«Ён гаварыў з зоркамі на зямлі – цяпер размаўляе ў небе…»
Раніца 30 траўня прынесла сумную вестку: памёр Генадзь Бураўкін. Паэту было 77.
Уладзімір Някляеў: «Уладзе гэтай без патрэбы быў і сам Васіль Быкаў, і Рыгор Барадулін, і Генадзь Бураўкін. Але ўлада – не Беларусь»
– Усё меней старых і надзейных сяброў. Людзей, якіх любіў я, і якія любілі мяне, – піша Уладзімір Някляеў. – Услед за Рыгорам Барадуліным не стала Генадзя Бураўкіна.
За тры дні да ягонай смерці мы прынеслі яму ягоную кнігу вершаў. Апошнюю. Ён проста прагнуў яе ўбачыць, бо разумеў, ведаў, што яна – развітальная.
Каб гэта адбылося, мы, не паспяваючы выдаць кнігу, зрабілі яе ўручную. Адзін асобнік. І трэба было бачыць ягоны твар, калі ён узяў кнігу ў рукі. Гэта было не шчасце ці радасць, цяжка шчасцю ці радасці выявіцца на мяжы жыцця і смерці – гэта было Вялікае Супакаенне. Што жыццё пражыў, як належыць. Зрабіў у ім, што мог.
Так сыходзяць паэты.
Ён быў блізкі, дарагі мне чалавек. Я прыходзіў да яго, ужо цяжка хворага, каб падбадзёрыць, падняць дух, а ён з той сілай, з якой мог, паціскаў мне руку і казаў: «Трымайся».
Так сябруюць паэты.
Ён быў чалавекам не толькі з паэтычным, але і з палітычным мысленнем. Балюча перажываў сваю незапатрабаванасць як дзяржаўнага дзеяча. І не з-за асабістых амбіцый – ён насамрэч мог шмат зрабіць для Беларусі на любой, самай адказнай пасадзе. Васіль Быкаў казаў: «Калі гэтай уладзе не патрэбны паэт і дзяржаўны дзеяч Генадзь Бураўкін, значыць, ёй непатрэбная Беларусь».
Уладзе гэтай без патрэбы быў і сам Васіль Быкаў, і Рыгор Барадулін, і Генадзь Бураўкін. Але ўлада – не Беларусь. Яна яшчэ скажа дзякуй сваім найлепшым сынам, якія самааддана ёй служылі і верна, самаахвярна любілі. Да апошняга ўздыху. Яе адну.
Кнігу сваіх апошніх вершаў Генадзь Бураўкін назваў «Нагаварыцца з зоркамі». Ён гаварыў з імі на зямлі – цяпер размаўляе ў небе…
Вось і ўсё, што з ім сталася.
«Генадзь Мікалаевіч паднёс кнігу да вуснаў і прасіў дзякаваць усім, хто спрычыніўся да яе выдання»
Журналіст і літаратуразнаўца Сяргей Шапран распавёў «Салідарнасці» пра апошнія дні Генадзя Бураўкіна і пра тое, як сябры выканалі апошняе жаданне Паэта.

З маці Феадосіяй Ягораўнай, якая памёрла на 101-м годзе жыцця, ў сакавіку 2014-га

З жонкай Юліяй
Лепшыя песні на вершы Генадзя Бураўкіна
Правілы жыцця Генадзя Бураўкіна
Валярына Кустава: «Цяпер яны разам – сябры, беларускія паэты – Быкаў, Барадулін, Бураўкін...»
Словы на развітанне напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паэтка Валярына Кустава.
– Памёр Генадзь Мікалаевіч Бураўкін... Чалавек, які перавёў беларускае тэлебачанне на беларускую мову за адзін дзень, які напісаў Калыханку, пад якую мы выраслі, які быў дыплатам ў ААН і інтэлігентам. Прыгожы чалавека, рэдкі. Ён так кахаў і ставіўся да сваёй жонкі Юлі ўсё жыццё, як толькі можа марыць жанчына, каб да яе ставіліся... Пад пільнымі парадамі і ўсмешкамі якога я гадавалася ў Доме літаратара на Фрунзэ, 5... Апошнім часам, хоць меў шнары па целе ад аперацый – паказваў і расказваў мне пра іх з усмешкай, бо выжыў...
Анкалогія. Бывайце, спадар Генадзь... Плачу, развітваюся, абдымаю...
Цяпер яны разам – сябры, беларускія паэты – Быкаў, Барадулін, Бураўкін... Дарагія, хто за Вамі... Там лягчэй, там не баліць...

З Васілём Быкавым

На развітанні з Васілём Быкавым

З Рыгорам Барадуліным і Аляксеем Марачкіным
Бураўкін: «Ёсць рэчы, якімі мы не дазволім гандляваць»
Спадар Генадзь нарадзіўся 28 жніўня 1936 году ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёну Віцебскай вобласьці. Яшчэ юнаком ён абраў прафесію журналіста і скончыў БДУ па гэтай спецыяльнасці.
Генадзь Бураўкін працаваў у газэце «Літаратура і Мастацтва», карэспандэнтам «Правды» па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць». Але найбольш важкую ролю ён адыграў у станаўленні беларускага тэлебачання і радыё, якім кіраваў з 1978 па 1990 гады. Спадар Генадзь зрабіў эфір нацыянальным настолькі, наколькі гэта было магчыма ў савецкія часы. Таксама ён быў адным з ініцыятарам закону аб мовах.
За падтрымку дэмакратычных сілаў Бураўкін быў вызвалены ад пасады старшыні Дзяржтэлерадыё БССР і накіраваны ў ганаровую ссылку – на пасаду пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН. Там ён шмат зрабіў дзеля таго, каб прыцягнуць увагу сусветнай супольнасці да Беларусі і наступстваў чарнобыльскай катастрофы для нашай краіны.
У 1991-м годзе Генадзь Мікалаевіч узняў над беларускім прадстаўніцтвам у Нью-Йорку бел-чырвона-белы сцяг, які пашыла ягоная жонка Юлія Якаўлеўна. Ён актыўна ўдзельнічаў у нацыянальнай справе і пасля вяртання на Бацькаўшчыну: некаторы час узначальваў Таварыства беларускай мовы, з’яўляўся сябрам Рады беларускай інтэлігенцыі. Асабліва варта адзначыць унёсак спадара Генадзя ў арганізацыю Усебеларускага з’езду 2000 году, на якім быў прыняты Акт незалежнасці Беларусі.
“Калыханку” Бураўкіна ў свой час ведала амаль кожнае беларускае дзіця. Свае першыя вершы Паэт надрукаваў яшчэ ў 1952-м. Апошняя кніга Бураўкіна выйдзе ўжо пасля ягонай смерці ад цяжкой хваробы, якая праявілася яшчэ летась. Спадар Генадзь мужна змагаўся з ёй, але…


Фота Радыё Свабода, “Камсамольскай праўды ў Беларусі”, “Народных навінаў Віцебска”, “Будзьма”
Развітанне з Паэтам адбудзецца 31 мая а 12-й гадзіне ў Петрапаўлаўскай царкве (вул. Ракаўская,4).
Генадзя Бураўкіна пахаваюць на Усходніх могілках.
Читайте еще
Избранное