Общество
Руслан Горбачев

Ярослав Пясецкий: «Думаю, за терактом стоит намного большее зло, чем эти двое»

Во время теракта в минском метро Ярославу Пясецкому оторвало ноги. Спустя почти год 27-летний мужчина рассказал «Салідарнасці», что он чувствовал, когда пришел в себя, почему сомневается в виновности Дмитрия Коновалова и как живет сейчас.

Дверь в квартиру открыла, как я понял сразу, мама Ярослава. Внутри меня встретил скромно улыбающийся человек. На кухне-гостевой за чаем и конфетами он искренне старался ответить на все вопросы, которые приятными никак быть не могли.

– Ярослав, расскажи немного о себе, какой была твоя жизнь до теракта?

– Я магу па-беларуску размаўляць.

– Выдатна. Давай па-беларуску.

– Нарадзіўся і вырас у Мінску. Маці выхоўвала нас траіх – у мяне ёсць сяcтра і брат. Сваю адукацыю пачаў у гімназіі №20, якая потым стала гімназіяй №8. Пасля 9-га класа пайшоў у Ліцэй БДУ – у хімічны клас. Чаму хімія? Бо мне гэта цікава, хімія мне лёгка давалася, у школе ў падручнік амаль не глядзеў.

Скончыў хімічны факультэт БДУ, паехаў у Магілёў працаваць інжынерам-тэхнолагам цэнтральнай даследчай лабараторыі «Магілеўхімвалакно». Захацелася самастойнасці, свет паглядзець (усміхаеццаР.Г.). Два з паловай гады прапрацаваў у Магілёве.

– Чаму вярнуўся ў Мінск?

– Бо будавалася гэтая кватэра. Сям’я атрымоўвала ільготны крэдыт, банк паставіў умову, мне трэба было тут прапісацца.

Вярнуўся за год да тэракта. Апошняя праца – у кампаніі «Вишнев», хімік-аналітык.

– Узгадай, калі ласка, той дзень тэракту 11 красавіка 2011 года. Як ён прайшоў для цябе?

– Звычайны панядзелак. Прыйшоў на працу на 8.30. Дамовіўся са сваёй дзяўчынай сустрэцца вечарам. Сустрэчу прызначылі на станцыі метро «Кастрычніцкая». Сустракаліся там перыядычна – гэта пасярэдзіне паміж яе домам і маім.

У пяць гадзін скончыў працу. Сеў у метро на станцыі «Магілёўская», надзеў слухаўкі. Сустрэцца мы павінны былі ў шэсць гадзін, я прыехаў раней, таму сеў чакаць на «Кастрычніцкай» на лаву. Здаецца, заўсёды там сядаў… Чалавека, падобнага на Канавалава, ці сумку пад нагамі не бачыў – у метро ні на што не звяртаеш увагу. Побач, здаецца, сядзелі іншыя людзі. Праз хвіліну адбыўся выбух. Гэта было ў 17.53 – я тады на гадзіннік паглядзеў.

– Што памятаеш з моманту выбуху?

– Я сядзеў тварам да платформы. Раптам у вушах – дзыньк! У вачах пацямнела. Адчуў, што падаю назад. Падумаў: усё, п…ц.

Калі пасля страты прытомнасці прыйшоў у сябе, пабачыў дым, святла амаль не было. Зразумеў, што ляжу на спіне (пасля даведаўся, што мяне перакінула на іншы бок платформы). Абмацаў твар. Глянуў, што ў мяне далей па целу – далей нічога не было…

Вырашыў ляжаць, клікаць на дапамогу. Крычаў: «На помощь! Люди, на помощь!».

– Ты адчуваў боль?

– Не. І пазней не адчуваў.

– Іншыя крычалі?

– Не ведаю. У мяне была баратраўма – нічога не чуў. Слых толькі нядаўна аднавіўся. Месяц таму маці яшчэ размаўляла са мною гучна.

…Крычаў 2-3 хвіліны, можа 5. Нарэшце, мяне падабралі.

– Хто?

– Я бачыў толькі столь. Бачыў толькі, як столь мяняецца, зразумеў, што мяне выносяць. Помню, як неслі па эскалатары, помню, як на вуліцы стала холадна. Убачыў неба – шэрае такое… Пагрузілі ў хуткую, задалі некалькі пытанняў. Спыталі хто такі, у выніку ў спісы патрапіў спачатку не як Пясецкі, а як Яіцкі. Пасля, відаць ад страты крыві, мяне вырубіла. Адчуў, як мяне павезлі і ўсё знікла…

– У наступны раз прыйшоў у сябе пасля аперацыі?

