Коктейль

Дар’я Клюйко, фота Дар’я Буракіна, LADY.TUT.BY

Яркія беларускі чытаюць творы на роднай мове

«У мовы ёсць шанец».

Колькі спрэчак даводзілася чуць пра беларускую мову наконт таго, «патрэбная яна ці не». Дагэтуль некаторыя лічаць, што «з задавальненням мовай карыстаюцца толькі людзі вельмі сталага ўзросту, якія жывуць у вёсцы».

Сённяшнія гераіні — цiкавыя i паспяховыя асобы рознага ўзросту і заняткаў — у Дзень роднай мовы дзеляцца з чытачамі TUT.BY сваімі ўлюбёнымі творамі на беларускай мове, а таксама расказваюць, чаму карыстанне мовай для ніх — асаблівы гонар і радасць.

Гэты матэрыял — чарговы з праекта «Аўтары», прысвечанага юбілеям беларускіх літаратараў. Ён зроблены разам з A1 ў рамках ініцыятывы #ЛітаратурА1. Спадзяемся, гераіні натхняць вас бліжэй пазнаёміцца з айчыннай класікай, калі вы гэтага яшчэ не зрабілі.

Крысціна Дробыш — актрыса

«Я пісала вершы на беларускай мове. Не толькі пра сардэчныя пачуцці, а яшчэ і пра любоў да радзімы»

— У Дзень роднай мовы я чытаю верш Сяргея Грахоўскага «Як я жыў да цябе». У віры сённяшніх падзей, калі ўсё вельмі складана, хацелася нагадаць пра простыя чалавечыя пачуцці, якія ў гэтым віры мы часта, нажаль, забываем. Цеплыня, дабрыня, каханне, любоў адзін да аднаго адыходзяць на другi план, але ўсё ж такі яны заўсёды застаюцца з намі.

У мяне быў доўгі шлях да беларускай мовы. Я — дзвюхмоўны чалавек, які заўсёды размаўляе на той мове, на якой складаецца размова. Мае бацькі родам з вёскі, і мае бабулі і дзядулі заўсёды размаўлялі на «мове», няхай і не на зусім дасканалай. Яны наўрад ці думалі аб тым, на якой мове яны гавораць: таму што сенцы — гэта сенцы, а ганак — гэта ганак. Як інакш?

Першае каханне з мовай адбылося ў дзяцінстве. Не ведаю чаму, але пачынаючы недзе з 6-га класа школы мяне вельмі натхнялі ўрокі беларускай літаратуры. Асабліва я любіла творы Васіля Быкава, хаця сёння разумею, што тады абсалютна нічога ў іх не разумела, не бачыла глыбіні. Але ж чамусьці западалі ў душу быкаўскія радкі.

Натхненная, я пачала пісаць юнацкія вершыкі: іх пішуць многія падлеткі, але я пісала на беларускай мове. Не толькі пра сардэчныя пачуцці, а яшчэ і пра любоў да радзімы.

«Мае асабістыя лайфхакі ў вывучэнні мовы — гэта музыка і чытанне»

Потым нашы шляхі з мовай неяк разышліся. Скончыла школу, паступіла ў тэатральную акадэмію, дзе калі-некалі іграла на мове. І вось, я — актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Зразумела, я проста не магла дазволіць сябе, права не мела не ведаць дасканала мову. Для мяне гэта быў вельмі крытычны момант, калі са сцэны я размаўляю на мове, а ў рэальным жыцці двух слоў звязаць не магу.

Пачала паглыбляцца ў тэму і праз некаторы час ужо дала сваё першае інтэрв’ю на беларускай мове. Для мяне гэта было быццам бы пасведчанне аб тым, што нейкая прыступка ўжо пройдзена, і я больш упэўнена магу сябе адчуваць, размаўляючы на беларускай мове.

Мае асабістыя лайфхакі ў вывучэнні мовы — гэта музыка і чытанне. Чытайце кнігі, беларускую літаратуру. А калі пачуеце, што наша літаратура мрочная — дык гэта няпраўда.

Так можа сцвярджаць толькі той, хто зусім не ў тэме. Добра, не падабаецца беларуская літаратура — дык існуе шмат цудоўных перакладаў сусветнай літаратуры: сучаснай і не вельмі.

Ну і музыка. Столькі крутых трэкаў запісваецца на беларускай мове, вы нават не ўяўляеце. З нядаўняга мяне вельмі уразіў беларускамоўны кавер на адну з вядомых песень Сцінга. А калі песня падабаецца, то яна пачыные пастаянна круціцца ў цябе ў галаве — ведаеце як гэта бывае.

