Общество

«Ён шчыры патрыёт Беларусі». Хто такі Андрэй Аляксандраў, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве

Радыё Свабода расказвае, хто такі Андрэй Аляксандраў, якому выстаўлена новае абвінавачаньне — у здрадзе дзяржаве. Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы.

Андрэю Аляксандраву 42 гады, ён журналіст і мэдыямэнэджар. Нарадзіўся ў Ніжнім Тагіле, вучыўся ў Лёндане, дапамагаў рэпрэсаваным аплачваць штрафы.

12 студзеня 2021 году Аляксандраў перастаў выходзіць на сувязь. Пазьней высьветлілася, што ён затрыманы разам са сваёй сяброўкай Ірынай Злобінай.

Паводле намесьніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча , Аляксандраў і яго сяброўка Ірына Злобіна «затрыманыя па падазрэньні ў фінансаваньні акцый пратэсту». Яны супрацоўнічалі з краўдфандынгавай плятформай BY_help, якая дапамагала ўдзельнікам пратэстаў выплачваць штрафы. З 22 жніўня да 9 лістапада 2020 году Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў.

Спачатку Аляксандрава абвінавацілі па частках 1 і 2 артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Максымальны тэрмін утрыманьня пад вартай па гэтым артыкуле — 6 месяцаў, ён сканчаецца 12 ліпеня. Аднак 30 чэрвеня справу перакваліфікавалі. Цяпер Андрэя Аляксандрава абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве.

Паводле адваката Антона Гашынскага, Аляксандраў у шоку ад выстаўленага абвінавачаньня, вінаватым ён сябе не прызнаў.

Даведка

Частка 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэксу, па якой абвінавачваюць Аляксандрава: «Выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а роўна зьвестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, альбо шпіянаж, альбо пераход на бок ворага падчас вайны або збройнага канфлікту, альбо іншае аказаньне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам у правядзеньні дзейнасьці, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна зьдзейсьненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь».

Нарадзіўся ў Ніжнім Тагіле, вучыўся ў Лёндане

Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў 1978 годзе ў Ніжнім Тагіле. Дзяцінства прайшло ў Паставах. Потым Андрэй скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку, у незалежнай гарадзкой газэце «Хімік».

У 2009–2012 гадах быў намесьнікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

Аляксандраў вучыўся ў Вялікай Брытаніі, атрымаў ступень магістра мэдыямэнэджмэнту ў Вэстмінстэрскім унівэрсытэце ў Лёндане. Быў супрацоўнікам міжнародных арганізацый Index on Censorship і Article 19. Але вярнуўся ў Беларусь.

У 2015–2018 быў намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Пасьля працаваў у інфармагенцыі па дамове мэдыякансультантам.

«Абвінавачваць Андрэя ў здрадзе радзімы — гэта абсурд! Ён шчыры патрыёт Беларусі»

Андрэй Аляксандраў і вядомы беларускі фатограф Сяргей Балай вучыліся разам у Полацкім унівэрсытэце, пасябравалі зь першага курсу, разам працавалі ў наваполацкай незалежнай гарадзкой газэце «Хімік». Андрэй ужо тады супрацоўнічаў з інфармагенцтвам БелаПАН, стварыў папулярны партал «himik.info».

Потым сябры перабраліся ў Менск. Сяргей працаваў у «Салідарнасьці», на Tut.by. Андрэй быў намесьнікам старшыні БАЖ, потым зьехаў на вучобу ў Лёндан.

«Празь некалькі гадоў зноў мы перасекліся — у БелаПАНе, разам стваралі фатаслужбу, шчыльна займаліся візуальным кірункам.

Андрэй быў мэнэджарам па крызісных пытаньнях. У нас падабраўся вельмі клясны, зорны калектыў — Алесь Ліпай, Ірына Леўшына, Таня Каравянкова, іншыя.

Калі нешта здаралася, Андрэй першым тэлефанаваў і пытаўся, чым можа дапамагчы. У вельмі складаныя часы, калі спачатку завялі справу на Алеся Ліпая, потым на БелаПАН, „наехалі“ на Tut.by і зноў на нашу агенцыю, менавіта Андрэй заўсёды быў цэнтрам, які аб’ядноўваў людзей. Ён не губляўся ў самай складанай сытуацыі. Андрэй вельмі самаахвярны», — кажа Сяргей Балай.

І ўзгадвае, што прыкладна 6 ці 7 студзеня Андрэй напісаў яму, што, маўляў, «трэба сустрэцца, выпіць піва». Балай у той момант быў у Полацку, адказаў сябру, што калі вернецца, абавязкова сустрэнуцца. Сяргей вярнуўся ў Менск, напісаў сябруку, а той не адказаў — Андрэя ўжо затрымалі.

«Цяпер Андрэя абвінавачваюць у здрадзе радзімы — гэта абсурд! Ён шчыры патрыёт Беларусі, чалавек, якога шмат па сьвеце пакідала: ад Ніжняга Тагілу да Нямеччыны, ад Паставаў да Лёндану.

