Общество

Ірына Марозава

Ёлка з мішурой крыж-накрыж, бы кулямётная стужка, «зялёная чырвань» падарункаў і птушкі правільных колераў

Прыгледзеліся, ці шмат у Мінску «патрыятычных» святочных дэталяў.

Нядаўна сталічныя дэкаратары адзначыліся вынаходніцтвам: агароджу навагодняй ёлкі на плошчы Незалежнасці ўпрыгожылі чырвона-зялёнымі гілямі, і нават на грудкі сінічак чамусьці дабавілі чырвона-зялёных колераў.

«Салідарнасць» паглядзела, ці даўмеўся хто-небудзь дабавіць празмерна патрыятызму ў іншыя святочныя элементы.

***

На навагодніх кірмашах, якія ўжо разгарнуліся ў сталічных універмагах і ва ўсіх будаўнічых супермаркетах, вочы разбягаюцца ад святочная атрыбутыкі: электрычныя гірлянды, цацкі, мішура і «дожджык», калядныя гномы і вянкі, светладыёдныя алені, штучныя елкі і дзясяткі варыянтаў Дзядоў Маразоў.

Абсалютная большасць прадукцыі — made in China, а таму колеравыя спалучэнні можна сустрэць самыя неверагодныя, у тым ліку і чырвона-зяленыя. Але пераважаюць не яны, а проста чырвоны, сіні, залаты, белы і чырвона-белы — ва ўсім, ад каўпакоў Санты да драўляных падвесак, інтэр’ерных упрыгожанняў і налепак на вокны.

Шкляныя распісныя цацкі беларускай фабрыкі «Грай» таксама радуюць вока багаццем колеравай гамы. І хоць сёлета гандлёвыя сеткі не рызыкнулі выставіць у продаж белыя шары з чырвоным арнаментам і беларускамоўнымі надпісамі (а такіх ёсць цэлая серыя), аднак і празмернай «чырвонай зелені» таксама няма.

Супярэчлівыя эмоцыі выклікае хіба цацка-калядны вянок, падазрона падобная да дзяржаўнага герба — затое ўсе звяры і птушкі на шарах нармальныя, гілі — з чырвона-белымі грудкамі, Дзед Мароз — у чырвоным футры і варажках, без аніякіх ідэалагічных вынаходніцтваў.

***

На Камароўскім кірмашы Дзеда Мароза і ёлку, пераматаную мішурой крыж-накрыж, бы кулямётнай стужкай, «пасадзілі» паверх адключанага фантану, які на зіму закрылі вялізным чырвона-зялёным палатном. Але зверху ўсё гэта добра засыпала снегам, таму патрятычнага вау-эфекту не атрымалася.

Побач, ля цэнтральнага ўваходу — яшчэ адзін Дзед Мароз, які абдымае зялёную ці то ёлку, ці то мех з падарункамі. Незразумела, чаго імкнуліся дасягнуць афарміцелі, аднак канструкцыя атрымалася змрочная і зусім не святочнага кшталту. А вось тутэйшая ёлка нейтральная, у бела-бэзавай гаме.

На сезонным кірмашы гародніна і садавіна саступіла месца навагодняму дэкору — што праўда, займае ён усяго адзін сектар. Тут таксама практычна ўся прадукцыя родам з «братняга Кітаю» і чырвона-зялёнай гамы амаль не бачна.

— Бярыце серабрыстую мішуру і белыя агеньчыкі, не памыліцеся, — раяць замерзлыя гандляры, — да белага ўсё добра пасуе.

Пакупнікі, кажуць, найбольш разбіраюць звычайныя гірлянды — белыя, блакітныя і рознакаляровыя з 6 рэжымамі, а таксама монахромныя гірлянды-«шторы», якія можна расцягнуць на ўсё вакно, і белыя ці блакітныя наклейкі на вокны. Ёсць парачка аляпаватых каляровых — зялёны алень у чырвоных санках, крываваты снегавік — але яны нікога не прывабілі.

***

«Галоўную» ёлку на Кастрычніцкай плошчы яшчэ манціруюць, упрыгожаная яна ў звыклай чырвона-залатой гаме і пакуль нічым асаблівым не вызначаецца — хіба на светладыёднай сетцы плануюць дэманстраваць якія-небудзь патрыятычныя карцінкі.

З іншых вулічных ёлак варта адзначыць канструкцыю каля Нацыянальнай бібліятэкі, густа абвешаную цацкамі-валошкамі (дзякуй, хоць без буслоў), і ёлку каля філармоніі — дакладней, яе агароджу, састаўленую з белых і чорных фрагментаў-карцінак горада. Мабыць, так не планавалі — але атрымалася «па схеме бчб» — белы-чорны-белы.

Зазіраем таксама на Галоўпаштамт — царства віншавальных паштовак і канвертаў. Уражанні з большага прыемныя: ці не палова картак — беларускамоўныя, у яркіх святочных колерах, зноў жа, з біялагічна правільнымі колерамі сінічак, зайцоў і гілёў.

Чырвона-зялёных «шэдэўраў» — па пальцах адной рукі пералічыць, як і дзіўных канвертаў кшталту «100 год беларускай пракуратуры» і «2022 — год гістарычнай памяці» (шчыра цяжка ўявіць, каб хто-небудзь, акрамя дзяржведамстваў, адправіў у такім канверце ліст любога зместу).

Ёсць таксама і рэчы, якія ўжо сталі гісторыяй — напрыклад, канверты з партрэтамі медалістаў ХХV Зімовых Алімпійскіх гульняў — хто ведае, калі Беларусь зноў возьме ўдзел у галоўных міжнародных спаборніцтвах?

***

Айчынныя кандытарскія прадпрыемствы, мяркуючы па асартыменце падарункаў у крамах, вытрымалі пэўны кампраміс паміж лаяльнасцю і мастацкім густам. 3-4 віды ўпаковак — у падкрэслена «патрыятычнай», чырвона-зялёнай гаме, нават там, дзе гэта не патрабуецца. Усе астатнія — цалкам сабе нармалёвыя: з пернікавымі домікамі, снегавікамі, ёлкамі, коцікамі-зайчыкамі, як сімвал надыходзячага года.

Імаверна, такой жа логікай кіраваліся і вытворцы «дзяжурных» падарункаў — шкарпэтак і футболак. Практычна ў кожнага вядомага брэнду ёсць па 1-2 віды «правільных» шкарпэтак — змрочныя Дзяды Маразы на зялёным фоне, альбо россып зялёных ёлачак на чырвоным — а вось далей ідуць фантазіі на вольную тэму, раз-пораз нават забаўныя.

Дзяржаўныя ўнівермагі паставілі ў аддзелы з навагоднімі сувенірамі «патрыятычныя» вітрыны з абавязковымі саламянымі лялькамі, сцяжкамі, рушнікамі, постацямі зуброў розных памераў і чырвона-зялёнымі попельніцамі з надпісам «Беларусь» на дне (вельмі сімвалічна, насамрэч).

Але на фоне навагодняга буяння фарбаў гэтыя паліцы наўпрост губляюцца — і мы не заўважылі каля іх ніводнага зацікаўленага пакупніка, нават турыстаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.6(12)