І ў нейкі момант ты разумееш, што пачаў думаць на мове. Віншую — ты папаў. Толькі трэба зрабіць гэты першы крок — і паняслося.

«Калі наша музыка, тэатральныя пастаноўкі, кіно і літаратура будуць якаснымі, тады ўсё адбудзецца само сабой»

Цікава, але мне здаецца, што колькі чалавек размаўляе на беларускай мове — столькі ж і розных моў у іх атрымоўваецца. Бо ў беларускай мовы вельмі шмат адценняў і нюансаў. Кожны валодае ёй па-свойму і гэта цудоўна.

А яшчэ наша мова — надта жывая. З нядаўняй агаворкі майго калегі атрымалася новае дзіўнае слова, якое вельмі мне падабаецца: «пяшчочына». Яно для мяне такое разнастайнае, такое цёплае, і, здаецца, не перакладаецца ні на адну мову ў свеце. І гэта вельмі добра, калі ўзнікаюць такія яскравыя моманты словаўтварэння: гэта значыць, што мова жыве.

Мова дала мне працу. Працу у тэатры, працу ў агучцы фільмаў, рэкламы і кніг для дзяцей. І я ў гэтым выдатны спецыяліст, які валодае голасам і мовай адначасова.

Так што ў нас з беларускай мовай больш пазітыўных момантаў, чым негатыўных. Хаця розныя выпадкі здараліся. Мне казалі: «Разговаривай на нормальном языке» ці «Ты звар’яцела? Навошта вядзеш інстаграм на беларускай мове?». Не звяртаю на гэта ўвагі. Кожны мае права на асабісты погляд, і я — таксама. Таму працягваю рабіць сваю справу далей.

Я часта бачу, нават у стужцы каментарыяў пад сваімі публікацыямі, калі хтосьці з пенай у роце даказвае, што трэба ўсім пагалоўна вучыць мову. Але, маё меркаванне такое: кожны мае права размаўляць на той мове, на якой яму больш зручна і блізка.

Іншая справа, што насамрэч шмат людзей хацела б пачаць размаўляць на беларускай мове, і ім трэба дапамагчы зрабіць першы крок. Але ні ў якім разе не прымусам, а праз выразныя сродкі мастацтва: тэатр, літаратуру, музыку.

І калі наша музыка, тэатральныя пастаноўкі, кіно і літаратура будуць якаснымі, а беларуская агучка для замежных фільмаў будзе зроблена прафесійна — тады ўсё адбудзецца само сабой. І будзе ўжо «не смешна слухаць», як хтосьці мне казаў, а звычайна. Як казалі ў «Пане Тадэвушы»: «Хай сэрцам выбірае, не трэба прымушаць».

Наталля Бібікава — журналіст, аўтар праекта «Годныя культурныя навіны»

«Пасля «Дзікага палявання караля Стаха», я «падсела» на творы Караткевіча пажыццёва»

— Я — дзяўчынка з вёскі: Алёхнавічы і Дубравы — мае родныя мясціны. Канешне ж там заўсёды размаўлялі на трасянцы, але больш на беларускай трасянцы. Таму родная мова заўсёды была ў маім жыцці.

«5 лыжак заціркі» Змітрака Бядулі — маё першае і моцнае ўражанне ад беларускай літаратуры. Мяне малую гэтае невялічкае апавяданне кранула да самага сэрца і я вельмi перажывала за яго герояў: як яны чакалі сваёй заціркі, нарэшце дачакаліся, а потым гадкая суседка з’ела іх 5 лыжак. Ой, балюча было неверагодна. (Усміхаецца) .

Ведаеце, потым, ужо ў дарослым жыцці, я перачытала гэтыя «лыжкі». І са здзіўленнем заўважыла, чаго ў дзяцінстве, канешне ж, не бачыла. Што акрамя гэтых кранальных малых і гадкай Сцёпчыхі, у апавяданні ёсць яшчэ вельмі глыбокія філасофскія высновы. Калі яны чакалі сваю зацірку і дачакаліся, Бядуля піша:

«Шчасце не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце…»

А калі яны згубілі 5 лыжак сваёй ежы:

«Няшчасце не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да няшчасця і свой асобны погляд на самое няшчасце».

Гэта ж дакладна пісалася для дарослых. І гэта было мае адкрыццё. Дарэчы ў Бядулі ў гэтым годзе юбілей са дня нараджэння. Добрая нагода перачытаць творы гэтага аўтара.

