі.

Калі выбраць беларускую мову, аўдыторыя, на вялікі жаль, будзе яшчэ больш вузкай, калі рускую — крыху большай, і ўсё ж такі гэта будзе эмігранцкі тэатр.

Дзяніс Марціновіч праводзіць красамоўную паралель: у 1930-я п’еса Набокава «была настолькі папулярнай у Парыжы, што вытрымала ажно чатыры паказы»— пры тым, што тагачасны Парыж быў цэнтрам рускай эміграцыі. Перспектывы для беларускага эмігранцкага тэатру вымалёўваюцца, трэба прызнаць, невясёлыя.

— І калі ты застаешся ў Беларусі, то бачыш, што эмігранцкі хлеб дастаткова складаны, што большасць акцёраў працуе дзесьці па-за тэатрам: у крамах, у таксі і г.д.

Думаю, шмат да каго прыходзіць разуменне, што гэта цяжка, а ці перспектыўна — як кажуць, пытаннечка. А Усход — гэта мова, гэта рэпутацыя беларусаў, якіх запрашаюць, ужо ведаючы якасць іх працы; гэта прасцейшы шлях. Таму проста зараз, мне падаецца, Усход выглядае больш прывабным.

— Можна доўга разважаць, як справы пагоршыліся, як з 29 тэатраў засталіся толькі 4, што працуюць на беларускай мове, — і гэта будзе праўдай. Але, з іншага боку — не ўсё ж развалена дашчэнту, захаваліся тэатральныя фестывалі, нават міжнародныя. І ёсць, што пакласці пазітыўнага на іншую шалю вагаў?

— Ёсць дзве стратэгіі: «мы сыходзім і не ўдзельнічаем у гэтым усім» і «мы застаёмся і нешта робім, захоўваем, што можна». І зараз у беларускім тэатры, на маю думку, адбываецца тое ж самае: хтось бразнуў дзвярыма і з’ехаў, хтосьці застаўся і імкнецца захаваць тое, што ёсць.

У Беларусі жывуць дзевяць мільёнаў чалавек. І яны таксама маюць права глядзець тэатр, у тым ліку добры тэатр. Тое, што вы сказалі пра фестывалі — так, захавалася «Белая Вежа» ў Брэсце, «М.@рт. Кантакт» у Магілёве, «Лялькі над Нёманам» у Гродне.

Зразумела, што яны зараз не таго ўзроўню, як маглі б быць. Натуральна, што ў іх афішах пераважаюць пастаноўкі з Расіі, у лепшым выпадку — з краін СНД. Але там таксама ёсць добрыя пастаноўкі, калектывы сапраўды высокага ўзроўню.

Вось у верасні на сцэне Музычнага тэатра была з гастролямі Свярдлоўская музкамедыя — гэта адзін з лепшых расійскіх калектываў у сваёй сферы (мюзікл, аперэта). І тое, што ў Беларусь прывозяць добрыя спектаклі, што захаваліся фестывалі — я лічу, добра.

З фестывалямі такая штука, што галоўнае, каб яны працягвалі існаваць, інакш чыноўнікі перастаюць вылучаць грошы на правядзенне, а аднавіць страчанае потым вельмі цяжка.

З плюсаў адзначу і тое, што ў Беларусі працуюць тыя рэжысёры, якія змаглі застацца. Ёсць добрыя акцёры, якія працавалі і ў нулявыя, і ў дзясятыя гады. Мне здаецца, сёння галоўная задача ў тым, каб захаваць узровень, працягнуць пераемнасць.

Працяг гутаркі з суразмоўцам «Салідарнасці» чытайце на нашых старонках неўзабаве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(8)