– Значна пазней пасля аперацыі. У бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі мяне на восем дзён пагрузілі ў хімічную кому, каб я не адчуваў болю. Пасля важна было зразумець, дзе рэальнасць – мне працягвалі нешта капаць. Двое сутак у мяне была тэмпература ў 40 градусаў, я быў на мяжы.

Пабачыў маю Таню. Пазней, калі мы з ёй размаўлялі, яна сказала, што гэтай сустрэчы ў рэальнасці не было…

Калі мяне канчаткова вывелі з комы, то на наступны дзень зноў паклалі пад наркоз і на аперацыю.

– Колькі аперацый ты ўсяго перажыў?

– Адразу пасля тэракту мне ампутавалі дзве нагі да каленаў. Пасля ўкарацілі левую: ампутавалі калена. Усяго ў красавіку ў мяне было 9 аперацый: 11, 13, 15, 18, 20, 22, 25, 29 і 30 чысла. Затым яшчэ адна была 10 чэрвеня.

– Сэксуальная сіла ў цябе захавалася?

– Так.

– Калі наступіў той момант, калі ты цалкам усвядоміў, што не маеш абедзвюх ног?

– Я зразумеў гэта яшчэ ў метро. Ніякага здзіўлення і страху не адчуваў. Мне было папярэджанне, што ног у мяне не будзе. Задоўга да тэракту, летам. Не памятаю, ці то прымроіў, ці то ўбачыў у сне: ляжу на ложку і мне адпільваюць ногі з гэтым ложкам.

…Толькі я думаў, што гэта адбудзецца па-іншаму: у аварыі, напрыклад. А тут тэракт.

Дактары думалі, што Яраслаў не ведае, што ў яго няма ног. Калі яго выводзілі з комы, яны мне сказалі: мы яму яшчэ нічога не паведамілі. Яны думалі, што паколькі Яраслаў нармальна выглядае, то ён не ў адэкваце, не ўспрымае сітуацыю. А ён усё ведаў. (Наталля Паўлаўна Букач, маці Яраслава Пясецкага)

– Каго ў рэальнасці ты пабачыў з блізкіх першым пасля тэракту?

– Бацьку.

– І што ты яму сказаў?

– А я не мог размаўляць. У мяне быў апёк легкіх, мне зрабілі трахеатамію – уставілі ў трахею трубку. Пісаць таксама не было чым – меў апёк рук. Вачыма толькі міргаў, калі трэба было адказаць «так».

Трубку дасталі з трахеі праз два тыдні, тады змог загаварыць.

– Што за гэты год для цябе было самым цяжкім?

– Самым цяжкім было ляжаць у гіпсе (смяеццаР.Г.). Ён цягнуўся ад грудзей аж да самых ног. Вялікі, цяжкі, я не мог паварушыцца, сагнуцца. Паварочвалі на бок мяне іншыя.

– А ў маральна-псіхалагічным плане?

– Дні глюкаў, калі я не ведаў дзе я, дзе рэальнасць, дзе астатнія людзі. Калі прыйшоў у сябе і зразумеў дакладна – вось гэта я, вось гэта дактары, вось мяне лечаць – стала нашмат лягчэй.

– Ампутаваныя ногі адчуваў?

– І зараз ёсць такое. Дактары сказалі, што гэта назаўжды. Я адчуваю, што яны ёсць, баляць, чэшуцца. Бывае адчуванне, што пасля таго, як ты доўга пасядзеў, нага занямела, колецца.

– Як ты сябе адчуваў, калі цябе наведвалі знаёмыя? Ім жа, відаць, таксама цяжка было цябе ў такім стане бачыць.

– Ды я радасны быў. Прыходзілі калегі па працы, аднакурснікі, сямейнікі. Сапраўды, яны былі моцна ўражаныя. Але нягледзячы на своеасаблівую абстаноўку, іх быццам бы прымагнічвалі, размовы цягнуліся і цягнуліся. Калі ўжо ў мяне падымалася тэмпература, давала пра сябе знаць рана, то мы сустрэчу сканчалі.

Людзі сышлі, я гляджу на Яраслава, а ён ужо ўвесь спацеў, знямогся. Хаця перад гэтым маўчаў, ніякага знаку не падаваў, што яму цяжка размаўляць. (Наталля Букач, маці Яраслава Пясецкага)

– Сачыў за працэсам над Канавалавым і Кавалёвым?

– Не, мне гэта было непрыемна. І на судзе я не выступаў. Сцапалі кагосьці, пачалі судзіць… Хай разбіраюцца.

– Яраслаў, ты сам хімік. Верыш, што Канавалаў мог сам зрабіць такую бомбу?

