Политика

Ярмошына назвала магчымыя даты прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла Свабодзе, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі мусяць адбыцца не пазьней за 30 жніўня 2020 году, а выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — не пазьней за 6 верасьня 2020 году.

Розьніца — усяго адзін тыдзень.

— У беларускім заканадаўстве існуе толькі тэрмін «не пазьней за». Гэта значыць, праводзіць выбары пазьней за гэтыя даты нельга. А раней можна. А вось наколькі раней, у заканадаўстве не прапісана, — тлумачыць старшыня ЦВК.

Лукашэнка назваў 2019 год «перадвыбарным»

Сёньня Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці краіны ў 2019 годзе назваў сёлетні год «перадвыбарным».

— Шмат пра гэта гаворыцца і пра тое, што гэта перадвыбарны год — гэта сапраўды так. У нас дастаткова пытаньняў, якія трэба вырашаць лепей, чым яны вырашаюцца цяпер, — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

Калі Лукашэнка называе 2019 год перадвыбарным, ці магчыма, што абедзьве выбарчыя кампаніі пройдуць у 2020 годзе? На гэтае пытаньне Лідзія Ярмошына адказала:

— Можа, так, а мо і не. Дапускаю, што адны выбары могуць адбыцца ў канцы гэтага году, а другія ў 2020-м. Я па-ранейшаму лічу, што дзьве выбарчыя кампаніі трэба разьвесьці па розных гадах. Але паколькі Цэнтральная выбарчая камісія не прызначае выбары, то вырашаць усё будуць кіраўнік дзяржавы і парлямэнт. Думаю, што ўсё стане вядома ў красавіку, калі прэзыдэнт выступіць з традыцыйным пасланьнем да народу і парлямэнту.

Паводле Ярмошынай, супрацоўнікі ЦВК цяпер рыхтуюць пакеты дакумэнтаў на абедзьве выбарчыя кампаніі, незалежна ад таго, якая стане першай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(26)