Ну і, канешне ж, я вельмі люблю кнігі Караткевіча. Мне было 16, калі я самастойна прачытала «Сівую легенду». Не тое, што «ў школе прахадзілі», а сама вырашыла і прачытала. Потым было «Дзікае паляванне караля Стаха», пасля якога я «падсела» на творы Караткевіча пажыццёва.

«Часта кажуць, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, але для мяне гэта гучыць хутчэй як адгаворка»

Мая бабуля Броня, якая працавала настаўніцай, вывучыла мяне чытаць і пісаць па-беларуску. Шмат нашых казак мне расказвала. А зараз ужо я абавязкова кожны вечар чытаю свайму сыну Максіму беларускую казку.

Ці мы знаходзім штосьці цікавае ў інтэрнэце і слухаем: таго ж Маляваныча або Ганну Хітрык, якая чытае беларускамоўныя казкі на сваім канале. Не скажу, што дзякуючы гэтаму Максім вывучыў мову дасканала, але ён усё разумее. І калі потым яму ўдаецца на працягу дня ўвярнуць у гутарку некалькі сказаў па-беларуску, то ён вельмі задаволены:

— Мам, я ўсё правільна сказаў?

— Так.

Яму сапраўды гэта шчыра падабаецца.

У сям’і мы не размаўляем увесь час на беларускай мове. І я зараз думаю: сапраўды, а чаму? Дачка дасканала размаўляе. Бацька Максіма — мой муж — таксама добра ведае мову, бо Андрэй (акцёр Андрэй Бібікаў. — Заўв.рэд.) доўгі час працаваў у Рэспубліканскім тэатры Беларускай драматургіі. А там — усе спектаклі ідуць выключна на беларускай мове.

Ды і сама я столькі праграм стварыла, столькі фільмаў зняла, столькі тэлевізійных эфіраў у мяне па-за плячыма — і ўсе яны былі на беларускай мове. Я рабіла гэта і мне вельмі мая праца падабалася.

Але чамусьці ў звычайным жыцці працягвала размаўляць на рускай мове. І гэта дзіўна. Часта кажуць, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, але для мяне гэта гучыць хутчэй як адгаворка. Мы павінны гаварыць на мове, думаць на ёй.

Ведаеце, ёсць нават такое даследванне, што ва ўсім свеце беларуская мова па сваёй мілагучнасці саступае толькі італьянскай. А на тое, што часам да беларускамоўных ставяцца такім чынам: «Аааа. Всё ясно — свядомый!» — не трэба звяртаць увагі.

У праекце да Дня роднай мовы я чытала верш Цёткі «Скрыпка». Ён вельмі складаны па рытміцы, але там ёсць вельмі прыгожая метафара. Калі ты не можаш маўчаць, але не можаш і свабодна сказаць усё тое, што ў цябе на сэрцы, то застаецца толькі граць.

Бо праз мастацтва ты можаш выразіць сваю думку яшчэ больш моцна, больш выразна. І вось такое выказванне — без слоў, а толькі з дапамогай музыкі, жывапісу — будзе мець сапраўды значны ўплыў на людзей. Вось пра гэта верш Цёткі. І я вельмі старалася прачытаць яго так, каб слухачы прачулі той сэнс, той пасыл, які ўкладзены паэткай.

Надзея Кішкурна — студэнтка ліцэя БДУ

«З самага майго дзяцінства ўсе ўмовы спрыялі таму, каб я выдатна размаўляла на беларускай мове»

— Яшчэ нядаўна я была ў лагеры тых людзей, якія казалі: «Беларуская мова? Што гэта? Не, нецікава, непрыгожа, як яе можна любіць?». Але калі я патрапіла ўпершыню ў свой ліцэй — на падрыхтоўчыя курсы — то пасля першых жа заняткаў цалкам змяніла сваё стаўленне да мовы і свой пункт гледжання.

Больш скажу, я да гэтага ніколі ў сваім жыцці не адчувала, што чымсьці магу так захапіцца, як беларускай мовай і літаратурай. Мне захацелася даведацца значна больш, чым я ведала дагэтуль.

Атрымліваецца, што справа была не ў тым, якая насамрэч беларуская мова ці літаратура — добрая або кепская. А ў тым, як яе падаюць.

Зараз я адчуваю тую вялікую розніцу паміж выкладаннем беларускай мовы ў маёй старой гімназіі і тут — у ліцэі. Да таго ж я не памятаю беларускамоўных людзей у гімназіі, а тут уся кафедра беларускай мовы сапраўды на мове размаўляе, як і многія нашы ліцэісты таксама.