У тых умовах, дзе ён знаходзіцца, можна выбіць з чалавека ўсё што заўгодна. Тым больш, што і ягоная сяброўка Ірына там — яна закладніца, як і Сафія Сапега. Хоць я перакананы, што Андрэй не пайшоў на супрацоўніцтва, таму яму і перакваліфікавалі артыкул на больш жорсткі.

Любімая прыказка Андрэя — „Журналісты гуляюць у футбол на мінным полі“. Хоць ён журналістыкай апошнім часам мала займаўся — працаваў як мэдыямэнэджар, вучыў моладзь працаваць», — выказаў сваё меркаваньне Сяргей Балай.

«Калі ў маім жыцьці здарыліся дзьве бяды, ён першым прыйшоў на дапамогу»

Сяргей Вазьняк сябруе з Аляксандравым больш за 15 гадоў. Яны пазнаёміліся, калі журналісты разам ехалі ў Чарнобыльскую зону.
«Нас шмат што яднае: любоў да футболу, любоў да літаратуры. Наша сяброўства яшчэ мацуецца тым, што я марксіст, а ён далёка не марксіст, чалавек лібэральных поглядаў. І мы часта спрачаемся ня столькі пра палітыку, колькі пра ідэалёгію. Але гэта ніколі не перашкаджала нашай дружбе.

Калі ў маім жыцьці здарыліся дзьве бяды, ён першым прыйшоў на дапамогу. Пасьля выбараў 2010 году я апынуўся ў „амэрыканцы“, Андрэй стаяў у чарзе пад турмой, насіў мне перадачы. Калі мой сын Аляксей трапіў у сур’ёзную аварыю, ён ахвяраваў грошы на лячэньне.

Цяпер я вельмі за яго перажываю. У сваіх лістах Андрэй піша, каб мы не здаваліся, не адчайваліся, усяляе аптымізм у людзей на волі. У гэтым увесь Андрэй: сам у больш цяжкай сытуацыі, але падтрымлівае ўсіх астатніх», — кажа Вазьняк.

Сяргей перакананы, што Аляксандраў адмовіўся пакаяцца, прызнаць віну, і яму такім чынам адпомсьцілі, перакваліфікаваўшы абвінавачаньне.

«Зараз удар наносіцца па грамадзянскай салідарнасьці»

Палітоляг Павал Вусаў выказаў думку: выставіўшы такі жорсткі артыкул Аляксандраву, улады імкнуцца зьнішчыць унутрыграмадзкую салідарнасьць.

«Здрада дзяржаве азначае, што асоба, якая мае доступ да сакрэтных дакумэнтаў альбо знаходзіцца на дзяржаўнай пасадзе, працуе на іншую дзяржаву. І гэта наносіць сур’ёзную шкоду бясьпецы той дзяржавы, грамадзянінам якой зьяўляецца асоба.

Ужо былі прыклады, як па гэтым артыкуле асуджалі службоўцаў, якія дзяліліся інфармацыяй са СМІ. І гэты мэханізм на першым этапе быў накіраваны перш за ўсё супраць вайскоўцаў, супрацоўнікаў сілавых структур, каб запужаць астатніх і прадэманстраваць, што ўлады кантралююць усю прастору — каб ніхто больш не адважыўся дзяліцца службовай інфармацыяй», — мяркуе палітоляг.

Павал Вусаў прывёў прыклад, як сёлета ў траўні капітана Дзяніса Ўрада, што паведаміў пра ўжываньне войска супраць пратэстоўцаў, асудзілі на 18 год — таксама за здраду радзіме.

«Тады пакаралі вайскоўца. А цяпер удар наносіцца перш за ўсё па грамадзянскай салідарнасьці, па людзях, якія актыўна ўдзельнічаюць у стварэньні каналаў перадачы сродкаў для падтрымкі пратэстоўцаў, тых, хто трапіў пад рэпрэсіі.

Дарэчы, нядаўні ператрус і намер арыштаваць журналістку Валярыну Куставу таксама сьведчыць пра тое, што ўлады імкнуцца зьнішчыць усіх людзей, якія былі ланцугом для грамадзянскай салідарнасьці», — перакананы палітоляг Павал Вусаў.

«Гэта помста і дэманстрацыя сілы для Эўрапейскага Зьвязу»

Паводле Вусава, перакваліфікацыя на больш сур’ёзны артыкул — псыхалягічны ціск, які павінен разбурыць салідарнасьць актыўнай часткі грамадзтва.

«Па сутнасьці, кожны, хто выступае супраць рэжыму Лукашэнкі, — здраднік дзяржавы: дзяржавы тэрору, гвалту, бяспраўя. Трэба разумець, што дзяржава будзе выкарыстоўваць любыя мэтады для зьнішчэньня супрацьстаяньня.

А зь іншага боку, гэта помста і дэманстрацыя сілы для Эўрапейскага Зьвязу. І няма сумневу, што хваля рэпрэсій, жорсткія выракі будуць працягвацца», — мяркуе палітоляг Павал Вусаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(19)