– Бомбу мог зрабіць хто заўгодна. Інфармацыі зараз у інтэрнэце дастаткова. Але каб быць такой сволаччу, каб гэта зрабіць… Што павінна было ў яго галаве зламацца, каб ён яе падклаў… Не ведаю. Калі ў Расіі такое адбываецца, я яшчэ разумею, краіна пастаянна з кімсці ваюе, нехта можа тачыць на яе зуб. А ў нас хто? Мне, як нармальнаму чалавеку, гэта незразумела.

– Як лічыш, чаму Канавалаў адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні?

– Гэта яго асабістыя справы. Мне гэты чалавек незразумелы, як і сам працэс.

Калі справа дайшла да таго, каб вынесці смяротную кару гэтым абаім, я і маці падпісалі ў інтэрнэце петыцыю за адмену смяротнага пакарання.

– Чаму ты падпісаў гэтую петыцыю?

– Я думаю, што гэта занадта малыя малакасосы, каб учыніць такое. Думаю, за тэрактам стаіць больш вялікае зло, чым гэтыя двое. Можа, да прыкладу, ім заплацілі: а занясі-ка ты хлопчык сумачку вунь туды…

Пастаў каля мяне дакладна вінаватага – сам задушыў бы. А калі ўзнікаюць сумненні… не магу сказаць, што яны вінаватыя.

– Дзе была ў момант выбуху твая дзяўчына?

– Яна, калі накіроўвалася на сустрэчу са мной, затрымалася: не змагла сесці ў перапоўненую электрычку. Дзякуй богу. Да «Кастрычніцкай» Таня прыехала з плошчы Якуба Коласа па версе. Там пабачыла сцэну ўратавання ахвяр. Яе фатаздымак з заплаканым тварам пасля быў на сайце Бі-бі-сі.

– Твая траўма змяніла вашыя адносіны?

– Не. Усё як было, так і засталося. Да тэракту мы сустракаліся паўгады.

– З кім ты жывеш?

– Я, мама і брат. У нас двухпакаёвая кватэра з кухняй-гасцёўняй.

– На вуліцу выбіраешся?

– Самастойна не. Дом наш пад мае патрэбы абсалютна не прыстасаваны. Ні пандусаў няма, ні іншага. У доме насупраць гэта ёсць, там кватэры адведзеныя для сем’яў з інвалідамі, а ў нас на гэтую сітуацыю не разлічвалі...

Калі брат дома, то можа мяне выкаціць. Мы з ім ездзілі на першы кантрольны здымак, на Новы год да сястры ў госці – у суседні дом на 10-ты паверх (усміхаеццаР.Г.).

У плане самаабслугоўвання навучыўся мне дапамагаць. Пакуль я дачапаю, ён вакол мяне пракаціцца туды-назад. (Наталля Букач, маці Яраслава Пясецкага)

– Які ў цябе зараз распарадак дня?

– Як прачынаюся, сядаю ў крэсла (яго даў «Чырвоны крыж»). Напачатку гэта было маёй марай – сесці ў крэсла самастойна. Пасля гіпсу не мог нават сагнуцца. Першы раз як сеў у крэсла, зладзіў сабе экскурсію па кватэры (усміхаеццаР.Г.). Бо як гіпс быў, занясуць мяне, пакладуць на ложак – і ўсё, ляжу...

Зараз пры наяўнасці безлімітнага інтэрнету можна шмат чым заняцца. Гуляю, фільмы качаю. На чытанне не хапае цярпення. Толькі кароценькае нешта чытаю: навіны альбо каментары.

Калі Таня перад працай прыходзіць, раблю ёй сняданак.

– Што далей у плане здароўя?

– Праз месяц кантрольны здымак. Затым буду думаць пра пратэзы. Ногі ў мяне нармальныя, пад пратэзы падыйдуць. Адзін пратэз будзе таннейшы, другі даражэйшы (смяеццаР.Г.).

– Грошы на іх ёсць?

– У другой палове жніўня ўлады далі нам грошы – гэта была даволі значная сума. Тое, што народ сабраў, пералічылі нам на рахунак, тое, што выдзеліў Мінгарвыканкам – пакуль ў Мінгарвыканкаме. Гэтыя сродкі пойдуць на пратэзы. Прыходзілі з пратэзнага заводу, мерку знялі. Пра грошы пытанне яны не падымалі.

– Сітуацыя, ў якую ты трапіў, змяніла цябе?

– Дрэнна не.

– А як?

– Я хаця б раслабіўся, што на працу ісці не трэба (смяеццаР.Г.). Не трэба рана ўставаць, кудысці перціся. Праўда, на вуліцу не трапіць… будзе ж вясна, лета. Трэба будзе неяк умудрыцца туды выбрацца.

– Якая ў цябе зараз мэта?

– Стаць на ногі і пайсці на працу. Хочацца, каб усё стала як раней.