І гэта вялікае шчасце і вялікая радасць, што зараз я знаходжуся менавіта ў ліцэі БДУ і маю гонар тут вучыцца. Ад поўнага непрымання мовы я перайшла да любві да яе.

Але, насамрэч, з самага майго дзяцінства ўсе ўмовы спрыялі таму, каб я выдатна размаўляла на беларускай мове: мая маці вельмі добра валодае ёй, як і мой тата.

А мая цудоўная бабуля, бацькава маці, дык яна ўвогуле з Палесся: а там размаўляюць так дзіўна, што адразу і не разумееш на якой мове, да таго яна ні на што не падобная. І гэта таксама вельмі цудоўна, цікава, але чамусьці я дайшла да такога разумення толькі ў 14−15 год.

Зараз для мяне беларуская мова — тая пляцоўка, якая аб’ядноўвае людзей, якая дапамагла мне знайсці аднадумцаў, сяброў і тое, што для мяне сапраўды цікава.

«Для мяне Уладзімір Караткевіч — гэта Джоан Роўлінг да таго часу, як яна стала мэйнстрымам»

На праекце да Дня роднай мовы я чытала ўрывак з «Ладдзі роспачы» Уладзіміра Караткевіча: «Рабі нечаканае, рабі як не бывае». Гэта мая любімая кніга. Ведаеце, я ніколі нічога падобнага дагэтуль не чытала. Ні ў аднаго пісьменніка.

Мне вельмі падабаюцца кнігі Мікалая Гогаля — круты аўтар. Але калі я прачытала «Ладдзю», то зразумела, што для мяне гэта любоў на ўсё жыццё. Неверагодная гульня са смерцю ў шахматы проста нікога не можа пакінуць абыякавым.

Цяжка растлумачыць, хто такі Караткевіч тым, хто ніколі дагэтуль не быў знаёмы з яго творчасцю. Але я ўсё ж такі паспрабую. Калі параўноўваць, то для мяне Уладзімір Караткевіч — гэта Джоан Ролінг (аўтар серыі кніг пра Гары Потэра, адна з найвядомейшых пісьменніц свету. — Заўв.рэд.) да таго часу, як яна стала мэйнстрымам.

Пісьменніца вельмі простай мовай распавядае пра дужа складаныя рэчы. І ў Караткевіча таксама так. Як і ў «Гары Потэры», у «Ладдзі» можна ўбачыць выключна гісторыю пра прыгоды, а калі капнуць глыбей — знойдзецца вельмі значны філасофскі падтэкст.

«Рабі нечаканае, рабі як не бывае» — невялічкі ўрывак, але я спадзяюся, што пасля прагляду роліка людзі па меншай меры зацікавяцца: «А што гэта за твор? Смерць гуляе ў шахматы? Незвычайна!».

І мабыць прачытаюць «Ладдзю роспачы», а потым усяго Караткевіча ўвогуле. А нехта, магчыма, як і я аднойчы, зменiць сваё меркаванне наконт нашай мовы.

«Шляхціца Завальню» можна так экранізаваць, што потым сервіс Netflix з задавальненнем выкупіць права на трансляцыю»

Я казала пра тое, як важна сустрэць добрага настаўніка. Але ж гэта не абавязкова павінен быць менавіта настаўнік. Гэта можа быць хтосьці з твайго асяроддзя: бацькі, сваякі, сябры ці нават публічная асоба, думкі якой ты падзяляеш.

І таму падчас свайго ўдзелу ў праекце я старалася чытаць так, каб можна было прачуць, як я асабіста ўспрымаю гэты свет. Такі падыход дакладна працуе.

У мінулым годзе на Тыдні роднай мовы да нас у ліцэй завіталі музыкі: Зміцер Вайцюшкевіч, Андрусь Такіданг і Кацярына Ваданосава (яе песні асобны цуд) — і пасля іх шчырых выступаў я яшчэ больш закахалася ў мову.

Зараз мне хочацца стаць рэжысёрам і экранізаваць на беларускай мове творы беларускіх аўтараў. Напрыклад, «Шляхціца Завальню». Чаму не? Гэта ж можна так экранізаваць, што потым сервіс Netflix з задавальненнем выкупіць права на трансляцыю.

Мне падаецца, што негледзячы на тое, што адбывалася ў нас з мовай у не такія далёкія 30-ыя гады мінулага стагоддзя, калі сёння існуюць людзі, якія любяць і шануюць беларускую мову, працуюць на ёй, то ў мовы ёсць шанец. Ва ўсіх у нас ёсць шанец.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)